Бярдзянск чакае беларусаў

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

3 28 жніўня па 3 верасня беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у XII Міжнародным кінафестывалі ў Бярдзянску (Украіна). На суд журы будуць вынесены кінастужкі Дзмітрыя Зайцава “Зграя”, Рэнаты Грыцковай “Інсайт”, Аляксандра Яфрэмава “Снайпер. Зброя помсты”, а таксама тэлевізійныя стужкі Андрэя Голубева “Крапавы берэт” і Ігара Чацверыкова “Цень самурая”.

 Фестываль у Бярдзянску добра "абжыты" айчыннымі кінематаграфістамі, якія з самага пачатку прымалі актыўны ўдзел у свяце кіно на беразе Азоўскага мора і неаднаразова атрымлівалі прызы за сваю працу. Гільдыя акцёраў кіно Рэспублікі Беларусь разам з адпаведнымі арганізацыямі Украіны і Расіі з'яўляецца адной з галоўных "дзейных асоб" на гэтым кінафоруме.

У конкурснай праграме "Бярдзянска-2009", якая складаецца з ігравой, тэлевізійнай і дакументальнай частак, - 30 стужак з Украіны, Расіі, Беларусі, Малдовы, Чэхіі, Турцыі, ЗША, Канады, Іспаніі, Казахстана, Балгарыі і Ізраіля. Ганаровымі гасцямі фестывалю гэтым разам будуць знакаміты рэжысёр Слава Цукерман (ЗША), які пакажа сваю новую карціну "Перабудова", украінцы Руслана Пісанка, Уладзімір Гаранскі, Вольга Сумская, Міхаіл Галубовіч, расіяне Наталля Варлей, Аляксандр Цютрумаў, Андрэй Сакалоў, Юрый Кузняцоў і іншыя. Міжнароднае журы фестывалю "Бярдзянск-2009" узначаліць рэжысёр, народны артыст Украіны Барыс Саўчанка.