Прастора электронных кнігазбораў

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

8 — 9 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пройдуць V Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні на тэму “Электронныя бібліятэкі і ліквідацыя інфармацыйнай няроўнасці”, арганізатарамі якіх выступяць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная камісія па справах UNESCO, Бібліятэчная асамблея Еўразіі, НББ, Нацыянальная бібліятэка Чэшскай Рэспублікі.

 Як плануецца, тэмамі для абмеркавання стануць дзяржаўныя праграмы і міжнародныя праекты ў галіне фарміравання электронных бібліятэк, узаемадзеянне іх з архівамі, музеямі, навукова-даследчымі ўстановамі па захаванні духоўнай спадчыны шляхам фарміравання электронных кнігазбораў. Мяркуецца абмеркаваць таксама праблему інфармацыйнай няроўнасці і ролю ўстаноў культуры, адукацыі і навукі ў яе пераадоленні, удасканаленне заканадаўчай базы і сістэмы дзяржаўнага рэгулявання ў сферы стварэння і выкарыстання электронных рэсурсаў, праграмна-тэхналагічныя сродкі і метады стварэння, захавання, выкарыстання і суправаджэння іх.

У праблемнае поле Чытанняў трапяць таксама арганізацыя доступу да электронных бібліятэк, пытанні ацэнкі эфектыўнасці іх работы, менеджменту і падтрымкі.

Да ўдзелу ў Чытаннях запрашаюцца прадстаўнікі бібліятэк, музеяў, архіваў, адукацыйных і навуковых устаноў, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў і інфармацыйнай прадукцыі.

У межах Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў ахвотныя змогуць прадэманстраваць свае прадукты і паслугі. Таксама запланаваны экскурсія па будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і культурная праграма.