“Квецень...” на лініі стылю

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Выстаўка твораў заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Кожуха адкрылася 30 ліпеня ў будынку Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. На ёй прадстаўлены жаночыя партрэты, вясковыя пейзажы мастака, створаныя ў апошнія гады. Лінія стылю творцы працягваецца, але новыя крокі нязменна ўражваюць.

 Тонкімі рукамі разрывае звычайны для палотнаў Уладзіміра Кожуха спакой дзяўчына ў роспачы. Карціна “Аплакванне” — надзвычай экспрэсіўная: над пустой зямлёй і ў пранізліва сінім небе раскінуліся хударлявыя рукі той, якая багата страціла і якой яшчэ шмат што патрэбна вынесці. Гэта не тыя звычайныя для мастака паэтычныя арыстакраткі з ганарлівым профілем і строгай постаццю, якіх, быццам іншаземных гасцей на адпачынку, не турбуюць ніякія клопаты.

“Квецень вясны” ахутвае рознакаляровай мазаікай, а восень — макраватым чырвона-бурым покрывам. Жывапісец наўмысна скажае кампазіцыйныя прапорцыі, быццам імкнучыся змясціць у карціне як мага большую частку наваколля, стаць уладаром таго, што ён паказвае. Кампазіцыя, якая дэманструе мастакоўскае ўменне, — на карціне “Воблака”, дзе акаляючая двух веласіпедыстаў прырода, здаецца, зараз паглыне іх, ці яны патонуць у пульхнай салодкай ваце вялізнага воблака. Яно, з’яўляючыся цэнтральным элементам палатна, нібы насоўваецца на гледача.

Традыцыйным для Уладзіміра Кожуха з’яўляецца выбелены каларыт, неэмацыйны, без жарсцяў. Мастак не хоча шакіраваць, а паказвае сваю ціхую замілаванасць кожным момантам любой прыроднай з’явы.