Выдаўцоў чакаюць Масква і Кіеў

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Напрыканцы жніўня і ў пачатку верасня беларускія выдавецтвы будуць экспанаваць свае кнігі на выстаўках у Расіі і ва Украіне.

 З 18 па 21 жніўня адбудзецца V Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш, у якой паўдзельнічаюць нашы кнігавыдаўцы. Арганізатарам яе з'яўляецца Дзяржаўны камітэт тэлебачання і радыёвяшчання Украіны. Кірмаш - месца сустрэчы аўтараў, кнігавыдаўцоў, дзеячаў культуры і мастацтва ды чытачоў. Традыцыйна ён праходзіць у памяшканні Міжнароднага выставачнага цэнтра Кіева.

Гэтая выстаўка лічыцца адной з самых прэстыжных на Украіне. Чакаецца насычаная праграма: "круглыя сталы" па надзённых пытаннях кнігавыдавецкай справы, брыфінгі, знаёмства з літаратурнымі крытыкамі, мастакамі, якія займаюцца кніжнай графікай, вядомымі мясцовымі паэтамі і празаікамі, а таксама чытачамі з Украіны. Удзел у выстаўцы прымаюць выдавецтвы ўсіх форм уласнасці, кнігараспаўсюджвальнікі і бібліятэкі з розных рэгіёнаў Украіны, а таксама суб'екты выдавецкай справы з Беларусі, Расіі,  Польшчы, Балгарыі, Аўстрыі і іншых краін.

З 2 па 7 верасня, якраз напярэдадні Дня пісьменства, выдаўцы Беларусі пакажуць сваю прадукцыю на XXII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, куды збяруцца многія краіны свету. Уся экспазіцыя цяпер будзе выстаўляцца ў новым павільёне № 75 ВДНГ, які быў нядаўна адбудаваны. Па словах кансультанта ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алены Шыцік, у гэтай выстаўцы прымуць удзел усе дзяржаўныя выдавецтвы - "Беларусь", "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі, "Беларуская навука", "Вышэйшая школа", "Народная асвета", "Мастацкая літаратура", "Пачатковая школа", Мінская фабрыка каляровага друку - і некаторыя недзяржаўныя.

На здымках: Міжнародны выставачны цэнтр у Кіеве. Павільён № 75 ВДНГ у Маскве.