“Проста маг” з дажджом і святам

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Павел Кухта, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, скончыў сёлета магістратуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Ягоны канцэрт не проста разнастаіў летнюю афішу Беларускай дзяржаўнай філармоніі, а стаў сапраўдным гітарным дзействам, што ўпрыгожыла б любую сцэну свету.

 Яно і не дзіва: ужо з першых гадоў вучобы ў Акадэміі Павел актыўна канцэртаваў не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі ды іншых краінах. Гэтаму шмат у чым садзейнічалі яго поспехі на больш як дзесятку міжнародных конкурсаў. А Першая прэмія на конкурсе імя Джона Дзюарта ў Аўстрыі падарыла магчымасць сыграць серыю канцэртаў у ЗША, Мексіцы, Швейцарыі, запісаць сольны дыск у Вене. Такому развіццю выканальніцкага майстэрства малады гітарыст абавязаны заняткам у класе дацэнта Яўгена Грыдзюшкі і ўдзелам у шматлікіх майстар-класах сусветна вядомых мэтраў. “Магістр Павел” (а лепей — проста маг) варажыў над інструментам, здольным ствараць “філасофскую цішыню”. І пачаў са знака ўдзячнасці сваім старэйшым калегам, выканаўшы твор свайго педагога ў Гродзенскім музычным вучылішчы Уладзіміра Захарава — Прэлюд і фугэту на славянскія тэмы, дзе спляталіся мелодыі беларускай і польскай народных песень. Шмат гучала і замежнай музыкі, пераважна сучаснай, уключаючы класіку другой паловы ХХ ст. — “Поры года ў БуэнасАйрэсе” А.П’яцолы.

Відавочным было тое, што малады гітарыст не баіцца ні тэхнічных складанасцей, ні буйной формы, ім кіруе імкненне адкрываць слухачам новыя творы, не вядомыя ў нас пакуль імёны: гучала музыка аўстрыйскага гітарыста і кампазітара ХІХ ст. Ёзэфа Мерца, гітарныя пералажэнні і арыгінальныя аўтарскія кампазіцыі бразільца С.Асада, у Фантазіі “Карыока” якога з асаблівым пачуццём нацыянальнага стылю ўвасоблены дух Рыо-дэ-Жанейра. Пазнаёміліся слухачы і з толькі што напісанай чарговай п’есай кубінскага кампазітара, дырыжора і музычна-грамадскага дзеяча Лео Брауэра, якога звязваюць з нашай краінай шчырыя творчыя кантакты. У яго ёсць цэлая серыя твораў “Кубінскі відарыс з…” — з румбай, дажджом (гэтую п’есу нашы музыканты асабліва ўпадабалі), са званамі, самотай. Апошняй ч а с т к а й цыкла, якую і сыграў П.Кухта, стаўся відарыс “са святам” — поўны самацытат твор, літаральна працяты яркімі нацыянальнымі рытмамі і інтанацыямі. Слухаючы гэтае выкананне, станавілася зразумела, чаму скарбонка шматлікіх міжнародных перамог музыканта нядаўна папоўнілася лаўрэацтвам і прызам глядацкіх сімпатый на прэстыжным Міжнародным конкурсе ў Францыі, прысвечаным творчасці Л.Брауэра.

Яшчэ больш нечаканай атрымалася частка канцэрта “ў джазавых тонах”. Асабліва вытанчана і пранікнёна, з дзівосна дакладным адчуваннем стылю і эмацыйна-вобразнага строю прагучалі п’есы знаных джазавых музыкантаў: “Воблакі” Дж.Рэйнхарда і “Вакол поўначы” Т.Монка. Застаецца спадзявацца, што з новага сезона П.Кухта будзе яшчэ часцей гастраляваць не толькі “вакол Беларусі”, але і па ўсёй нашай краіне.

На здымку: Павел Кухта.