Хор у шторм “Оперная кар’ера” шырмаўскай капэлы

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Замежныя гастролі для Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі імя Рыгора Шырмы — рэч абсалютна звыклая, зусім не з разраду дзівосаў, што здараюцца раз у жыцці: па некалькі разоў на год артысты выязджаюць у Германію, Данію, іншыя краіны Еўропы з самымі рознымі творчымі праектамі. Цяперашнія вандроўкі ў Аўстрыю і Польшчу (гл. “К” № 31 за 2009 г.) аказаліся аднымі з самых працяглых і запамінальных. Адначасова на двух прэстыжных фестывалях капэла, падзяліўшыся на дзве часткі, у чарговы раз зарэкамендавала сябе адным з вядучых… оперных калектываў свету.

 — У горад Шчэцін нас запрашалі тры гады запар, — распавяла мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы, народная артыстка Беларусі Людміла ЯФІМАВА. — Але тэрміны супадалі з нашымі традыцыйнымі гастролямі ў Германію, і мы вымушаны былі адмаўляцца. Нарэшце, паездка на фестываль “Опера ў замку” спраўдзілася. Ён сапраўды адбываецца ў старадаўнім замку, на адкрытым паветры. Што ж да тэматыкі, дык арганізатары ўвесь час шукаюць штосьці новае. У мінулыя гады і тэнараў з усяго свету збіралі, і аперэты ставілі. Сёлетняе ж свята было прымеркавана да 170-годдзя першай опернай пастаноўкі ў Варшаве. Публіка сцякаецца сюды не толькі з розных куткоў Польшчы, але і з многіх еўрапейскіх краін, уключаючы радзіму оперы — Італію. Ды ўсё ж, на маю думку, галоўнай “дзейнай асобай” фестывалю застаецца сам замак, адноўлены ў пасляваенны час. Там ёсць і репетыцыйныя залы, і канцэртныя, і тры ўнутраныя дворыкі. Цэнтральны з іх, які раней выкарыстоўваўся для з’езду гасцей, прымае публіку і цяпер: асноўныя фестывальныя падзеі адбываюцца менавіта ў ім. А балюстрады, балкончыкі, рэліктавыя дрэвы, нават гадзіннікі на вежы становяцца часткай “сцэнаграфіі”.
— Артысты капэлы ўдзельнічалі ў пастаноўцы оперы “Самнамбула” Беліні. Яе харавых сцэн, вядома, не было ў вашым репертуары, дый сама гэтая опера, што лічыцца адной з вяршынь мастацтва бельканта, не ішла ў нашым тэатры.
— Мы працавалі ў даволі жорсткім рэжыме. Ноты атрымалі ўсяго за два тыдні да прэм’еры, а гэта — 400 старонак дробным тэкстам, больш як тры гадзіны музыкі. Усё трэба выконваць на памяць— на мове арыгінала, па-італьянску. Вывучылі! На месцы рэпетыцыі доўжыліся тры дні: 2 гадзіны запар працуем — 30 хвілін адпачываем, і гэтак па 8 гадзін на дзень. А спектакль — складаны! Безліч асобных рэплік, вялікая дынамічная шкала, хор увасабляе самыя розныя сацыяльныя пласты грамадства: тут і сяляне, і вайскоўцы, і свецкія дамы, і семінарысты. І ўсё — у руху, ды не проста на сцэне, а ў замкавай прасторы. Удзельнічалі ў спектаклі і жывыя коні: граф Радольф, паводле сюжэта, вяртаецца ў родны замак — ён і яго падданы эфектна выязджаюць на конях. Зразумела, у такіх умовах кожная мізансцэна патрабавала асаблівай зладжанасці дзеянняў артыстаў, не гаворачы ўжо пра зладжанасць спеваў— падкрэслю, на адкрытым паветры.
— А раптам надвор’е перашкодзіць?
— На гэты выпадак публіка запасаецца парасонамі, аркестр сядзіць пад тэнтам (праўда, гэтым разам ён прагнуўся, вада палілася на групу віяланчэлей — і музыканты пабеглі ратаваць інструменты, але спектакль працягваўся). Ну, а салістам і хору ўвогуле даводзіцца працаваць, нягледзячы ні на што. У дзень прэм’еры надвор’е папраўдзе быццам выпрабоўвала артыстаў на трываласць. Дождж, холад, ураганны вецер— і дэкальтэ з крыналінамі. У апошняй сцэне Аміна, дзяўчына-лунацічка, выходзіць босая, у пеньюары, на сяміметровай вышыні. Шторм такі, што, здаецца, проста скіне яе зараз адтуль! А яна ж яшчэ і спявае — такія каларатуры выводзіць! Гераіня, дый толькі! Дый артыстам хору пад гэткім ліўнем давялося сядзець хвілін дзесяць на замерзлых прыступках і не варушыцца. У мяне мурашкі па скуры бегалі— нават не столькі ад холаду, колькі ад уражання. А скончыўся спектакль — заціх і дождж. Поспех быў ашаламляльны! Наш хор па сцэнічных паводзінах і культуры выканання быў прызнаны лепшым у Еўропе. — У Аўстрыі, — да размовы далучыўся дырэктар капэлы Аляксандр ЧУМАКОЎ,— быў такі ж поспех, толькі без “навальнічных” праблем. Тамтэйшы фестываль праходзіць у спецыяльнай зале на 1500 чалавек, пабудаванай 50 гадоў таму кіламетраў за сто ад Зальцбурга. Праўда, спачатку зала прызначалася для богаслужэнняў, але з цягам часу яе прыстасавалі для канцэртаў і спектакляў. Там мінімум жалезабетону, унутры ўсё абліцавана дрэвам, вельмі добрая акустыка. Адзінае — не прадугледжаны грымёркі для хору, і нашым артыстам, каб выйсці на сцэну, даводзілася ісці праз вуліцу. На Захадзе часта сустракаюцца такія фестывальныя залы, адкрытыя не ў вялікіх гарадах, а на ўлонні прыроды, прычым у комплексе з добра развітай інфраструктурай. Капэла ўдзельнічала ў выкананні 9-й сімфоніі Бетховена, у пастаноўках яго оперы “Фідэліо” і “Нюрнбергскіх майстарзінгераў” Вагнера. У чэрвені два тыдні доўжыўся пастаноўчы перыяд, а потым мы прыязджалі, ужо ў ліпені, непасрэдна на фестываль. Музыка на ім гучыць самая розная, нават буйныя спектаклі ідуць без купюр, а склад выканаўцаў — заўсёды інтэрнацыянальны. Не толькі салісты, але і аркестр, і хор былі складзены з прадстаўнікоў розных еўрапейскіх краін.
— І не толькі спяваць, але і ўвасабляць рэжысёрскія задумы! Цікава, а як была вырашана начная сцэна бойкі ў оперы Вагнера?
— Вельмі рэалістычна: мужчыны выскоквалі ў піжамах і накідваліся адзін на аднаго. Знакаміты аўстрыйскі дырыжор Густаў Кун, які выступаў таксама рэжысёрам, імкнуўся надаць пастаноўкам універсальны змест, актуальны для любой эпохі. Таму дзея адбывалася без дэкарацый, у “Фідэліо” артысты выходзілі спачатку ў чорных майках і штанах, потым — у чорных смокінгах. А ў “Нюрнбергскіх майстарзінгерах” — у сучасных строях, зверху якіх накідваліся абрысы старадаўніх, зробленыя быццам на сетачцы. У фінальнай сцэне артысты скідвалі тую “сетачку”, бы “знешнія” гістарычныя прыкметы, і канчаткова станавіліся нашымі сучаснікамі, блізкімі нам па ўнутраным самаадчуванні.
— А як адчуванне артыстаў напярэдадні новага сезона, калі капэле споўніцца 70?
— Гастролі, вядома, “перацяклі” ў адпачынак. Але ўжо 1 верасня, — дадала Людміла Барысаўна, — мы запрошаны ў Польшчу спяваць “Ваенны рэквіем” Брытэна, 17-га — Месу польскага кампазітара Кілара. Узімку нас чакаюць “Травіята” Вердзі, “Месія” Гендэля і “Карміна Бурана” Орфа ў Іспаніі, оперы “Набука” Вердзі і “Уладальнік кольцаў” — у Германіі. У лютым — выкананне грандыёзнага твора Берліёза “Te Deum” на штогоднім дабрачынным фестывалі “Музычны марш” у Даніі, у марце — тры выкананні “Рэквіема” Вердзі ў Францыі. А далей— пабачым…