У Канарку, дзе бог Сонца ...і “Мора сустракаецца з зямлёю”

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Спасціжэнне далёкай краіны “К” працягвае публікацыю дарожных нататак Міхаіла Шыманскага пра Індыю (гл. “К” № 13 за 2009 г.). Сённяшні расповед — пра Канарк, індыйскі горад у штаце Арыса на беразе Бенгальскага заліва. Галоўная яго славутасць — храм Сонца, грандыёзная пабудова, адно з цудаў старажытнай Індыі, уключаная ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Ён, безумоўна, з’яўляецца гістарычнай памяццю рэлігіі, культуры, архітэктуры, гонарам не толькі самога Канарка ці штата, але і ўсёй Індыі. Храм уражвае і здзіўляе людзей многімі дзіўнымі момантамі з гісторыі свайго стварэння, сваімі маштабамі. Але пра ўсё — па парадку.

 Нецярпенне

Зразумела, як толькі мы прыехалі ў горад Бхубанешвар, сталіцу Арысы, дык найпершае знаёмства было менавіта з храмам Сонца. Выехалі туды адразу пасля снядання, з надзеяй, што паспеем агледзець гэты цуд да наступлення спёкі. На жаль, задуманае не здзейснілася, і нам давялося некалькі гадзін правесці пад сонцам, якое паліла бязлітасна. І гэта — у пачатку кастрычніка, тым больш — у Паўночнай Індыі! Пад’язджаем да храма. Сёння мы падарожнічаем на дзвюх “легкавушках”. Вадзіцелі спыняюцца на самым ускрайку гаманлівай і ажыўленай плошчы, каб нашы машыны не заміналі пешаходам. Да нас падыходзіць індыец, нешта энергічна гаворыць нашаму гіду Бібеку. Што такое? Высвятляецца: прапануе паглядзець яго “гасцінны дом”, што знаходзіцца побач. У ім, пры жаданні, можа пасяліцца кожны, хто прыехаў сюды на некалькі дзён, каб не спяшаючыся, у сваё задавальненне, агледзець увесь велізарны храмавы комплекс. Мы з Міхаілам Селівонам, дырэктарам адной з мінскіх турфірм, ідзём за гаспадаром “гасцініцы”. Той паказвае некалькі просценькіх пакояў, дзе стаяць самыя звычайныя ложкі, праўда, засцеленыя вельмі акуратна. Гасцінны гаспадар нешта ажыўлена распавядае на сваёй мове: відаць, хоча пераканаць нас у тым, як зручна спыніцца ў ягонай “гасцініцы”, бо яна зусім блізка ад храма Сонца. Мы паказваем знакамі, што, маўляў, гэта сапраўды зручна, каб не пакрыўдзіць індыйца. Нам што, няхай жыве гэты маленькі бізнес, а мо ёсць і такія, хто пажадае пераначаваць ноч-другую ў гэтых цесных пакойчыках.

Крочым да храма, ахопленыя нецярпеннем. Ля варот, праз якія праходзяць на яго тэрыторыю, мноства людзей. Цесната, крыкі, шум... Адразу адчуваецца, якой прыцягальнай сілай валодае гэты цуд храмавай архітэктуры Паўночнай Індыі. З цяжкасцю прабіваемся праз людскі натоўп, гід Бібек уважліва сочыць, каб ніхто з нас не адстаў ад групы, не згубіўся ў гэтай мітусні. Мы ўжо на тэрыторыі храма, але да яго непасрэдна — яшчэ метраў трыста. За варотамі, проста на голай, цвёрдай зямлі сядзяць жабракі, працягваючы рукі за міластыняй. Здаецца, ніхто не звяртае на іх увагі. На нас проста накідваюцца вяртлявыя, худыя хлапчукі, настойліва прапаноўваючы розныя вырабы. Пазней мы пераканаемся, што такі гандаль ідзе амаль ля кожнага вялікага храма ў Індыі.

Пра што гаворыць міф

Перш чым пачаць аповед непасрэдна пра храм, лічу, што вельмі важна — і неабходна! — хаця б сцісла распавесці, якое месца адводзіцца ў старажытнай індыйскай міфалогіі богу Сур’і. Ён, сведчыць міф, сонечнае бажаство, усё бачыць і ўсё ведае, аглядае ўвесь свет, яго хуткі погляд прыкмячае дабро і зло. Ён нараджаецца на ўсходзе, яго вітаюць спяваючы, калі ён выходзіць з нябесных варот, і на працягу дня абыходзіць зямлю і неба, размяжоўваючы дзень і ноч.

Галоўныя дзеянні Сур’і заключаюцца ў тым, што ён дае святло, якім разганяе цемру, хваробы, ворагаў. Яго промні падобны на сем кабыліц, што вязуць калясніцу бога. Людзі просяць Сур’ю даць ім багацце, здароўе, росквіт, нашчадкаў. Як бачым, ён успрымаецца індыйцамі як надзвычай добры бог, які можа даць чалавеку ўсё тое, што патрэбна ў жыцці...

...Праз некалькі хвілін мы будзем каля самога храма. Аднак гід Бібек робіць паварот налева. Забіраемся на нейкую напаўразбураную сцяну вышынёй у метры тры, шырынёй — прыкладна паўметра. Спыняемся і спачатку не разумеем, у чым справа. Дый адчуваем сябе на сцяне досыць няўтульна. Бібек паказвае ў бок храма, і мы адразу разумеем, для чаго ён выбраў гэтую сцяну: адсюль можна ахапіць позіркам увесь храмавы комплекс. Велізарная яго тэрыторыя надзвычай маляўнічая, зялёныя паплавы, мноства кветак...

12 і 1200

— Які цудоўны ландшафтны дызайн! — ускліквае Міхаіл Селівон. Я згодны з ім. Вось толькі сярод яркай жывой зеляніны храм выглядае даволі змрочна. Тут усё заканамерна: у далёкай старажытнасці гэты храм Сонца ў Канарку быў вядомы як Чорная Пагада. Да таго ж, будынак, бачым мы, у рыштаваннях...

— Храм узводзіўся на працягу 12 гадоў, — расказвае Бібек. — Гэта невялікі час для такой каласальнай пабудовы. На работах было занята 1200 чалавек. Цар, па загадзе якога будаваўся храм, паставіў перад імі надзвычай жорсткія і, скажам так, страшныя ўмовы: калі работы не будуць поўнасцю завершаны ў вызначаны тэрмін, то ўсім будаўнікам... адсякуць галовы. Канешне, тыя надта спяшаліся і крыху парушылі баланс пры выкананні работ — вельмі складаных і маштабных па аб’ёме. Будаўніцтва храма было завершана ў ХІІІ стагоддзі, “узрост” яго вельмі і вельмі салідны. А парушэнне балансу з цягам часу абярнулася тым, што храм пачаў крыху хіліцца ў адзін бок. Вось і ўзнікла неабходнасць “падтрымаць” яго магутнымі рыштаваннямі.

Сама задума пабудаваць гэты храм, — працягвае Бібек, — такая. У цара быў фізічны недахоп: крыху дэфармаваная спіна. Ён вельмі пакутаваў і пастаянна маліў Бога аб нараджэнні здаровага сына. І калі такі сын з’явіўся на свет, цар у знак вялікай удзячнасці Богу вырашыў узвесці храм Сонца. Ёсць і іншыя версіі, але найбольш распаўсюджана гэтая.

Кветкі ад старога індыйца

Тут я крыху перапыню расповед гіда, каб перадаць цікавы эпізод. Мы фатаграфавалі старога індыйца, які сядзеў сярод вялізных камянёў. Ён быў худы, чорны, бедна апрануты. Відаць, расчулены увагай з нашага боку, хутка падняўся, сарваў з куста некалькі кветачак, падышоў да нас і пачаў кожнаму даваць па адной, паказваючы мімікай, жэстамі, што кветкі вельмі прыемна пахнуць. Я ўзяў светла-ружовую. Яна мела спецыфічны пах, прыліпала да пальцаў рук, і мы не ведалі, браць кветкі ці не. Сапраўды, што за кветкі ў далёкай, загадкавай Індыі? Спачатку ўзялі па адной кветачцы, каб не пакрыўдзіць старога індыйца, якога асабіста мне было шкада. Потым далі яму зразумець, што такія “дары” нам не патрэбны. Індыец зусім не пакрыўдзіўся, суправаджаў нас далей.

Спускаемся са сцяны, падыходзім да храма, спыняемся ля велізарнага кола. Храм уяўляе з сябе неверагодных памераў калясніцу з 24 колаў, у якую запрэжаны сем коней. Калясніца бога Сонца сімвалізуе колькасць дзён тыдня і гадзіны ў сутках. А сам Сур’я штодзённа падарожнічае ў ёй па небе. Таму гэтыя колы — адзін з галоўных элементаў храма, яны выяўлены ў шматлікіх добра ілюстраваных выданнях.

Камянёў, з якіх пабудаваны храм, тут не было — іх дастаўлялі сюды за сто кіламетраў на сланах і лодках. Справа ў тым, што ў далёкія часіны, менавіта ў гэтым месцы, дзе стаіць храм, “мора сустракалася з зямлёю”, як вобразна сказаў Бібек. Цяпер мора адышло на тры кіламетры.

Сланы, музыканты і...

Але ж, бадай, самае цікавае і адметнае ў храме — шматлікія барэльефы на яго фасадах. Кожны квадратны метр насычаны надзвычай цікавай інфармацыяй, дзе, без перабольшання, прысутнічаюць усе формы чалавечага жыцця. Усё гэта таленавіта выразана з каменя: сланы, кавалерыя, пяхота — трэба меркаваць, ваенныя сюжэты; музыканты і танцоры — зразумела, сфера мастацтва; жывёлы, кветкі — канешне ж, прырода.

І — велізарная колькасць эратычных сцэн, на якіх — у асноўным, любоўныя парачкі, натхнёныя магутнай энергіяй Сур’і. Па задуме, гэта і ёсць паўнакроўнае, насычанае жыццё пад святлом сонечных промняў. Творчая фантазія аўтараў барэльефаў — нястрымная і бязмежная, перадаць яе немагчыма. Гід Бібек дапаўняе наша ўспрыманне эротыкі на фасадзе храма вельмі каштоўнай інфармацыяй. Аказваецца, увесь час, як будаўнікі займаліся храмам, яны былі адлучаны ад сваіх жонак, сем’яў. Мо гэтым і тлумачыцца такое мноства сцэн, дзе разам мужчыны і жанчыны.

Галоўная статуя бога Сур’і перавезена сюды з храма ў Нью-Дэлі. Але ж тут, на месцы, уражваюць тры іншыя скульптуры: Сур’я як Ранішняе, Паўдзённае і Вечаровае Сонца. Калі хоць на нейкі момант паверыць у гэта, то зараз, калі мы аглядаем храм, Сур’я, безумоўна, у полі Паўдзённага Сонца. Прыкаціў у сваёй калясніцы да самага зеніту і шчодра, нават занадта, пасылае свае промні на зямлю. А тут, каля храма ў яго гонар, святло і цяпло гэтых промняў дасягаюць такой моцы, што а-я-яй! “Цяпло”, канешне, сказана мякка: гэта адносна мясцовых жыхароў. А як быць нам? Спякота, ад якой становіцца млосна... Хаця б на некалькі хвілін у цянёк! Але ж дзе знойдзеш гэты цянёк, калі сонца дастае ўсюды?..

“Мова каменя перамагла мову чалавека”

Велічная пабудова ў Канарку — шэдэўр храмавай архітэктуры. Гэта апошні такі храм, узведзены тут у ХІІІ стагоддзі, больш падобныя не будаваліся.

Рабіндранат Тагор, калі наведаў храм Сонца ў Канарку, сказаў: “Мова каменя перамагла мову чалавека”. Вельмі вобразныя і правільныя словы. Менавіта ў камені тут застыла на многія стагоддзі вялікая, магутная, хвалюючая, усёпераможная сімфонія жыцця. Наша экскурсія па тэрыторыі храма працягваецца. Бібек паказвае нам месца, дзе калісьці танцавалі дзяўчаты. Танцы пачыналіся з усходам сонца і завяршаліся, калі сонца хавалася за гарызонт. Такія прадстаўленні праходзілі да 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Пасля атрымання Індыяй незалежнасці доўгая эра танцаў у гонар бога Сур’і скончылася.

Прысаджваюся на камень, каб крыху адпачыць. Такіх камянёў тут цэлае нагрувашчванне — відаць, засталіся ад разбуранай пабудовы. Побач угадваюцца два вялікія сланы, таксама каменныя. Бегаюць хлопчыкі — бойкія, спрытныя, з надзвычай выразнымі вачыма, з чорнымі, як смоль, валасамі. Спыніліся, глядзяць на мяне. У іх жывая цікаўнасць: што за дзіўны чалавек, сівы і светлатвары, сядзіць на камені каля храма Сонца? Бачу: быццам лёгкі цень лёг на абпаленую гарачынёй зямлю. Гляджу на неба— выратаванне: там з’явілася невялічкая хмарка, якая закрыла сонца. Відаць, бог Сур’я ўсё-такі злітаваўся над намі!

Чаму храм у рыштаваннях?

З Міхаілам Селівонам дзелімся сваімі ўражаннямі ад наведвання храма.

— Яго можна аглядаць бясконца, — кажа Міхаіл Аркадзьевіч. — У ім шмат сімвалаў. На жаль, мы слаба ведаем архітэктуру Індыі, асабліва — старажытную. Між тым, шматлікія храмы, узведзеныя ў ХІІ— ХІІІ ст., — незвычайныя. Проста здзіўляешся, як яны захаваліся да нашага часу, бо, мяркуючы па ўсім, будаваліся з мяккага каменя. Канешне, многія ўжо напаўразбураныя, ля некаторых стаяць рыштаванні, як ля храма Сонца. Шкада, што нельга заходзіць у сам храм.

— Такія меры прыняты з мэтай бяспекі, — тлумачыць гід Бібек. — Храм вельмі стары, і калі ў яго зойдзе шмат людзей, хто ведае, што можа здарыцца?.. Мы згодны з Бібекам. І прыходзім да агульнай высновы. Храм Сонца — тут, у Канарку. Ёсць храм бога Сонца і ў Егіпце — у вялікай манументальнай зоне Карнак, якая побач з горадам Луксорам, егіпецкай сталіцай у далёкія часіны.

— Так, так, — падхоплівае Бібек. — Вельмі цікавая сувязь.

— Нават назвы дзвюх гарадоў — Канарк у Індыі і Карнак у Егіпце — вельмі сугучныя, хаця знаходзяцца гарады на вялікай адлегласці. А храмы ўзведзены ў гонар аднаго і таго ж бога Сонца. Толькі ў індыйскай міфалогіі яго бог — Сур’я, а ў егіпецкай — Амон-Ра. Але і тут, і там іх паважаюць выключна высока.

Як бы там ні было, старажытныя індыйцы і егіпцяне былі вельмі мудрымі, калі ў сваіх гарадах узводзілі велічныя храмы у гонар багоў Сонца. Бо ад сонца — усё жыццё на нашай грэшнай зямлі...