“Мармелад і перац” Ірмы Яунзем

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Як артыстка вымяняла рэчы на... народныя песні У самым пачатку 1920-х на эстрадным небасхіле з’явілася спявачка, якая вокамгненна заваявала надзвычайную папулярнасць. Паспеўшы часткова атрымаць кансерваторскую адукацыю, маючы цёплае мецца-сапрана, цудоўныя артыстычныя даныя, яна не пайшла па шляху акадэмічнага мастацтва, бо зразумела, што патрэбна новым, паслярэвалюцыйным, слухачам: чырвонаармейцам, рабочым, сялянам. Спявачка стала выканаўцай народных песень: беларускіх, рускіх, украінскіх, латышскіх, калмыцкіх — 63-х народаў свету.

 Менавіта яна ўвяла шырокае кола слухачоў у цудоўны свет народнай песні, што заззяла фарбамі сапраўднага майстэрства. Народная артыстка РСФСР, дзівосная выканаўца ёй жа сабраных народных твораў вялікіх і малых народаў, таленавітая асветніца і выкладчык, Ірма Пятроўна Яунзем нарадзілася напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Мінску. Імгненная ацэнка, дадзеная пасля канцэрта ў 1929 годзе Максімам Горкім: “О, гэта мармелад і перац! Таленавітая, як чорт!” З першай жа папулярнасцю адразу ж пачаліся гастролі: Кіеў, Хельсінкі, Ашхабад, Тыфліс, Берлін, Іркуцк, Уладзівасток, Кітай, Карэя, Маньчжурыя, Японія. Гэта ў 20-я, невыязныя, гады!

Ужо ў дзяцінстве Ірмы Мінск быў горадам сучасным, адукаваным, з высокай культурай. Маці дзяўчынкі, Эвеліна Мартынаўна, спявала ў невялікім хоры, часта брала з сабой дачку, і тая падпявала дарослым. А яшчэ, пачуўшы катрыншчыкаў, якіх у горад, што стаяў на скрыжаванні ўсіх дарог, сцякалася нямала, Ірма бегла іх слухаць. Бацька Пётр Іванавіч быў сціплым служачым, бухгалтарам, але піяніна для чатырох дачок купіў. У 1917-м Ірма паступіла ў Пецярбургскую кансерваторыю. Лютаўская рэвалюцыя змяніла жыццё ўсёй краіны, і голад пагнаў студэнтку на час вакацый у Мінск, да родных. Аказалася, што з кансерваторыяй яна развіталася назаўсёды.

***

Сярод тых, хто дапамог спявачцы зрабіць першыя крокі на канцэртнай ніве, быў Міхаіл Фрунзе, які служыў начальнікам міліцыі Мінска. І да сённяшняга часу захаваўся будынак, дзе ён працаваў, — па вуліцы Маркса, 5. Міхаіл Васільевіч і яго жонка, Соф’я Аляксееўна, добра ведалі літаратуру, любілі музыку, сам Фрунзе граў на гітары і балалайцы, а ў той час арганізоўваў канцэрты для жыхароў Мінска. У адным з такіх канцэртаў і дэбютавала Ірма Яунзем: па прапанове Фрунзе прадстаўляла музычную класіку. Гэтая асоба будзе дапамагаць ёй і пазней, пасля Грамадзянскай вайны, калі яна вымушана працуе на запалкавай фабрыцы: галоўнакамандуючы войскамі Украіны і Крыма зноў выратуе яе, запрасіўшы ўдзельнічаць у канцэртах у працоўных клубах. На фальклорную песню яна выйшла вельмі проста: выправілася па беларускіх вёсках выменьваць свае рэчы на прадукты. А прывезла адтуль незлічонае багацце: каля ста беларускіх народных песень. У 1923 г. Яунзем стала адной з першых, хто атрымаў званне заслужанай артысткі БССР. У яе быў лёгкі, кампанейскі характар і безліч сяброў: Іван Казлоўскі, Дзмітрый Шастаковіч, Рамэн Ралан, Любоў Арлова, Усевалад Меерхольд — спіс можна доўжыць, прасцей перапісаць энцыклапедыю.

Засталося шмат вучняў, чые імёны сёння — гонар музычнага мастацтва: Кацярына Шаўрына, Вольга Варанец, Жанна Бічэўская, у нас на Беларусі — Вольга Шутава. Вольга знялася ў мяне ў музычнай стужцы “Беларусь мая сінявокая”: выканала невялічкую ролю і праспявала “Мяцеліцу”. Актрыса спадабалася гледачам, ёй пісалі падзячныя лісты, і я зноў запрасіў яе, ужо ў мастацкі фільм — “Спяшайся будаваць дом”. Мы падоўгу размаўлялі з Шутавай, яна шмат расказвала пра свайго педагога Ірму Яунзем. Мая трэцяя карціна з удзелам заслужанай артысткі БССР стала дакументальнай, і тое, што Вольга распавяла мне аб Яунзем раней, тады расказала з экрана. Яна згадвала, як пад крылца чуйнага, дасведчанага педагога зляталіся з усіх бакоў СССР маладыя таленты. Кінастужка здымалася праз адзінаццаць гадоў пасля сыходу Ірмы Пятроўны з жыцця, і не мне як рэжысёру меркаваць аб фільме, але ён адыграў немалаважную ролю, калі праз 17 гадоў я атрымаў кнігу з дзённікамі і ўспамінамі І.Яунзем: “Дарагому Юрыю Мікалаевічу з сардэчнай удзячнасцю за стужку 1986 года “Сустрэча, што вызначыла лёс”, якая шмат у чым паклала пачатак адраджэнню памяці аб Ірме Пятроўне і стварэнню гэтай кнігі. З павагай, Ваша сям’я Яунзем, 2003”.

***

На пачатку 1960-х, у Маскве, мне неяк давялося трапіць на канцэрт з Ірмай Яунзем: яна паказвала мініспектакль, выконваючы песню “ Як служыў салдат”. І па сёння нібы стаіць перад вачыма салдат, які вярнуўся дадому пасля дваццаці пяці гадоў цяжкой царскай службы... Здзіўляецца ён, што ягоная жонка такая ж маладая і прыгожая, як і ў дзень іхняга развітання. І адказвае прыгажуня: яна — не жонка, а дачка яго, і што маці ейная даўно спіць у сырой зямлі, так і не дачакаўшыся мужа... І заплакаў салдат... Ні да, ні пасля падобнага эмацыйнага ўздзеяння на залу мне сустракаць не даводзілася...