“Бліндаж”: дарогай інстынкту ратавання

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа закрыў свой ХІХ тэатральны сезон прэм’ерай спектакля “Бліндаж”. Гэтая п’еса была напісана драматургам Васілём Ткачовым паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава, якую народны пісьменнік распачаў у 1987 годзе, але так і не паспеў скончыць.

 У год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі рэжысёр Раман Цыркін звярнуўся да гэтай балючай тэмы, якая не забываецца і жыве ў чалавечых сэрцах. Яна хвалюе душы і ў чарговы раз прымушае нас звярнуцца да мінулага, каб зразумець веліч і гераізм беларускага народа, яго мужны характар. Раману Цыркіну ўдалося перадаць падзеі часоў вайны, раскрыць характары герояў, прычыны, па якіх у бліндажы шукаюць выратавання людзі, каго на пэўны час аб’ядноўвае адзіны “інстынкт”: надзея на выратаванне. Сляпы чырвоны камандзір (Міхаіл Кліменка), нямецкі дэзерцір Хольц (Раман Цыркін), партработнік (Вадзім Дубраў) — усе яны залежаць адзін ад аднаго і ад малапісьменнай сялянкі Серафімкі (Алена Пракопава).

Сцэнаграфічная ўмоўнасць бліндажа, створаная мастаком-пастаноўшчыкам Андрэем Дзюбаком, дапамагла рэжысёру і акцёрам перадаць карціну ваенных гадоў. А музыка знакамітых “Песняроў”, што гучыць у спектаклі, узмацняе ўспрыняцце трагічных момантаў дзеі. Нездарма пад час прэм’еры ніхто з гледачоў не застаўся абыякавым, і на адрас творчай групы спектакля было сказана шмат цёплых і шчырых слоў падзякі.

На здымку: сцэна са спектакля “Бліндаж”.