Ці стануць паляшуцкія “бізнес-праекты” прыбытковымі?

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Турпраект “К”: велатур па Палессі Частка І Фартушкі і прысмакі як турыстычныя брэнды З’яўленне такога “турыстычнага” матэрыялу на старонках нашай рубрыкі “Родная зямля: час крэатыву” — не выпадковасць. Карэспандэнты “К” не толькі праехаліся па знакавых і слынных мясцінах гасціннага Палескага краю, але і ўзнялі шэраг праблем устаноў культуры рэгіёна. Да пошуку вырашэння такіх сітуацый заклікалі нас таксама і Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005 — 2010 гады, Дзяржаўная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007 — 2010 гады, якая скіравана на захаванне, утрыманне і выкарыстанне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё турыстычнай дзейнасці і мясцовай традыцыйнай культуры, умацаванне матэрыяльнай базы сацыякультурнай сферы. “Мы павінны зрабіць Палессе самаакупным рэгіёнам, каб людзі жылі тут годна...” — агучыўшы некалькі месяцаў таму гэты пасыл, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адразу ж назваў і найважнейшы рэсурс ажыццяўлення пастаўленай задачы: развіццё турызму. Відавочна, турыстычны патэнцыял Палесся мае сваю спецыфіку. Ён не ляжыць на паверхні мора і не праглядаецца за кіламетры, бы вяршыні гор. Не надта шмат там і выбітных помнікаў архітэктуры. Зацікавіць гэты край можна перадусім іншым: некранутай прыродай і аўтэнтычнай культурай. Апошняя, у сваю чаргу, таксама не кідаецца ў вочы, быццам яркія рэкламныя шчыты, — яна патрабуе прывабных і зручных для турыстаў форм рэпрэзентацыі. Пытанне іх пошуку асабліва актуальнае ў Год роднай зямлі — найлепшы час, каб зведаць ейныя дзівосы і таямніцы ды адкрыць іх для ўсіх прагных на новыя ўражанні. Асаблівую ўвагу мы надзялілі турыстычнага патэнцыялу ўстаноў культуры Рэспублікі. Нездарма ў цэнтры ўвагі плана мерапрыемстваў Міністэрства культуры краіны па рэалізацыі Нацыянальнай праграмы развіцця турызму Рэспублікі Беларусь на 2008 — 2010 гг. знаходзіцца рэгіён Палесся. ...Гэтых аргументаў нам падалося дастаткова, каб абраць месцам правядзення чарговага, ужо традыцыйнага, велапраекта “К” менавіта Палессе. Пяцідзённы маршрут, створаны і апрабаваны ўдзельнікамі праекта, праходзіў ад Драгічына амаль да самай усходняй мяжы Брэсцкай вобласці.

 Нашто музейшчыку боты?

Да Драгічына веласіпедыстам з Мінска зручней за ўсё дабірацца цягніком “Смаленск — Брэст”: ён прыбывае на месца з самай раніцы. Праехаўшыся вуліцамі дагледжанага, папраўдзе палескага гарадка, падарожнік мусіць выбіраць далейшы накірунак руху: або на Бездзеж, або на Закозель. Нам зрабіць такі выбар было лёгка. Пра галоўную архітэктурную адметнасць раёна — капліцу-спачывальню Ажэшкаў — “К” ужо падрабязна пісала пару гадоў таму. Навін, на жаль, няма. Зроблена праектнакаштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю помніка коштам каля ста мільёнаў рублёў, але ж работы на аб’екце пакуль не пачаліся: звыклыя праблемы з фінансаваннем....

Нагадаўшы даўнюю задуму — зрабіць у адрэстаўраванай капліцы мастацкую галерэю — начальнік аддзела культуры Драгічынскага райвыканкама Леанід Кураўскі не абмінуў увагай і фігуры чатырох евангелістаў, якія калісьці яе ўпрыгожвалі. Цяпер яны знаходзяцца ў Вільнюскім гістарычным музеі, і калі рэстаўрацыя завершыцца, райвыканкам плануе ініцыяваць іх вяртанне. — Стопрацэнтнай упэўненасці ў поспеху гэтай ініцыятывы мы, вядома, не маем, але ж зрабіць тое, што ад нас залежыць, — наш святы абавязак, — лічыць начальнік аддзела культуры.

Набыўшы ў краме бутэльку мінералкі мясцовай вытворчасці (здагадайцеся, у гонар якой знакамітай зямлячкі яна названа?), можна рушыць далей. Або затрымацца ў Драгічыне яшчэ на нейкі час і наведаць Музей партызанскай славы. 1 мая ён адсвяткаваў сваё другое нараджэнне, адкрыўшыся пасля капітальнага рамонту і з новай экспазіцыяй. Цяпер яна прысвечана не толькі падзеям мінулай вайны, але і ўвогуле ваеннай гісторыі краю. Супрацоўнікі ўстановы на чале з яе дырэктарам Сяргеем Гранікам спадзяюцца, што калісьці яна будзе называцца ваенна-гістарычным музеем.

Экспазіцыя, што знаходзіцца ў невялічкім асобным дамку, зроблена з павагай і любоўю, але нам захацелася яшчэ паглядзець на захаванне фондаў музея. Як выявілася, размешчаны яны ў невялікім пакойчыку ў падвале цэнтральнай бібліятэкі горада. І ўсё б нічога, калі б пасля нядаўняга “сезона дажджоў” у той падвал можна было б зайсці, не замачыўшы ног, без спецыяльнага абутку. На шматлікія просьбы зайсці паглядзець, як пачуваюць сябе музейныя фонды побач з вадой, дырэктар ЦБС Зінаіда Жытновіч адказвала, што пісаць пра тое не варта. Як высветлілася з далейшай размовы, частка бібліятэчных кніг таксама размешчана яшчэ ў адным падвальным пакойчыку. Па словах дырэкцыі, усе гэтыя кнігі прызначаны для спісання. Як кажа Зінаіда Эдуардаўна, да нядаўняга часу бібліятэка цярпела не толькі ад вільгаці ў падвале, але і ад вады, якая лілася са столі пад час вялікіх дажджоў. Толькі летась дах установы быў адрамантаваны, на што было выдаткавана каля 50 мільёнаў рублёў. Тады ж была зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, датычная падвала. Але грошы пад гэтыя рамонтныя работы пакуль што не выдаткаваны. Таму і даводзіцца бібліятэкарам ды музейшчыкам абуваць боты. Хаця, здавалася б, гэтае пытанне можна вырашыць досыць аператыўна і без прыцягнення вялікіх фінансавых сродкаў.

 Час турыста — гэта грошы, якія ён траціць

Вонкава Бездзеж падаецца самай звычайнай беларускай вёскай або невялічкім мястэчкам. Драўляная царква ў стылі “палескага барока” і зграбны касцёльчык — адметнасці, хутчэй, “мясцовага” ўзроўню. Паўтары гадзіны круціць педалі, спецыяльна, каб іх убачыць, мы не сталі б. Іншая справа — той своеасаблівы культурны мікраклімат, які здавён быў характэрны менавіта для гэтага месца. Наўрад ці мы здолелі б яго адчуць, калі б дзесяць гадоў таму тут не з’явіўся этнаграфічны музей, які стаў адным з вызначальных пунктаў нашага (і не толькі нашага) маршруту.

— Мястэчка спаконвеку славілася сваімі майстрамі. У нас і сёння ці не кожная жанчына ўмее ткаць, — распавядае дырэктар музея “Бездзежскі фартушок” Марыя Астаповіч. — Дагэтуль у хатах і бялізна на ложках, і абрусы, і сурвэткі — саматканыя. Але галоўная адметнасць, вядома, фартушкі. У нас іх толькі ў экспазіцыі каля 150, і вы не знойдзеце двух падобных!

Сутнасць канцэпцыі музея заключаецца ў тым, што дзякуючы яго з’яўленню, тапанімічная назва стала сапраўдным брэндам, які, пры належнай раскрутцы, мае вялізны іміджавы і камерцыйны патэнцыял. Асацыяцыі паміж Бездзежам і фартушком ужо сёння такія ж трывалыя, як паміж Гжэллю і керамікай.

— Яшчэ здалёк пабачыўшы нашу міні-выстаўку пад адкрытым небам пад час нядаўняга святкавання юбілею Брэста, губернатар Канстанцін Сумар адразу ўсклікнуў: “О, дык гэта ж знакамітыя бездзежскія фартушкі!” — з гонарам распавядае дырэктар музея. — А міністр культуры краіны Павел Латушка, які бачыў работы нашых майстрых пад час святкавання Дня Незалежнасці ў Мінску, адзначыў, што такія сувеніры могуць годна прадстаўляць Беларусь. Пасля такой рэкламнай кампаніі жаданне набыць сабе ўзор бездзежскага ткацтва ўзнікла само сабой — як, мусіць, і ў большасці наведвальнікаў музея. Але ж прылаўка, дзе былі б раскладзены рэчы на продаж, мы не пабачылі.

— Каб ён з’явіўся, патрэбна ліцэнзія, атрымаць якую для нас вельмі складана, — не здзівіла сваім адказам Марыя Міхайлаўна. Зрэшты, той з турыстаў, хто сам праявіць ініцыятыву, без сувеніру не застанецца: музей заключае дамовы з майстрыхамі і прадае іх вырабы не толькі на ўласнай тэрыторыі, але і пад час масавых святаў, што ладзяцца ў буйных гарадах — за сотні кіламетраў ад Бездзежа. Марыі Астаповіч аднолькава пасуюць і народны строй, і дзелавы касцюм. Прыйшоўшы з год таму на сваю пасаду, яна адразу занялася экспартам фартушкоў і ручнікоў: каб і музей свае камісійныя атрымліваў, і аднавяскоўцы займелі магчымасць зарабіць сякую-такую капейчыну. Купляюць паўсюль з ахвотай. Экскурсія, праведзеная дырэктарам музея на сакавітай мясцовай гаворцы, пераканала нас у тым, што недарэмна мы патрацілі час, каб сюды дабрацца. Але... Доўжыцца яна ўсяго гадзінку-паўтары — нават у тым выпадку, калі да яе дапасавана выступленне аднаго з мясцовых калектываў (такая паслуга прадугледжана ды запатрабавана). Параўнальна з тым часам, які займае дарога сюды, — гэта замала. Падыхаць бездзежскім паветрам хацелася б трохі даўжэй. Апошняе, дарэчы, і ў інтарэсах музея: час турыста — гэта грошы, якія ён траціць.

Сёе-тое музей здатны прапанаваць ужо і сёння. Скажам, экскурсію па самім мястэчку. Патэлефанаваўшы папярэдне, наведнікі могуць і пакаштаваць знакамітую макуху ды іншыя адметнасці нацыянальнай кухні. А неўзабаве музей здолее прапанаваць куды больш ёмістую і разнастайную праграму. Не так даўно была набыта незапатрабаваная сёння драўляная хата з участкам зямлі. Ужо да канца года яна мае пераўтварыцца ў сялянскі падворак, стылізаваны пад даўніну. Там можна будзе пачаставацца садавінай і гароднінай “з градкі”, прадэгуставаць мясцовыя стравы і нават, пры жаданні, падаіць казу — яна таксама з’явіцца “на балансе” музея.

— Будзе і такая платная паслуга, — кажа Марыя Астаповіч. Магчыма, з цягам часу з’явяцца і некалькі месцаў для начлегу. Непадалёк ад музея працякае рэчка Плэса, дзе плануецца пабудаваць альтанку для адпачынку і паставіць некалькі чаўноў, каб турысты маглі пакатацца па вадзе, з асалодай назіраючы палескія пейзажы. Сярод іншых задум — паставіць вуллі, выпякаць хлеб у хаце і прапаноўваць яго турыстам разам з мядком. Дарэчы, і зерне можна будзе малоць самім: млын ужо зроблены.

— Сёння мне гэты падворак ажно мроіцца! — прызнаецца дырэктарка музея.

Яе ідэю падтрымаў начальнік абласнога ўпраўлення культуры, а потым і раённае кіраўніцтва. Сродкі на рэалізацыю знайшліся без праблем. Марыя Міхайлаўна лічыць, што трох з гакам мільёнаў, якія ўжо выдаткаваны з райбюджэту, будзе досыць, каб прывесці тую хату да ладу. Бо добрая частка працы зробіцца ўласнымі рукамі супрацоўнікаў музея. Аднак, каб пастаянна падтрымліваць гэты міні-комплекс, патрэбна, прынамсі, адна штатная адзінка. Леанід Кураўскі не супраць яе ўвядзення — хаця б нават за кошт тых устаноў культуры раёна, дзе гэтая адзінка меней патрэбна. Але... Паводле яго слоў, цяперашнія тыпавыя штатныя расклады такіх “вольнасцей” не дазваляюць.

— Стварэнне такога арыгінальнага комплексу падаецца мне справай цалкам ажыццяўляльнай, — лічыць Леанід Кураўскі. — Інвестыцый ён патрабуе невялікіх, а аддача можа быць цалкам адчувальнай. Адным словам, музей пакрысе становіцца тым, чым ён і павінен быць: комплексным турыстычным цэнтрам, здатным забяспечыць самыя розныя патрэбы наведвальніка і пазнаёміць з усімі праявамі народнай культуры. Але... толькі дэ-факта. Юрыдычны бок справы куды складанейшы. Бо ці не кожная са згаданых вышэй ініцыятыў патрабуе адмысловай ліцэнзіі. Дэ-юрэ паміж эксперыментальным, па сутнасці, праектам аддзела культуры і камерцыйнай фірмай няма ніякай розніцы. І гэта яшчэ толькі палова праблемы. “Сёння работнікі культуры не маюць матывацый, каб займацца турызмам” — сказаў, бы адрэзаў, Леанід Кураўскі. І тут жа, па нашай просьбе, абмаляваў сітуацыю больш дэталёва:

— Справа ў тым, што сродкі за правядзенне экскурсій у музеі не залічваюцца ўстанове ў якасці платных паслуг. Бо, паводле нарматыўнай базы, атрымліваецца, што турыстычныя паслугі павінен аказваць толькі аддзел фізкультуры, спорту і турызму. Яму гэтыя паслугі і ідуць у залік, хаця ніякага дачынення да іх супрацоўнікі аддзела ў дадзеным выпадку не маюць.

Таму работнікам культуры даводзіцца праяўляць крэатыўнасць таксама і ў гэтым пытанні — балазе спрадвечная паляшуцкая кемлівасць таму спрыяе. Калі назваць арыгінальную экскурсію, скажам, “дэманстрацыяй абраду”, атрыманыя дывідэнды дапамогуць выканаць план платных паслуг. Толькі ці тая гэта ніва, дзе належыць траціць крэатыўную энергію?

Важныя дробязі, якіх не хапае

У бездзежскім музеі пабачылі бясплатны буклецік “Палескія карункі”, выдадзены Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь. Здавалася б, дробязь: “гармонік” з мелаванай паперы. Але выпадкова ўзяўшы яго ў рукі, скажам, на запраўцы або ў гатэлі, падарожнік здолее атрымаць тую базавую інфармацыю, якой дастаткова для самастойнага знаёмства з адметнасцямі палескай культуры. Добры дызайн, чытэльны тэкст, россып цудоўных фотаздымкаў, карта-схема маршруту... Засмучае ў буклеце толькі адзін радок: “Наклад — 6000 асобнікаў”. Кропля ў моры! Нядзіўна, што больш нідзе на маршруце такой прадукцыі мы не пабачылі. Хаця, па ідэі, павінны былі б сустракаць яе на кожным кроку.

Як адзначыла Марыя Астаповіч, праблема з рэкламай дзейнасці музея падаецца ёй адной з найактуальнейшых. Дырэктару даводзіцца самой абзвоньваць розныя турыстычныя агенцтвы, каб запрашаць да сябе экскурсіі. Цяпер музейшчыкі праводзяць да 60 экскурсій у год, а агулам музей наведвае каля 4 тысяч чалавек. Неаспрэчна: патэнцыял яшчэ не вычарпаны.

Як заявіць пра сябе на ўвесь свет музею з вёскі ў глыбі Палесся? Безумоўна, праз Інтэрнет. Мінімальную інфармацыю пра “Бездзежскі фартушок” у Сеціве знайсці можна, але сваёй старонкі, хаця б нават сціплай, музей не мае. Як, зрэшты, і ўласнага выхаду ў Інтэрнет, які робіць камунікацыю на адлегласці і прасцейшай, і таннейшай.

— Але ж гэтая праблема будзе вырашана літаральна днямі, — тут жа адзначыла Марыя Астаповіч. — Камп’ютэр у нас ужо ёсць, мадэм набылі, засталося толькі падключыцца. Гартаючы гасцявую кнігу, дзе, побач з работнікамі мясцовай гаспадаркі, пакідаюць натхнёныя запісы і замежныя дыпламаты, разумееш, што іміджавую вагу бездзежскага музея цяжка пераацаніць — асабліва калі казаць пра перспектыву. Таму асабліва засмучае адна прыкрая акалічнасць, не заўважыць якой наведніку музея бадай немагчыма: “папудрыць носік” тут, лічы, няма дзе. Для гэтага прадугледжана толькі звычайная вясковая “шпакоўня”, а памыць рукі госці з розных краін могуць з дапамогай жбанка з вадой. Закрануўшы ў размове з дырэктарам гэтую далікатную тэму, даведаліся ад яе, што пад сучасную прыбіральню плануецца прыстасаваць памяшканне былога фондасховішча. Ды, нягледзячы на тое, што адпаведную дакументацыю пад гэтыя работы зрабілі яшчэ пазалетась, да шчаслівага фіналу справа пакуль не дайшла: няма фінансавання.

Каўбаса з інтэрактывам

Распавядаючы пра свае планы, Марыя Астаповіч адзначыла: не хацелася б, каб яе ўстанова капіравала свайго знакамітага “калегу” ў Моталі — музей, старэйшы па веку і большы паводле экспазіцыйных плошчаў і фондаў, да таго ж, сапраўдны першапраходца ў плане апрабацыі новых форм дзейнасці.

Ад Бездзежа да Моталя — усяго дваццаць з нечым кіламетраў. Здавалася б, спалучыць гэтыя пункты ў адным маршруце было б і зручна, і лагічна. Ды, як адзначыла Марыя Міхайлаўна, многія тургрупы да Бездзежа не даязджаюць. Прычына — банальная: дарогі. Кіроўцы аўтобусаў не любяць згубную для іх машын “гравійку”.

І сапраўды: звыклы для беларускіх дарог раўнюткі асфальт пад коламі часам знікаў. Але ж шлях да Моталя мы адолелі ўсё адно досыць хутка. А вось знайсці музей у даволі вялікім мястэчку аказалася не надта лёгка: указальнікаў, якія, дарэчы, ёсць у Бездзежы, сустрэць не давялося. На маляўнічым драўляным ганку прыгожага музейнага асабняка нас ужо чакала няўрымслівая дырэктарка Вольга Мацукевіч. Яна толькі што вярнулася з чарговай экспедыцыі, і на падлозе адной з залаў музея сохла чарговае папаўненне фонду, які і так ужо налічвае больш за 28 тысяч экспанатаў: маляваны дыван у інсітным стылі.

Разам з фондамі, пакрысе расце і колькасць наведвальнікаў. Калі летась у музеі пабывалі прыкладна 7 тысяч чалавек, дык сёлета за першыя паўгода — ужо больш за 5 тысяч. Пра словах дырэктара музея, асабліва прыкметна паболела замежных турыстаў.

— Сучаснаму наведвальніку нецікава проста глядзець на экспанаты, — кажа Вольга Мацукевіч. — Яму даспадобы самому паўдзельнічаць у пэўнай дзеі, далучыцца да абрада, пачаставацца народнай кухняй... Таму мы імкнёмся зрабіць нашы экскурсіі інтэрактыўнымі. Праграм некалькі, у залежнасці ад аўдыторыі: “Мотальскія прысмакі”, “Вячоркі” — для дзетак, “Гуканне жніва”... Цяпер вось плануем такую прыгожую лекцыю-абрад, як “Завіванне нявесты”. Каб вы бачылі, як уцягваюцца ў дзейства наведвальнікі, як яны пачынаюць верыць у тое, што адбываецца! Што да гастранамічнай часткі праграмы... Апрача музея, Моталь мае і яшчэ адну адметнасць — каўбасу. Вользе Рыгораўне ўдалося наладзіць з яе вытворцамі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва: ім — рэклама, а музею — гатовая прадукцыя. — Па сутнасці, нашы экскурсіі спрычыніліся да паўстання фестывалю “Мотальскія прысмакі”, — кажа дырэктарка. Кулінарны фэст, упершыню зладжаны летась Іванаўскім райвыканкамам разам з грамадскімі аб’яднаннямі, датычнымі агратурызму, быў прызнаны “Падзеяй года” на Нацыянальным турыстычным конкурсе “Спазнай Беларусь-2008”. Вуліцы Моталя ў тыя дні літаральна запаланілі замежныя турысты. Майстар-клас Вольгі Рыгораўны па гатаванні баршча выклікаў сапраўднае захапленне гурманаў.

 Водная паверхня праблемы з фондамі

Зрэшты, экспазіцыя мотальскага музея — плён каласальнай працы яе нешматлікіх стваральнікаў — здатная ўражваць і без каўбасы з інтэрактывам. У залах двухпавярховага будынка, які паўстаў некалі менавіта “пад музей”, выстаўлена толькі каля тысячы экспанатаў. Дзякуючы няспыннай рупнасці Вольгі Рыгораўны па зборы музейных прадметаў, плошчаў фондасховішча апошнім часам стала катастрафічна не хапаць. Таму супрацоўнікі музея змушаны выкарыстоўваць для гэтых мэт нават... свае ўласныя кватэры.

Увогуле, праблема захавання фондаў у Моталі на паверхні — у прамым сэнсе слова. Справа ў тым, што пасля буйных дажджоў ужо каторы год у падвале музея стаіць вада. А менавіта там размешчана фондасховішча і некалькі экспазіцыйных залаў са шматлікімі каштоўнымі прадметамі. Як ні стараюцца супрацоўнікі і дырэктар вырашыць гэтую праблему, адкачваючы ваду з дапамогай пажарных гідрантаў і расчыняючы насцеж дзверы падвала, ад згубнай вільгаці няма ратунку.

Па словах Вольгі Рыгораўны, гэтая праблема напаткала музей яшчэ на пачатку яго гісторыі. Але каля дзесяці гадоў таму ў падвале была зроблена гідраізаляцыя, і вада доўгі час не турбавала супрацоўнікаў.

Сёння гідраізаляцыя ўжо няспраўная, і вада перыядычна залівае падвальныя памяшканні. Пабачылі гэта на ўласныя вочы: у падвале яе было па шчыкалатку. Таму і ў экспазіцыйных залах падлога падалася нам мокрай, а паветра — вельмі вільготным. Зразумела, гэта шкодзіць тым экспанатам, якія тут знаходзяцца. Як кажа дырэктар, як толькі высахне вада, супрацоўнікі будуць высушваць і праціраць музейныя прадметы, бо на іх пачынае з’яўляцца цвіль. Па словах начальніка аддзела культуры Іванаўскага раёна Уладзіміра Шэляговіча, ужо створана праектнакаштарысная дакументацыя, каб зрабіць у музеі нешта накшталт дрэнажнай сістэмы: вакол яго будуць размешчаны адзінаццаць калодзежаў, і з дапамогай труб і ўсталяванага аўтаматычнага насоса будзе адбывацца адкачванне вады. Начальнік аддзела культуры перакананы, што гэтую канструкцыю трэба ўсталяваць у самы хуткі час, да канца жніўня, бо восень — перыяд дажджлівы.

Але канчаткова праблема фондаў будзе вырашана толькі тады, калі музей атрымае новае памяшканне. Акурат насупраць зграбнага асабняка ўстановы стаіць непрывабная і яўна закінутая будыніна савецкіх часоў, і сёння такое “праблемнае” суседства адразу прыцягвае ўвагу турыстаў. Аддзел культуры ўжо не першы год прапануе ўзяць “каробку” на ўласны баланс і зрабіць яе капітальны рамонт. Уладзімір Шэляговіч не надта ахвотна гаварыў на гэтую тэму, але нам і без таго стала зразумела, што перамовы з уласнікам будынка — мясцовым СВК — яўна зацягнуліся.

— Вядома, гэты будынак не будзе выкарыстоўвацца толькі як фондасховішча, — прадоўжыў начальнік аддзела культуры. — Мы плануем ператварыць яго ў цэлы туркомплекс з вялікай залай для правядзення абрадаў (плошчы для іх сёння музею таксама не стае), невялічкім гатэлем месцаў на 10 — 20, кавярняй, лазняй....

Дзівімся — пакуль толькі ўпершыню — смеласці задум Уладзіміра Шэляговіча. І ахвотна пагаджаемся, што ён стварае не “паветраныя замкі”, а рэальныя бізнес-праекты. З пункта гледжання эканамічнай мэтазгоднасці, музею выгодна аказваць поўны комплекс турпаслуг, уключна з начлегам і харчаваннем. Бо пакуль што асноўныя дывідэнды абмінаюць музейную касу, і гэта не зусім справядліва.

— На адных уваходных білетах музей ніколі не заробіць, — упэўнены начальнік аддзела культуры. — Тым больш, і цэны сімвалічныя, а значна іх павышаць мы права не маем. Непараўнальна болей за нас зарабляюць тыя арганізацыі, што прывозяць турыстаў. Хаця якія ў іх укладанні? Сабраць групу — гэта ж не музей пабудаваць... І тут жа ён фармулюе думку, якую — у розных варыяцыях — за гэты дзень нам давялося пачуць ужо не ўпершыню: — Трэба, каб установы культуры мелі больш магчымасцей для працы на ніве турызму. Вядома, калі казаць пра тыя яго віды, якія тычацца культурнай спадчыны, а не спорту і фізкультуры.

(Заканчэнне будзе.)

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ, Ілля СВІРЫН, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты


На здымках:
1.Мотальскі музей народнай творчасці;
2. Музей народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”;
3. Дырэктар бездзежскага музея Марыя Астаповіч;
4. Тэрыторыя згаданага музея будзе ў хуткім часе добраўпарадкавана;
5. Фонды мотальскага музея чакаюць большых памяшканняў;
6. Будынак у Моталі, дзе плануецца размясціць турыстычны комплекс;
7. Вада ў падвале мотальскага музея;
8. Драгічынскі музей партызанскай славы (Цэнтр па героіка-патрыятычным выхаванні);
9. За гэтым падвальным акном захоўваюцца фонды музея і бібліятэкі ў Драгічыне;
10. ЦБ Драгічына.