Каб “прайм-тайм” быў апрыёры

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Каментарый з нагоды Карэспандэнт “К” пацікавіўся, якой бачыцца сітуацыя з пракатам айчынных стужак кіраўніцтву Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”:

"Умовы, на якіх здзяйсняецца пракат стужак "Беларусьфільма", цалкам непрымальныя, - зазначаецца, у прыватнасці, у дасланым адказе кіраўніцтва Нацыянальнай кінастудыі. - Кінапракатныя арганізацыі ўзялі за правіла ставіць кінастужкі айчыннай вытворчасці ў нязручны для гледача час. Дзённыя сеансы ў працоўныя дні не могуць быць запоўнены гледачамі. У Мінску пракат стужак "Беларусьфільма" зведзены да мінімуму.

На сённяшні дзень дзяржава аказвае ўсебаковую падтрымку беларускай кінавытворчасці. Кінапракатныя арганізацыі як дзяржаўныя ўстановы на ўзаемавыгадных умовах могуць і павінны ставіць ў роўныя ўмовы пракат беларускіх і замежных стужак, а не дзейнічаць па схеме: "Калі кіно наша - тады можна "для птушачкі" замовіць і паставіць стужку на дзённы сеанс, на які апрыёры гледачы рэдка ходзяць, а ў прайм-тайм лепш паставіць чарговы галівудскі "шэдэўр"...

Са свайго боку, кінастудыя гатова аказваць усебаковую падтрымку і прапаноўваць усю неабходную рэкламную прадукцыю для беларускіх кінапракатных арганізацый, але - на ўмовах узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Спадзяёмся, што кінапракат пойдзе насустрач нацыянальнаму кінематографу, які ў гэтым годзе святкуе 85-гадовы юбілей".