Стары-новы дом для лялек

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Засталіся лічаныя дні да адкрыцця новага сезона Магілёўскага абласнога тэатра лялек, які рыхтуецца да прэзентацыі шэрагу прэм’ерных пастановак. У той жа час працягваюцца рэстаўрацыя і рамонт самога будынка тэатра, помніка архітэктуры канца ХIХ стагоддзя.

Як адзначылі ў тэатры, у снежні гэтага года плануецца закончыць работы ў старадаўнім будынку, дзе будзе знаходзіцца адміністрацыя, харэаграфічная зала і памяшканні для рэпетыцый. Зараз у старым будынку поўным ходам ідуць работы па аздабленні інтэр'ера. Варта адзначыць, што будаўнікі імкнуцца захаваць вытанчаны стыль будынка эпохі класіцызму.

У гэтым жа стылі будзе вытрыманы і новы корпус глядзельнай залы, разлічанай на 200 чалавек. Пры ўзвядзенні сцэны ў новым будынку выкарыстоўваюць самыя сучасныя тэхнічныя рашэнні. Для яе будзе закуплена новае светлавое і гукавое абсталяванне. Пад глядзельнай залай размесцяцца майстэрні, дзе наладзяць вытворчасць лялек і дэкарацый для спектакляў.

Магілёўскі абласны тэатр лялек зможа прыняць гледачоў у наступным годзе. Пакуль жа трупа тэатра працуе на прыстасаванай Малой сцэне Палаца культуры вобласці, а таксама займае дзевяць памяшканняў у розных частках горада, дзе захоўваюцца дэкарацыі, інвентар.