Глядач ідзе! Але не на беларускае...

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Апошнія гады прынеслі беларускім аматарам кіно шмат прыемных момантаў. Па-першае, паступова змяняецца знешні выгляд кінатэатраў, яны атрымліваюць новае абсталяванне, значна ўзбагаціўся іх рэпертуар. У буйных населеных пунктах паход у кінатэатр цяпер стварае рэальную альтэрнатыву вечару, праведзенаму перад тэлевізарам. І, што важна, квіток на сеанс па кішэні літаральна кожнаму даросламу жыхару краіны. Па-другое, актывізаваліся айчынныя кінатворцы. Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” ці не штомесяц радуе новымі мастацкімі стужкамі, не прымушаюць чакаць сябе дакументальныя і анімацыйныя прэм’еры. Прывядзём прыклад: калі тры гады таму на экраны былі выпушчаны толькі дзве мастацкія стужкі, то сёлета можна казаць пра 13 адзінак у год, што набліжаецца да паказчыкаў часоў СССР. Паспяхова асвятляе розныя бакі нашага жыцця РУП “Беларускі відэацэнтр”… Але казаць пра значны росквіт кінагаліны ў Беларусі пакуль зарана. Ні пракат, ні вытворчасць стужак на сённяшні дзень не з’яўляюцца ў нас прыбытковымі. Акрамя таго, на вялікі жаль, сярэднестатыстычны беларус пакуль што аддае перавагу замежнай кінавідэапрадукцыі. Становішча з пракатам беларускага кіно ў айчынных кінатэатрах увесь час знаходзіцца пад пільным кантролем кіраўніцтва Міністэрства культуры рэспублікі, асобным пунктам уносілася ў парадак пасяджэнняў калегіі Міністэрства. На апошнім з іх, дзе ішла гаворка пра вынікі бягучага года ў названай галіне, яшчэ раз гаварылася пра неабходнасць больш дзейснай рэкламы і “прасоўвання” айчыннай кінапрадукцыі на экран. Карэспандэнт “К” вырашыў даведацца, якое месца займаюць беларускія стужкі ў айчынным кінапракаце і якія праблемы стаяць перад тымі, хто прапануе іх гледачу.

 Дзе мяжа рэнтабельнасці?

Да пачатку 1990-х кінапракат заўсёды быў прыбытковай галіной гаспадаркі. Па сёння сярод тых, хто меў дачыненне да кіно ў СССР, ходзіць прыгожая легенда пра трэцяе, пачэснае месца даходаў у дзяржаўны бюджэт, якія прыносіла кінагаліна пасля алкагольнай і табачнай індустрыі. Але яшчэ 20 - 30 гадоў таму кінатэатр не меў канкурэнтаў у выглядзе хатняга відэа, кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання, тым больш, ніхто і не ўяўляў, што з'явіцца Інтэрнет з яго амаль невычарпальнымі магчымасцямі...

Нягледзячы на мноства альтэрнатыў, беларускі кінапракат дынамічна развіваецца. Вялікая роля нал е ж ы ц ь тым выс і л к а м , што робяць органы дзяржаўнай улады па развіцці кінавідэапракатных арганізацый у адпаведнасці з пратаколам даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2007 г. №37. Рашэннямі аблвыканкамаў зацверджаны ўзгодненыя з Міністэрствам культуры краіны праграмы развіцця кінавідэапракатных арганізацый да 2010 года, дзе прадугледжаны мерапрыемствы па рэканструкцыі і рамонце будынкаў, мадэрнізацыі і замене кіна- і гукаўзнаўляльнай апаратуры.

З абласных бюджэтаў выдаткоўваюцца сродкі на цэнтралізаванае набыццё беларускай і замежнай фільмапрадукцыі. Паводле даных Дэпартамента па кінематаграфіі, на вышэйзгаданыя мэты з абласных бюджэтаў у гэтым годзе запланавана выдзяленне сродкаў у памеры 4 008,9 млн. рублёў. Прытым, што для набыцця беларускай кінапрадукцыі за першае паўгоддзе 2009 года кінавідэапракатнымі прадпрыемствамі абласцей і г. Мінска выкарыстана 379,5 млн. рублёў.

Высілкі дзяржавы даюць плён: колькасць наведвальнікаў кінатэатраў па краіне з кожным годам павялічваецца, у кінавідэапракатных арганізацый павышаюцца паказчыкі выканання платных паслуг. Да прыкладу, у мінулым годзе тэмпы росту платных паслуг ад кінавідэапаказу выраслі на 127,2% у параўнанні з 2007 годам. Колькасць гледачоў за гэты ж перыяд павялічылася на 100,3% і дасягнула 14 153,1 тыс. чалавек. За шэсць месяцаў гэтага года тэмпы росту выканання платных паслуг у параўнанні з 2008-м выраслі на 131,3%, а па колькасці кінагледачоў - на 108,3%.

Здаецца, можна толькі радавацца за кінатэатры і іх наведвальнікаў, але бязвоблачную карціну псуюць некалькі акалічнасцей.

На жаль, ніводная з кінапракатных арганізацый краіны не працуе без датацый з бюджэту. Самая паспяховая- УП "Кінавідэапракат Мінгарвыканкама". У рэгіёнах жа справы куды больш складаныя. Адбываецца гэта выключна з эканамічных прычын. Як запэўнівае кіраўніцтва сталічнага кінапракату ў асобе яго генеральнага дырэктара Васіля Коктыша, паказчык рэнтабельнасці цягнуць уніз так званыя "льготныя" і "дзіцячыя" сеансы з іх наўмысна малымі коштамі на квіткі: "Калі б не гэтая акалічнасць, пракат мог ужо сёння працаваць "у плюс". Аднак мы наўмысна ідзём на заніжэнне кошту квіткоў на шэраг сацыяльназначных паказаў, да якіх можна аднесці дзіцячыя сеансы, паказы стужак беларускай вытворчасці, кіналекторыяў і г. д.".

Вялікую частку ў сабекошце паказаў складаюць камунальныя паслугі, іншыя абавязковыя выдаткі. Розніцу, што асабліва важна для рэгіёнаў, кампенсуе дзяржава, тым самым дазваляючы існаваць кінатэатрам у тых населеных пунктах, дзе іх праца загадзя не мае эканамічнай выгоды і куды не накіруюцца інвестары. Гэта асабліва тычыцца райцэнтраў, дзе кінатэатр з'яўляецца вельмі важным асяродкам культуры.

Нават у буйных гарадах кінапракат існуе на мяжы рэнтабельнасці. Таму, напрыклад, узяты прыватнай фірмай у арэнду магілёўскі кінатэатр "Кастрычнік" працаваў толькі паўгода. У маі ён зноў зачыніўся, бо не атрымаў жаданых прыбыткаў.

Эканамічны вынік: "у плюс" і "ў мінус"

Зразумела, пры такіх жорсткіх умовах існавання пракатчыкі не маюць права на памылку і лічаць кожную капейку, што, дарэчы, па цяперашнім часе з'яўляецца абавязковай умовай гаспадарання ў галіне культуры. Эканамічная мэтазгоднасць прымушае беларускі кінапракат арыентавацца на гледача і дзейнічаць у адпаведнасці з яго запытамі. А густы ў нашага гледача амаль не адрозніваюцца ад сусветных: маладыя беларусы ад 14 да 25 гадоў (асноўная, па статыстыцы, частка наведвальнікаў кінатэатраў) аддае перавагу відовішчнай замежнай прадукцыі, пераважна - галівудскай вытворчасці. У апошнія гады да яе дадаліся і добра разрэкламаваныя тэлебачаннем так званыя "блокбастэры" вытворчасці Расіі. Калі паглядзець статыстыку кінапракату 2009 года, то за першае паўгоддзе у беларускіх кінатэатрах было паказана 192 амерыканскія стужкі, 108 расійскіх, 88 еўрапейскіх і 29 беларускіх (розных гадоў вытворчасці). У сталіцы на першых месцах па наведванні ідзе расійская камедыя "Любовьморковь", вельмі хутка яе "даганяюць" містычная казка "Гары Потэр і Прынц-паўкроўка", анімацыйная стужка "Ледавіковы перыяд-3", абедзве - вытворчасці ЗША. Беларускія ж фільмы знаходзяцца далёка не на першых месцах... І сітуацыю не могуць выправіць нават так званыя "арганізаваныя сеансы", да якіх вымушаны звяртацца метадысты кінатэатраў, каб забяспечыць залы гледачамі.

На сённяшні дзень доля гледачоў беларускага кіно ў кінатэатрах складае прыблізна 15%. Але зменлівую крывую глядацкага попыту лепш за ўсё ілюструюць паказчыкі эканамічнай рэнтабельнасці, а не колькасць прысутных на паказе. Кошт правоў на пракат стужкі "Гары Потэр і Прынцпаўкроўка" для аднаго з абласных кінапракатаў склаў каля 450 тыс. расійскіх рублёў (каля 41 млн. беларускіх) за дзве кінакопіі. Па папярэдніх выніках (пракат дадзенай стужкі працягваецца) выручка складае 70 млн. беларускіх рублёў. Кошт правоў на пракат адной з апошніх беларускіх стужак (кінакопія плюс пяць відэадыскаў) склаў 12,6 млн. беларускіх рублёў. За месяц пракату выручка склала 2,6 млн. беларускіх рублёў. Гэткім чынам, эканамічны вынік - мінус 10 млн. рублёў...

Рэкламы шмат не бывае

З часоў славутага "Парку Юрскага перыяду" Стывена Спілберга, фільма, які сабраў адны з самых вялікіх касавых збораў у гісторыі кінематографа, аксіёмай з'яўляецца наступнае: на рэкламу стужкі затрачваецца ці не столькі ж грошай, колькі і на вытворчасць. Акрамя таго, сусветная практыка сведчыць: рэкламай займаюцца не толькі кінатэатры, але і так званыя дыстрыб'ютэры, якія адказваюць за пракат карціны на пэўнай тэрыторыі. Дыстрыб'ютэрам галівудскай прадукцыі з'яўляюцца расійскія кампаніі, якія прадаюць правы беларускім кінапракатным установам. Айчынныя ж стужкі прадстаўляе сам "Беларусьфільм".

- Розніца ў тым, як рэкламуецца беларуская і замежная кінапрадукцыя, - гаворыць Аляксандр Лаўрыненка, кіраўнік "Гомельаблкінавідэапракату". - Рэкламныя кінаролікі галівудскіх і расійскіх стужак прадстаўляюцца маскоўскімі дыстрыб'ютэрамі задоўга да прэм'еры і незалежна ад таго, ці маем мы намер заключыць кантракт. Таксама загадзя і абсалютна бясплатна нам дастаўляюць і друкаваную рэкламную прадукцыю, якая, дарэчы, у апошнія гады набыла вельмі разнастайны выгляд: постэры, флаеры, спецыяльныя стойкі для фае кінатэатра. Рэкламную прадукцыю беларускіх стужак нам даводзіцца рыхтаваць за свой кошт, павялічваючы і так немалыя выдаткі на іх пракат. Можна сказаць, ніякае кіно мы не рэкламуем з такімі высілкамі, як беларускае.

Нешта падобнае можна было пачуць у гутарцы з астатнімі прадстаўнікамі пракатных арганізацый. Справа з рэкламай беларускага кіно і сапраўды пакідае жадаць лепшага. Калі нават проста параўнаць айчынныя прамоўшн-матэрыялы з замежнымі, розніца будзе відавочнай. Рэклама беларускіх стужак пакуль не мае свайго запамінальнага стылю і моцна нагадвае замежныя аналагі.

Да таго ж, нават яркая рэклама не заўсёды прыводзіць да станоўчых вынікаў. За прыклад можна прывесці нядаўнюю стужку Дзяніса Скварцова "Дняпроўскі рубеж", яркія афішы якой упрыгожвалі сталічныя тумбы цягам амаль месяца перад прэм'ерай. Запомніўся мінчанам і дзень прэм'еры карціны, якая, ці не ўпершыню ў найноўшай гісторыі "Беларусьфільма", стала даволі відовішчнай дзеяй. Не дзіва, што зала "Кастрычніка" была запоўнена.

Але вялікіх касавых збораў ад "Дняпроўскага рубяжа" не дачакаліся: у самым сучасным і папулярным сярод мінчан кінатэатры-"мультыплексе" "Беларусь" за тыдзень стужку Дзяніса Скварцова паглядзелі ўсяго каля 1800 чалавек і гэта прытым, што кошт квітка складаў ці не палову ад звычайнага... Тое ж самае адбылося і са стужкай Віталя Дудзіна "Кадэт", якая таксама за тыдзень сабрала каля 800 гледачоў і ішла не толькі на дзённых сеансах. Эканамічныя вынікі ад "Дняпроўскага рубяжу" яшчэ больш сумныя: дзяржава патраціла на стужку каля 6 млрд. рублёў, яшчэ 96 млн. - на набыццё кінакопій і рэкламу выдаткавалі кінапракатныя арганізацыі. Прыбытак жа ад кінапракату склаў... 41 млн. рублёў, гэта значыць, стужка пакуль што акупілася прыблізна на 1,6%...

Тэлебачанне і не толькі

Пэўна, эфектыўны пракат "Дняпроўскага рубяжу" мог працягвацца і больш чым тыдзень, але... умяшалася тэлебачанне. Дакладней, як скардзяцца пракатчыкі, - адцягнула на сябе большую частку патэнцыйнай аўдыторыі. І сапраўды, хто захоча траціць грошы на квіток, калі па тэлевізары тую ж стужку можна паглядзець абсалютна бясплатна? Казаць пра тое, што тэлевізійны паказ прыносіць студыі больш грошаў, не даводзіцца. Бо правы на паказ па беларускіх тэлеканалах могуць пакрыць толькі самую малую частку выдаткаў на вытворчасць стужак.

Зразумець беларускія тэлекампаніі, якія хочуць ставіць у эфір самыя свежыя стужкі, не цяжка. Тым больш, што тэматычна ваенна-патрыятычныя карціны "Беларусьфільма" вельмі падыходзяць для святочнага эфіру. Але, пэўна, трэба ўлічваць і інтарэсы кінапракату, што губляе грошы ад дачаснага паказу стужак па тэлебачанні. Тым больш, існуе сусветная практыка, згодна з якой кінастужкі трапляюць у тэлепраграму мінімум праз год-два пасля пракату ў кінатэатрах і значна пазней - пасля выхаду на дысках і паказаў на кабельным і спадарожнікавым ТБ.

Усім добра вядомы выпадак з глядацкім хітом Міхаіла Пташука "У жніўні 44-га", паспяховы кінапракат якога быў фактычна сарваны пасля ранняга паказу па тэлебачанні. З таго часу прайшло амаль дзесяцігоддзе, аднак становішча фактычна не змянілася.

Іншая справа, калі гаворка ідзе пра стужкі, спецыяльна створаныя для малога экрана. Цікава, што менавіта з апошнімі і звязаны самыя вялікія поспехі "Беларусьфільма" апошніх гадоў. Тэлевізійныя меладрамы "Сяброўка Восень", "Рыфмуецца з каханнем", прыгодніцкія серыялы "У чэрвені 41-га", "Снайпер" выклікалі вялікую цікавасць на расійскім медыя-рынку. Асобныя з іх зноў і зноў паказваюцца на тэлеканалах па ўсім былым СССР. Няцяжка ўбачыць, што тэлевізійная прадукцыя можа стаць пэўнай "палачкай-выручалачкай" для нацыянальных кінатворцаў. Нездарма адзін з самых чаканых праектаў - новы серыял Аляксандра Яфрэмава "Замах". Але стаўка на падобны прадукт, відаць, усё-такі не павінна цалкам замяніць у Беларусі стварэнне стужак для вялікага экрана. Іншая справа - якімі павінны быць гэтыя стужкі.

50 новых на год

- Беларусь - унікальная краіна, дзе захавалася вытворчасць дакументальных стужак сацыяльнай накіраванасці, якія вельмі добра падыходзяць для спецыяльных тэматычных сеансаў, кіналекторыяў, - расказала "К" дырэктар "Віцебскаблкінавідэапракату" Алена Матус. - Калі мы прыязджаем у Расію на кінарынкі, прадстаўнікі мясцовых кінапракатаў заўсёды адзначаюць гэты факт і з задавальненнем набываюць беларускую прадукцыю. Нам у нашай дзейнасці такія карціны, сацыяльныя ролікі таксама вельмі дапамагаюць, бо дазваляюць фарміраваць праграмы па працы з падлеткамі.

Дарэчы, для нармальнага функцыянавання кінапракату трэба закупляць не менш за 50 новых стужак на год. На самой справе, трэба яшчэ больш, бо сучасны патрабавальны глядач хоча мець выбар. Зразумела, што, нават пры самых спрыяльных абставінах, айчынным кінавытворцам задаволіць попыт цалкам будзе не пад сілу, бо цяпер "Беларусьфільм" выпускае 13 ігравых адзінак у год, і нават пасля завяршэння рэканструкцыі гэтая лічба значна не павялічыцца. Дарэчы, і ў "залатыя" для айчыннага кінапракату часы СССР асноўнае месца на экранах беларускіх кінатэатраў займала прадукцыя "Мосфильма", "Ленфильма", "Одесской киностудии" і г. д. Такім чынам, айчынная кінапрадукцыя павінна быць канкурэнтаздольнай, прывабліваць гледача нечым іншым, чым заакіянскія "блокбастэры". Нарэшце, немалаважным з'яўляецца і кошт пастаноўкі, бо стужкі для вялікага экрана патрабуюць немалога бюджэту.

Нашы суседзі-расіяне ўжо не першы год гавораць пра фільмы - "нацыянальныя праекты", стужкі на значныя для жыцця грамадства тэмы, для стварэння якіх акумуляваліся б значныя сродкі. Апошнім часам загаварылі пра такое і на Беларусі. Пытанне аб тым, якім быць нашаму "нацыянальнаму праекту", яшчэ ў стадыі абмеркавання, але большасць спецыялістаў сходзіцца на тым, што айчынны глядач з цікавасцю ўспрыме стужку на гістарычную тэматыку. Балазе станоўчы досвед з "Анастасіяй Слуцкай" ужо ёсць.

Ну і, канешне ж, не абысціся без адпаведнага падыходу да дыстрыб'юцыі і рэкламы. З'яўленне для гэтага на Беларусі асобнай структуры - пытанне спрэчнае. Але тое, што "прасоўваннем" стужак да гледача павінны займацца прафесіяналы і на гэтую справу трэба выдаткоўваць куды больш сродкаў, сумненняў няма. "Першай ластаўкай" новага падыходу можна лічыць рашэнне рыхтаваць рэкламныя кінаролікі будучых стужак не менш чым за два месяцы да прэм'еры. Спадзяёмся, не прымусяць сябе чакаць у Беларусі іншыя формы працы па рэкламе фільмапрадукцыі, даўно прынятыя ва ўсім свеце. Улічваючы новыя тэхнічныя магчымасці студыі і відавочны рост мастацкай якасці беларускіх стужак, айчынным кінавытворцам пад сілу працаваць больш эфектыўна.