Мастак з Шаркаўшчыны прапануе экспазіцыю “Узнёслае і зямное”, куды ўвайшлі 45 работ розных гадоў. Выстаўка прысвечана 60-годдзю творцы.
Партрэты знакамітых людзей Віцебска займаюць галоўнае месца ў экспазіцыі. Гэта асобы, з якімі звязаны нашы карані: Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Язэп Драздовіч... З карцін Крука глядзяць на нас сучасныя віцебскія мастакі: А.Скавародка, А.Шыёнак, А.Крошкін і многія іншыя. Аўтар добра перадае не толькі знешнюю, але і ўнутраную, узвышаную, сутнасць сваіх герояў — творцаў у розных галінах мастацтва — і ўключае ў рэалістычны жывапіс элементы метафары і сімволікі. Адсюль — і назва выстаўкі.
У экспазіцыі таксама можна ўбачыць пейзажы, якія намаляваны на міжнародных пленэрах І.Рэпіна, І.Хруцкага і Я.Драздовіча. Работы адлюстроўваюць прыгажосць і тонкую адчувальнасць да розных праяў прыроды. Творы Крука ярка дэманструюць традыцыі мастацкай школы яго часу.
Пасля заканчэння ў 1972 годзе з чырвоным дыпломам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага універсітэта (вучыўся ў Ф.Гумена, І.Сталярова) Віктар Крук паехаў працаваць на Шаркаўшчыну. З тае пары ён — адзін з нямногіх сваіх аднакурснікаў — працуе па атрыманай спецыяльнасці педагога, выкладае ў шаркаўшчынскіх дзіцячай школе мастацтваў і сярэдняй школе. Працуе ў станковай графіцы, акварэлі, жывапісе.
З нагоды юбілею на адрас Віктара на прэзентацыі выстаўкі гучалі віншаванні, мастака ўзнагародзілі ганаровай граматай за значны ўклад у выяўленчае мастацтва.