Тры стыхіі петрыкаўцаў

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

З пошты “К” Беларусам-палешукам (а гаворка ў матэрыяле пойдзе пра Петрыкаўскі раён) ужо самой прыродай наканавана прымірэнне і арганічнае суіснаванне язычніцтва і хрысціянства. Нікога ўжо не здзівіць, наколькі цесна пераплецены ў іхнім календары розныя святы. З павагай і заканамернасцю адзначаюцца на Палессі Масленка, Дзяды і, асабліва, Купалле — свята вады і агню.

 Славяне-язычнікі мелі зносіны з наваколлем на мове засцярог — прадметаў, упрыгожванняў, узораў, што людзі насілі з сабой і абаранялі імі сваё жыллё. Найбольш старажытнымі ахоўнымі знакамі былі ўзоры, звязаныя з трыма стыхіямі, якія ўшаноўвалі славяне: зямля, вада, агонь. Знакі зямлі — засеянае поле (ромб, падзелены на чатыры часткі з кропкамі ў сярэдзіне кожнай), знак урадлівасці. Знак вады — “хлябі” нябесныя (хвалістыя лініі). Знак агню — касы крыж (агонь зямны), грамавы знак (шасці- або васьміпромневая зорка).

Акрамя гэтых асноўных знакаў, язычніцкая сімволіка ўключае малюнкі сонца, вясёлкі, постацей багіні на вяршыні будынка, падковы і шматлікія іншыя выявы. Такія знакі вельмі часта сустракаюцца на хатах петрыкаўцаў-палешукоў.

Язычніцкія знакі сяляне размяшчалі і размяшчаюць на “ўразлівых” участках жылля і двара. Загаворным арнаментам яны зачыняюць усе праёмы, праз якія нячыстая сіла можа пранікнуць да чалавека: вароты, дзверы, вокны, застрэшшы.

Знак сонца, які размяшчаецца ў праёмах, павінен ахоўваць жыллё “ад начнога паскуддзя”. Салярныя знакі знаходзяцца таксама на даху хаты — у выглядзе канька (прычым конь сам па сабе сімвалізаваў сонца), пад дахам — у выглядзе рэальнага малюнка сонца або яго знака, на фасадзе, на ліштве вокнаў.

На здымках: выявы коней на варотах і знакаў зямлі ды агню на брамах дамоў сучасных петрыкаўцаў.