Відарысы з кіпарысу і не толькі

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Шэсць сюжэтаў адной копіі Дробная пластыка — адзін з самых старадаўніх і распаўсюджаных відаў прыкладнога мастацтва. Вядомая на тэрыторыі Беларусі з часоў Кіеўскай Русі, яна развівалася і пазней. Пашыранымі відамі дробнай пластыкі ў XV — XVI стст. былі меднае ліццё і касцярэзная справа як найбольш танныя і таму больш дэмакратычныя.

 У час археалагічных раскопак Верхняга замка Віцебска ў 1978 годзе быў знойдзены чатырохканцовы медны нагрудны крыж памерам 7x4 см і таўшчынёй 3 мм, адліты ў аднабаковай форме. У якасці дамешку, паводле даных спектральнага аналізу, прысутнічаюць волава, свінец, цынк і срэбра. Крыж упрыгожаны сцэнамі з Евангелля, выкананымі ў тэхніцы паглыбленага рэльефу. У ягонай верхняй частцы змешчаны відарыс Святой Троіцы, на скрыжаванні — распяцце з укленчанымі, справа адлюстравана сцэна грамніц, злева — выгнанне ў пекла. У ніжняй частцы ствала крыжа — выявы Праабражэння і Сашэсця Святога Духа на Апосталаў. Над кожным сюжэтам — выява аркі, над якой размешчаны ахоўны надпіс. Дарэчы, крыж быў знойдзены на глыбіні каля трох метраў у пласце мяжы XV — XVI стст.

Вызначыць паходжанне віцебскага крыжа цяжка. Блізкі да яго ўзор ёсць у калекцыі медных нагрудных крыжоў у гістарычным музеі ўкраінскай сталіцы. Кіеўскі крыж, як і Віцебскі, адліты ў аднабаковай форме, мае прыкладна аднолькавыя памеры, але адрозніваецца ад апошняга шэрагам змешчаных на ім сюжэтаў. У прыватнасці, замест Святой Троіцы — выява Звеставання, Ускрыжаванне заменена сцэнай Нараджэння Хрыста, выгнанне ў пекла — Богаз’яўленнем. Адсутнічаюць аркі над выявамі, вушак для почапкі зроблена два.

Значная калекцыя нагрудных крыжоў сабрана і ў Загорскім музеі. Аднак большасць з іх адрозніваецца ад знойдзенага ў Віцебску памерамі, матэрыялам (косць або дрэва), наяўнасцю сюжэтаў на абодвух баках крыжа, зместам кампазіцый. Згаданыя крыжы паходзяць з Масквы або Троіцка-Сергіеўскага манастыра, дзе ў XV — XVI стст. іх выраблялі досыць шмат з косці, металу і кіпарысавага дрэва. У той жа час, вядома, што лепшыя ўзоры дробнай пластыкі, створаныя ў Маскве, капіраваліся майстрамі з іншых гарадоў, дзе існавала мастацкае ліццё. Пра наяўнасць такога рамяства ў тагачаснай Беларусі вядома, па-першае, з пісьмовых крыніц. Па-другое, гэта пацвярджаецца і знойдзенай у час раскопак на гарадзішчы Копысь ліцейнай формачкай пад абразок. Апошняя выканана з бронзы і датуецца сярэдзінай XVI ст. Можна з упэўненасцю казаць, што сярод твораў дробнай пластыкі, якія рабіліся ў Беларусі, былі і нагрудныя крыжы. Гэта пацвярджаюць цікавыя знаходкі аналагічных па форме, памерах, матэрыяле і змешчаных на іх сюжэтах крыжоў з раскопак Л.Аляксеева на гарадзішчы Друцк і ў вёсцы Губіца Буда-Кашалёўскага раёна, выяўленага ў пахаванні, якія таксама датуюцца мяжой XV — XVI стст. Яшчэ адзін нагрудны крыж, даволі блізкі па сваім выглядзе да вышэйзгаданых, быў выяўлены ў 1984 годзе на Ніжнім замку Віцебска ў напластаваннях XV — XVI стст. Крыж выразаны з косці. На пярэднім яго баку змешчаны шэсць сюжэтаў, кожная выява мае подпіс. Але кампазіцыйна крыж адрозніваецца па сюжэтах ад медных з Верхняга замка Віцебска, Друцка і вёскі Губіца. Так, цэнтральную частку займае сцэна “Ускрыжаванне Хрыста” з фігурамі ўкленчаных Багародзіцы і Іаана. Уверсе — кампазіцыя “Успенне Марыі”. На перакладзіне справа змешчаны “Уваход Гасподні ў Іерусалім”, злева — “Сашэсце ў пекла”. Ніжнюю частку ствала займаюць кампазіцыі “Праабражэнне” і “Сашэсце Святога Духа на Апосталаў”. Выявы на адваротным баку крыжоў звычайна маюць патранальнае значэнне.

Сцэна Святой Троіцы на адваротным баку гэтага крыжа паказвае яе сувязь с Троіцка-Сергіеўскім манастыром. Над скрыжаваннем змешчана паясная выява святога Мікалая. На бакавых лопасцях крыжа — сімвалы евангелістаў: анёл — Матфея, леў — Марка, арол — Іаана, цялец — Лукі. На ніжняй частцы ствала — выявы святога Сергія (самая буйная на гэтым баку крыжа) і святога Нікана. Неадпаведнасць подпісаў на адваротным баку выявам, замена ў іх некаторых літараў на насечкі дазваляюць меркаваць, што гэты крыж з’яўляецца копіяй з пашкоджанага (ці, можа, дэфектнага) арыгінала — Загорскага крыжа. На гэта паказваюць таксама і схематычнась шэрагу выяў, дыспрапорцыі ў адлюстраванні частак цела. Агляд медных і касцяных крыжоў з Віцебска дазваляе меркаваць, што ў XV — XVI стст. вытворчасць узораў дробнай пластыкі была звыклай з’явай у Беларусі i часам уяўляла з сябе творы мастацкай вартасці.

На здымку: касцяны крыж з Ніжняга замка Віцебска, XV — XVI стст.