Мінск: жывы, пульсуючы, таямнічы

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

За месяц да Свята горада Мастацкая галерэя твораў Л.Д. Шчамялёва праводзіць чарговую выстаўку, прысвечаную Мінску. Тэма роднага горада для сталых мастакоў — невычарпальная: у іх творчасці яна раскрываецца часам у нечаканых аспектах, ракурсах і фарбах. Побач з вядомымі майстрамі працуюць сціплыя працаўнікі палітры і пэндзля, якія часам увасабляюць унікальныя моманты жыцця нашага любімага горада. Сярод іх — Галіна Вараб’ёва, якая ў жывапісе ўжо больш за 40 гадоў.

 У пейзажах, што прадстаўлены на ейнай персанальнай выстаўцы “Мінск жывапісны”, няма сучасных рытмаў развітога індустрыяльнага горада, якім ён стаў за апошнія паўстагоддзя, затое закладзены лірычная, душэўная прыгажосць і задумлівая мяккасць прыроды. Мінск — гэта не толькі шматлікія манументальныя збудаванні і архітэктурныя адметнасці, гэта яшчэ і дзіўныя па сваёй паэтыцы паркі, скверы і сады: вясновы разліў на Свіслачы, старое балотца ў Лошыцы, змрочны туман у Курапатах — большасць сюжэтаў карцін падкрэсліваюць захоплены погляд мастачкі на навакольны свет.

Інакш кажучы, творы Вараб’ёвай— амаль імпрэсіяністычныя па каларыце і рамантычныя па змесце, ствараюць нечаканы вобраз горада: жывога, пульсуючага і, адначасова, таямнічага — поўнага свету, колеру, і... кветак. Бэз, архідэі, касачы, рамонкі, дзьмухаўцы — настолькі звычныя для мінчан гарадскія кветкі — у яе работах становяцца не проста прыгожай “атрыбутыкай”, а своеасаблівым сімвалам жыцця нашай сталіцы.

Цягам усяго творчага шляху мастачка не адступае ад традыцыі пісаць на пленэры, што становіцца ўсё больш рэдкай сярод пейзажыстаў. Гэтая асаблівасць, можна сказаць, у вышэйшай ступені вызначае само паняцце жывапіснай пластыкі, падкрэсліваючы глыбокую эстэтычную накіраванасць экспазіцыі.