Калдун выйшаў у фінал без усялякага чарадзейства

№ 19 (785) 12.05.2007 - 18.05.2007 г

Цягам чацвярга разоў дзесяць давялося чуць ад сямейнікаў, сяброў ды калег-журналістаў адно і тое ж пытанне: пройдзе ці не? Вядома ж, хацелася, каб прайшоў, але ж прагноз адносна вынікаў “Еўрабачання” вельмі непрадказальны. Па-першае, нумар спевака лепш за ўсё ўспрымаць менавіта ў “гатовым” сцэнічным выглядзе — як гэта, зрэшты, і робяць працэнтаў 90 гледачоў. Па-другое, як і на кожным спаборніцтве, шмат што залежыць ад агульнага ўзроўню ўдзельнікаў. І па-трэцяе, конкурс ёсць конкурс.

 /i/content/pi/cult/114/288/Koldun.jpg
Мы ўсе чакалі ад сёлетняга “Еўрабачання” віхуры яркіх эмоцый і вынаходлівых шоу-інтрыг, спаборніцтва смелых ідэй з непрадказальнай развязкай. Паўфінал, аднак, прайшоў без сюрпрызаў, і ён наўрад ці ўвойдзе ў гісторыю поп-музыкі. Тыя нядаўнія часы, калі падчас паўфінальных канцэртаў публіку “рвалі” Руслана, “Zdob si Zdub” або “Lordi”, згадваюцца з лёгкай настальгіяй. Здавалася б, уздым агульнай цікавасці да “Еўрабачання” мусіў быў стымуляваць выканаўцаў “на месцах” ды прымушаць іх вынаходзіць новыя цікавыя хады, узбагачаючы тым самым і ўвесь конкурс. Гэтым жа разам патрабавальны глядач часам лавіў сябе на думцы, што дзея адбываецца не на арэне найбуйнога еўрапейскага фэсту, а на сцэне дэмакратычнага студэнцкага рок-клуба ці, наадварот,— дарагога кабарэ. Ці, яшчэ часцей, — на рэгіянальным аглядзе самадзейнасці — някепскага, зрэшты, узроўню. Інтрыга мінулых паўфіналаў заключалася ў разнапланавасці і нестандартнасці іх удзельнікаў. Гэтым разам неспадзяванак, бадай, не было. Большасць канкурсантаў падзялілася на два лагеры. Першы з іх, як і трэба было меркаваць, прэзентаваў традыцыйны для “Еўрабачання” поп-фармат (асабліва ўразіла ў гэтым плане македонская спявачка Караліна, чый нумар уяўляў сабой цэлы набор звыклых для конкурсу штампаў — музычных, тэкставых, візуальных). Дасягненняў на гэтай ніве сёлета было катастрафічна мала. З агульнага месіва вылучаліся хіба што малдаванка Наталля Барбу, якая парадавала някепскімі вакальнымі дадзенымі, ды мальтыйка Алівія Льюіс, чый прафесіяналізм, зрэшты, не дапамог ёй трапіць у фінал. Праляцеў міма і досыць вядомы нават па сусветных мерках DJ Bobo, які прадэманстраваў наздзіў безаблічны дыскатэчны нумар. 
 

Другі трэнд,наадварот, сфармаваўся зусім нечакана. Калі раней на сцэне “Еўрабачання” раз-пораз мільгала рок-каманда, гэта лічылася падзеяй, вартай абавязковай згадкі. Сёлета такіх каманд было з паўтузіна: і набрынялыя нафталінам хард-рокеры, і зухаватыя поп-панкі, і зусім ужо“гаражныя” хлопцы з Чарнагорыі. Сенсацыі — ніводнай. Сіндром, які прымусіў цэлую плойму краін дэлегаваць на міжнародны конкурс настолькі неадпаведныя яго статусу гурты, у спецыяльнай літаратуры пакуль не апісаны. Таму і нядзіўна, што ў фінальнай табліцы нікому з рокераў месца не знайшлося.  

За рэдкім выключэннем, гэтыя месцы падзялілі тыя, хто прыкметна вытыркаўся з абедзвюх апісаных вышэй катэгорый. Папраўдзе моцным стаў конкурсны дэбют Грузіі— густоўны інды-поп у выкананні спявачкі Сафо гарманічна спалучаўся з нацыянальнай лезгінкай на падтанцоўцы. Оперны вакал Аленкі Готар разам з мінімалістычным, але эфектным аздабленнем нумару залучыў у спіс конкурсных фаварытаў Славенію. Дзяўчаты з Сербіі ды Венгрыі зусім не падобныя да традыцыйных поп-дзіваў— і гэты фактар быў ім толькі на руку. 

Адной з эмацыйных дамінантаў паўфіналу, без сумневу, стала выступленне Калдуна. Ягоны нумар істотна адрозніваецца ад першага, яшчэ мінскага, варыянта “Work Your Magic” з усім яго псеўдамагічным кітчам; няма там і спасылак на адпаведны відэакліп. Спявак адмовіўся ад чужароднага яму іміджа чараўніка-спакусніка, не стаў псаваць свой прыгожы твар грымам — вызваліўшы, затое, адпрыродныя чары. І ад гэтага толькі выйграў. Калдун выглядаў арганічна, ён спяваў не толькі ўсімі фібрамі свайго моцнага глыбокага голасу, але, здавалася, усім нутром. І яму паверылі. Дараваўшы розныя хібы, кшталту англійскага пранонсу — надта ж далёкага да ідэальнага. 

Хтосьці скажа, што поспех спевака рабілі іншыя. І сапраўды, за яго спіной стаіць цэлы штат прафесіяналаў з імем. Але іх высілкі — уключна з доўга анансаваным нумарам, які, аднак, нічым асаблівым не здзівіў,— сталі толькі фонам, на якім выразным сілуэтам праявіўся няўрымслівы характар Калдуна. 

Чуючы, як Дзіма спявае “Yes, I`m willing”, было зразумела: так, ён сапраўды прагне! Таму і перамог. Спадзяёмся, гэтага бляску ўваччу сённяшнім вечарам яшчэ паболее. 

Ілля СВІРЫН