“Дзеці “Еўрабачання”: парашут і тэрарыум

№ 33 (901) 15.08.2009 - 21.08.2009 г

Дзве новыя серыі праекта Агенцтва тэлевізійных навін Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь “Дзеці “Еўрабачання”, якія выйдуць у эфіры Першага канала 29 — 30 жніўня, распавядуць пра пераможцу дзіцячага “Еўрабачання-2005” Ксенію Сітнік і Андрэя Кунца, які заняў другое месца на конкурсе ў 2006 годзе. Аўтары фільмаў — Дзяніс Кур’ян і Юрый Таболін.

Андрэй Кунец зараз перажывае ўзроставыя мутацыі голасу. Можа, таму ён не так часта з'яўляецца на сцэне, у адрозненне ад Ксеніі Сітнік.

Ксюшу апошнім часам папракаюць у залішняй "даросласці". 14-гадовая, яна ўжо не тое мілае дзіця, якое перамагло ў конкурсе 2005 года. "Стратэгічны план" маці, Святланы Стацэнка, - праходжанне Ксюшай курса навучання ў лепшых вакальных школах свету, каб праз некалькі гадоў зрабіць "выбух" на беларускай эстрадзе. У фільмах прапанавана відэа з хатніх архіваў сем'яў юных зорак, здымкі выканаўцаў у паўсядзённым жыцці.

Аўтар серыі пра К.Сітнік Дзяніс Кур'ян, даведаўшыся, што больш за ўсё на свеце юная выканаўца баіцца рэптылій, адправіў "зорачку" ў тэрарыум на сустрэчу з кобрамі, кракадзіламі і павукамі, а Юрый Таболін арганізаваў Андрэю Кунцу скачок з парашутам...

Паводле паведамлення прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі