Пазакласны ЎРОК

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Нягледзячы на тое, што жнівень — час летніх адпачынкаў, і своеасаблівай “сіесты”, наш “Куфар-радца” не стамляецца гаварыць не толькі аб прыемным. Гэтым разам, працягваючы публікацыю п’ес, пакліканых прыцягнуць увагу нашых чытачоў да здаровага ладу жыцця, мы прапануем вострасацыяльны твор пад назвай “Пазакласны ўрок”. Тэмы прадухілення, барацьбы з дзіцячым п’янствам і алкагалізмам як адзін з аспектаў шматвектарнай сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, у тым ліку і ў галіне абароны дзяцей, скіраванай на фарміраванне здаровай і сацыяльна адказнай асобы,— гэта той бок грамадскага жыцця, дзе патрабуецца заўсёдная ўвага кожнага канкрэтнага чалавека. Акурат на гэтым акцэнтуе сваю і нашу ўвагу аўтар п’есы гамяльчанін Васіль Ткачоў.

Васіль ТКАЧОЎ

П’еса ў дзвюх дзеях

Д з е й н ы я   а с о б ы: Арцём, Захар, Ленка — дзесяцікласнікі; Карэткін, бацька Арцёма; Баброва, маці Захара; Маставая, класны кіраўнік; Князева, медсястра; Сцізорык, лейтэнант міліцыі; Калюжны, прадстаўнік прадпрыемства па вырабе безалкагольных напояў; Хурсанава, дырэктар школы; Дзяжурная; Санітары.


Наш час. Месцы дзеі — выцвярэзнік, гарадская вуліца і школьны клас.

Дзея першая

...Усё мацней і мацней наплывае шум вячэрняга горада. Гудуць аўтамашыны. Смех людзей.

У жыццё вячэрняга горада ўрываецца размова: “Я — сёмы! Я — сёмы!” — “Слухаю, сёмы...” — “Вышліце транспарт на вуліцу Савецкую, да старога універмага: неабходна даставіць у выцвярэзнік новага “кліента”. — “Вас зразумеў. Не жанчына часам?”— “Не!” — “Дзякуй Богу! Выязджаем!..”

Гудуць аўтамабілі. Смех людзей. Крыкі аб дапамозе. Сірэны спецаўтамашын...

Пакой у выцвярэзніку. Тры, акуратна прыбраныя, ложкі. Сцізорык прыводзіць Карэткіна.

Карэткін (спявае). “А я лягу-прылягу край гасцінца старога!..” Стоп, прыехалі!.. Мы прыехалі, начальнік? Сцяна ж!.. Тупік!.. Далей транспарт не ідзе!..
Сцізорык. Спакойна, спакойна!.. (Падтрымлівае Карэткіна.) Трымацца!.. Стаяць!..
Карэткін. Я, між іншым, калі гэты выцвярэзнік адкрывалі, запускалі ва ўрачыстай абстаноўцы яго першую лінію, стужку пераразаў! О! І першым заходзіў!.. Пра гэта яшчэ ў газетах пісалі. Вы што, газет не чытаеце? Прозвішча маё — Карэткін!
Сцізорык. Чытаю, чаму ж... Але пра такую значную падзею — не, не давялося. Аднак зайдрошчу вам.
Карэткін. Ведаць трэба!.. “А я лягу-прылягу...” Прыбылі мы з вамі!.. Га?..
Сцізорык. “Ветэран”, значыць, выцвярэзніка?
Карэткін. Яшчэ які! Ого! Хаця і не магу зразумець, чаму я тут? Навошта? З якой нагоды? Ну, той раз, відаць, не было каму стужку перарэзаць. А сёння? Вы, бачу, без мяне і дыхнуць не можаце?..
Сцізорык. Адпачніце, Карэткін... Паспіце ў чыстым, у цёплым... Вы ў нас — ганаровы наведвальнік, аказваецца... З такім чалавекам пашанцавала мне сустрэцца!.. Ці ж мог я думаць раней, паступаючы сюды на службу, што звядзе нас лёс?
Карэткін. Ды жартую я, жартую, таварыш начальнік: першы раз сюды трапіў! Ну з кім не бывае?
Сцізорык. Першы ці другі — няважна... А заўтра раніцай пойдзеце дадому...
Карэткін. Хто — я?
Сцізорык. Вы, вы...
Карэткін. Начальнік!.. Ты што, хочаш сказаць мне, Карэткіну, марскому пехацінцу, што я — п’яны? Га?!
Сцізорык. Не, не! Я хачу сказаць вам, шаноўны, што вы проста стаміліся... І таму прылеглі на тратуары адпачыць...
Карэткін. Гэта... гэта... прымаецца!.. Так і было на самой справе!.. А ў вас куды падаць?
Сцізорык. Выбірайце любы ложак. Іх тут тры.
Карэткін. Тры? Пачакай, началь нік... Не хлусі, аднак!.. “Тры”. Іх тут шэсць! Шэсць! (Лічыць.) Раз, два, тры, чатыры... Калі не сем... Добра, лягу... Няхай будзе па-вашаму... Але трэба так пацэліць, каб на два ложкі не легчы... адразу. А то разарвуся, як чарвяк... Ты рыбак, начальнік?
Сцізорык. Рыбак, рыбак. Ловім такіх тунцоў, як вось і вы.
Карэткін. А я — не. Грыбнік я!.. Паважаю ўсіх, хто ў капелюшы!.. (Нарэшце распрануўся, адзенне склаў на табурэт.)
Сцізорык. Хоць вы і не рыбак, але я вам усё роўна дапамагу ўладкавацца ў нас на начлег.
Карэткін. Зрабіце добрую справу, начальнік... Во дзякуй... (Лёг.)
Сцізорык. Адпачывайце. Баю-бай.
Карэткін (устаў). Я з дзіцячых штонікаў даўно вырас!.. Выключы святло, эканом энергію!..
Сцізорык. Святло будзе гарэць усю ноч: так павінна быць. Спаць!
Карэткін. Выспімся яшчэ... Дай пагаманіць з разумным чалавекам... Калі яшчэ такое будзе?.. А ведаеш, мне і пагаварыць няма з кім...
Сцізорык. Як гэта няма? Сям’я ж — ёсць?
Карэткін. О, сын у мяне выдатнік! Камп’ютэр яму купіў. Што, не верыш? Мазалём зарабіў!.. І не прападзём мы з Арцёмам!.. Сёння ў яго якраз дзень нараджэння быў... Але — адзнач, начальнік, — піў толькі я... Адзін... Ім торт купіў і дзіцячае шампанскае... А вось куды мяне пасля панесла — не памятаю... А што ты ўвогуле ведаеш пра маё жыццё, начальнік?
Сцізорык. Усё! Размова скончана! (Укладвае Карэткіна сілком у пасцель.) Спаць, спаць, спаць!..
Карэткін. Добра, здаюся. А... а спяваць можна?
Сцізорык. Спяваць будзеце заўтра раніцай. Як праспіцеся. Я з задавальненнем тады вас паслухаю... (Выходзіць.)
Карэткін. А ты інтэлігентны чалавек, начальнік! Мяне на “вы” мала хто называў. А спяваць не забароніш мне! У сына, у Арцёмкі, сёння дзень нараджэння! Заўтра будзе позна! Га? Як? Сэнс ёсць?
Спрабуе спяваць. З’яўляюцца Арцём і Захар, за імі ідзе Князева.
Князева. Прымайце папаўненне, таварыш дзед: унукаў вяду!..
Карэткін. Заўжды гатовы! Па першым закліку!.. Дзе яны, арляняты? Арцём і Захар абняліся, падтрымліваюць адзін аднаго.
Арцём. Мы ж тут былі нядаўна на экскурсіі. Захар, скажы?
Захар. Так! Былі! Усім класам!
Арцём (ікнуў). З класнай.
Карэткін. Сынок! Арцёмка-а! Якім ветрам?
Арцём. Тата?!
Карэткін. Я! Я! Сынок!.. Крывінка ты мая!..
Арцём. Ну, прывітанне, бацька!.. (Абняліся.)
Карэткін. Здароў, сынок!..
Захар. А майго тут няма? Няма з кім абняцца.
Князева. З падушкай абнімешся. Кладзіцеся спаць. І ўвогуле: не гарлапань!.. У суседнім пакоі адпачывае прадстаўнік прадпрыемства па вырабе безалкагольных напояў.
Карэткін. Як жа не радавацца нам? А я тут пад гарачую руку сынулю сустрэў... Вы ж жанчына, павінны зразумець, увайсці ў маё становішча!
Князева. Ды куды ж ужо больш уваходзіць!..
Арцём. А ты, бацька, што яшчэ піў сёння пасля святочнага стала?
Карэткін. Віно. Віно, сынок. А-а, ты не бачыў... І добра. Я заўсёды, калі мне захочацца выпіць, п’ю так, каб ты не бачыў...
Захар. А мы — толькі шампанскае!
Арцём. Ён не хлусіць. Таварышы, ён не хлусіць. Мы пілі шампанскае. Дзіцячае.
Князева. Хто вам паверыць, маладыя людзі?
Арцём. А я кажу: шампанскае!
Захар. Дзіцячае.
Князева. Бутэлька сапраўды была ў іх з-пад дзіцячага шампанскага, але пахне... дакладней сказаць — смярдзіць незразумелым, але моцным напоем... Калі панюхаць... Можна згубіць прытомнасць, калі доўга тую бутэльку будзеш трымаць паблізу ад носа. З’яўляецца Калюжны.
Калюжны. Хто тут заікнуўся пра шампанскае?!
Арцём. Мы.
Калюжны. Хвалю! Хвалю! Вось вам мае візіткі. Кожнаму, хто будзе рэкламаваць нашу прадукцыю, — па бутэльцы на брата! Карэткін апладзіруе. А я пайшоў далей, сябры. Да сустрэчы! Тэлефануйце!.. (Знікае.)
Захар. Нічога не зразумеў. На візітоўках жа намалявана фіга!
Арцём. І на маёй!..
Карэткін. А на маёй — ажно дзве фігі. З дзвюх рук... Во ўляпіў дык уляпіў аплявуху!.. (Пераключаецца.) Сынок! Як я рады нашай сустрэчы!
Арцём. І я, татуля!.. (Зноў абдымаюцца.)
Князева. Ай-яй-яй!.. Куды, цікава, маці глядзць?
Захар. Мы пілі, яшчэ раз заяўляю, дзіцячае шампанскае!
Карэткін. Пацвярджаю: яны пілі шампанскае...
Арцём. Без градусаў якое! А чаму сюды трапілі?.. (Пазяхае.) Прылегчы можна?
Карэткін. Во! Я ж і кажу: ён у мяне выдатнік. Толькі па спевах нізкая адзнака. Не любіць спяваць... Бо — не да песняў нам... Ага.
Князева. Распранайцеся ўсе. І — спаць!..
Арцём і Захар распранаюцца, доўга і марудна. Сын з бацькам яшчэ раз абдымаюцца перад сном... Зацямненне. Раніца наступнага дня. Спярша прачнуўся Арцём, за ім — Захар.
Захар. Дзе мы?
Арцём. Зараз даведаемся. (Выходзіць).
Карэткін (асцярожна высоўвае галаву з-пад коўдры). Божа! Дзе гэта я? Дома? (Аглядаецца вакол, уздымаецца.) Не, аднак!.. Але, дзякаваць Богу, жывы!.. А то прыснілася ж!.. Быццам там, на тым свеце... І чарга-а-а!.. Па знаёмстве некаторыя і там у пекла лезуць… Дык гэта, я што, учора напіўся? Людзі, дарагія мае, хто мяне ўчора і дзе бачыў у такім стане, што я ажно ў пекла лез, а мяне нават і туды не пусцілі? І быццам — выспяткам... Слухайце, тады, можа, ёсць сярод вас тыя, з кім піў? Падыміце, падыміце рукі, не саромейцеся... Справа звычайная... І такіх няма... Няма... Адзін жа я не п’ю быццам... Гэх, трэба ў кожнай чарачнай, куды нас, мужчын, нячыстая іншы раз заносіць, наліваць у такі посуд, каб толькі глянуў, хоць адным вокам нат, а на самым дне B— партрэт тваёй жонкі... Ці нават цешчы!.. З качалкай ці з ручніком.... І ты адразу — лахі пад пахі ды прэч адтуль... Людзі!.. Дзе вы?.. А-у!.. Яны, людзі, недзе за гэтымі сценамі, далёка. Тады навошта я да іх звяртаюся? Хіба ж пачуюць? Ой! Галава баліць... Калі, бывае, п’ю — баліць толькі яна, галава. А калі не п’ю — усё. І ногі, і рукі, і тут, і там...
Голас Арцёма. Я хачу да-до-му!..
Голас Захара. І я!..
Карэткін (пачуўшы голас сына, ажно прысеў). Сын?! Арцём?! А ён што тут робіць?! Дзівосы-непаразуменні, аднак!.. Сорам які!.. Сорам!.. (Схаваўся пад коўдрай.)
Заходзяць Арцём і Захар.
Захар. Усё, цяпер пачнецца... І школа, і бацькі... Дадуць дыхту...
Арцём. Ды мы ж нічога не рабілі!..
Захар. Толькі выпілі...
Арцём. А хто цяпер не п’е?
Захар. Правільна. Але “стружку здымаюць” заўсёды з тых, хто трапляе ў выцвярэзнік.
Арцём. Але ж трапляюць, хутчэй, дарослыя.
Захар. Так.
Арцём. Дарослым — добра... Хутчэй бы вырасці! Вунь, глянь, мужык пад коўдрай... Што з яго возьмеш?
Захар. Сам сабе начальнік. А тут зараз пачнецца!.. Карэткін крактануў.
Арцём. Спіць. У яго, відаць, таксама дзеці ёсць, жонка...
Захар. А помніш, мы з табой неяк крыжаванку разгадвалі...
Арцём. Разгадвалі. Часта. Чаму ты раптам пра яе згадаў?
Захар. Там трэба было адгадаць слова з пяці літар, якое павінен ведаць кожны, хто выпівае. Памятаеш?
Арцём. Тое слова назваў ты: “норма”.
Захар. І як мы пра яго забыліся?
Арцём. Я першы раз у жыцці напіўся.
Захар. А я — нібыта другі, можна падумаць!..
Арцём. Паслухай, а дзе Ленка?
Захар. Не памятаю... Яна з намі была да канца?
Энергічна заходзіць Баброва, маці Захара.
Баброва. Пусціце мяне! Дзе яны, неслухі? (Стала перад Захарам, прыняла ваяўнічы выгляд.) Ну?!
Захар. Ну.
Баброва. Я ў цябе пытаюся...
Захар. Пытайся...
Баброва. Добра пачынаеш жыццё!.. Яшчэ вусы пад носам не выраслі, а ты ўжо трапляеш туды, дзе твой бацьца, дарэчы, ніводнага разу не быў!
Арцём. І мой, здаецца? Не чуў...
Захар. Ну, выпілі...
Баброва. Выпілі! Як жа так можна?! Яны выпілі! Героі! Вы бачылі іх? Збірайся дамоў!
Захар. Адзін не пайду...
Баброва. Аднаго цябе і не адпусцяць. А я на працы павінна хлусіць, што мне трэба ў паліклініку? Ну, чаго стаіш, шалапут?
Захар. Я ж сказаў, здаецца: адзін не пайду...
Баброва. Пойдзеш са мной. Пад канвоем. Дажыўся!..
Захар. Арцёма што, аднаго пакіну? Так?
Баброва. У Арцёма ёсць свае бацькі — яны і разбяруцца. Ты за сябе адказвай.
Захар. Мы прыходзілі сюды разам, разам і пойдзем.
Арцём. Прыехалі. Мы прыехалі, здаецца...
Баброва. Добра, пачакаем. Заадно і з ягонымі бацькамі пазнаёмлюся.
Захар (абурана). Мама! Што ты гаворыш?!
Баброва. А тое, што ўсе шкодныя звычкі ты пераймаеш якраз у Арцёма! Раней жа ты такім не быў.
Захар. А можа, ён у мяне пераймае? Не цягні коўдру на свой бок. Арцём, ты не слухай... Я прашу цябе... І я не буду!..
Арцём і Захар затуляюць вушы рукамі. Баброва ж вядзе выхаваўчы працэс, аднак дзеці яе не чуюць.
Захар. Усё ў цябе?
Баброва. А-а, табе гавары — не гавары!.. Дарэмны занятак!.. Ну, дзе ягоныя бацькі? Дзе яны?
 З’яўляецца Сцізорык.
Сцізорык (Арцёму). Не адказвае ў вас дома тэлефон. Усю ноч званілі. І раніцай. Мабільніка ў бацькі няма, выпадкова? (Арцём паціснуў плячыма.) Зразумела. Тады сядзі тут. (Бабровай.) А вы чаму дадому не ідзяце? Грошы заплацілі ж, здаецца, за камфорт?
Баброва. Квітанцыю я здала. Але ж вось гэтыя не адпускаюць...
Сцізорык. Хто?
Баброва. Ну хто... Яны! Адзін без аднаго не могуць і кроку зрабіць!
Арцём. Мама на дачы. Там няма тэлефона. А дзе бацька, адкуль я ведаю? Ён мне не дакладвае. Тэлефануйце на хатні... Раптам з’явіцца. Ці адпусціце: я знайду яго.
Сцізорык. А штосьці разумнейшае за гэта ты не мог прыдумаць? У такім выпадку я вымушаны патурбаваць школу.
Арцём. Толькі не школу! Прашу вас! Не трэба школу турбаваць! Навошта ўвесь гэты шум?
Сцізорык. А хто ж тады вінаваты, што вы тут аказаліся?
Баброва. Школа, толькі яна, школа! Мы ж, бацькі, нічога не шкадуем для сваіх дзетак! Усё смачнейшае, усё лепшае — ім!..
Захар. Мама!
Баброва. Дай сказаць!..
Захар. Прычым тут школа, калі мы самі вінаватыя? Школа мне шампанскае ў рот не ліла.
Арцём. І мне... Таксама не ліла.
Баброва. Ну, не я ж!..
Захар. То бацькі Арцёма вінаваты, то школа...
Баброва. А хто ж тады?
Арцём. Шукайце вінаватых... Вы — дарослыя, вы гэта ўмееце... Таварыш міліцыянер, выйсці можна?
Сцізорык, Арцём і Захар выходзяць. За імі выбягае Баброва. Паўза.
Карэткін (высоўвае галаву з-пад коўдры, спаўзае на падлогу). Божа! Вось гэта трапіў дык трапіў у пастку! І што ж цяпер рабіць? Прызнацца, што я — той, каго шукаюць? Што я — бацька Арцёма? Дык ці не позна? І чаму я адразу гэтага не зрабіў? Дурань, ну, дурань я!.. Ага! Ручнік! (Хапае ручнік, абвязвае ім галаву, выходзіць.)
З’яўляецца Баброва.
Баброва. Курыць! На самой справе курыць! І дым правільна выпускае... Адчуваецца: стаж мае багаты... Не хлусіў, аднак!.. Хоць нешта ў ім станоўчае: праўду гаворыць. І як гэта мы з мужам упусцілі сына? Ды і хіба ж толькі мы? А вуліца? А школа? А такія, як гэты Арцём!..
Заходзяць Арцём і Захар.
Захар. Прысядзь, ты прысядзь, мама, на мой ложак.
Баброва. Твой ложак дома!..
Захар. Мая справа — прапанаваць.
Арцём. А навошта ім мой бацька? Усё роўна не знойдуць. Забярыце мяне, Аляксандра Макараўна! Забярыце! Не пакідайце мяне тут!..
Баброва. Ці мне пачулася? Паўтары, што сказаў!
Арцём. Забярыце мяне адсюль, Аляксандра Макараўна. Разам з Захарам.
Захар. Праўда, мама. Забяры нас.
Баброва. Якое нахабства! Залпам, з двух ствалоў, б’юць па мне, па беднай маці!.. Не возьмеце!..
Арцём. Цяжка зрабіць вам добрую справу для мяне, так? Раз у жыцці! Я болей ніколі нічога ў вас прасіць не буду! Абяцаю!
Захар. Мама, ну выручы ж ты чалавека.
Баброва. Ні за што! І не ўпрошвайце! Ні за што! З-за яго ж ты тут сядзіш, сынок!.. Як зразумець не можаш?..
Захар. Не пазнаю я цябе. Ты — нібы каменная скульптура... Ты ж не такая, я ж ведаю... Ты ж — добрая... Што з табой здарылася?
З’яўляецца, старонячыся прысутных і хаваючы ад іх твар у ручніку, Карэткін.
Захар. Што гэта ён? Пабілі яго, ці што?
Арцём. Дзядуля! Што з табой? Дзяду-ля!.. Карэткін моўчкі схаваўся пад коўдрай. Ён глухі, ці як зразумець?
Захар. Нямы, відаць. Маўчыць, і няхай маўчыць. Мусіць, хутчэй за ўсё, яшчэ не праспаўся. А мы калі прыйшлі, ён тут быў?
Арцём. Спытай што-небудзь лягчэйшае.
Баброва. Той, пад коўдрай, — гэта вы, маладыя людзі, у старасці. Гэты выцвярэзнік стане, адчуваю, вашым родным домам! Паверце мне! Пачатак пакладзены! Старт узялі добры!
Захар. Думай, што гаворыш, мама!
Баброва (строга). Пайшлі, кажу, дамоў! Мне на працу трэба! Я ўсяго на дзве гадзіны адпрасілася! “У паліклініку!..” Ты будзеш слухацца мяне ці не? (Цягне Захара, той упарціцца.)
Захар. Сказаў жа: не пайду без Арцёма!..
Баброва. Тады сядзі тут і чакай, пакуль знойдуцца яго бацькі! Сядзі, сядзі, сынок! А я пайшла! Няма мне калі з табой тут бавіцца!.. (Выходзіць.)
З’яўляецца Князева.
Князева. Выспаліся, “юнаты”? (Ёй не адказваюць. Яна штурхае Карэткіна.) А ты колькі спаць будзеш? Шукай жонку ці каго яшчэ, хай паклапоцяцца, каб ты мог пайсці дадому. Эй, дзед! Чуеш? Каб праз пяць хвілін быў гатовы!.. Падымайся, падымайся! А вы, што з вас возьмеш? (Махнула рукой, выходзіць.)
Арцём. А хто такія “юнаты”, Захар?
Захар. Хто такія цімураўцы — ведаю, а “юнаты” — першы раз пачуў ад той, у белым халаце. Давай спаць?
Арцём. Ты спі, а я не магу. Ды і хіба тут дадуць паспаць?! (Грукнуў кулаком па сцяне.)
З’яўляецца Сцізорык.
Сцізорык. Бачу, няма чаго рабіць?
Захар. Падручнікі дома.
Арцём. Сшыткі — таксама.
Захар. Ручкі, алоўкі...
Арцём. Усё — дома. Можа, адпусціце, таварыш начальнік? Урокі ж не зробім.
Захар. Хто за гэта адкажа?
Арцём. Няўжо вам ахвота браць на сябе, можна сказаць, камень з пятлёй на шыі?..
Сцізорык. Разгаварыліся, бачу. Таму я вырашыў: пакуль тое ды сёе, павучыцеся ў маёй “акадэміі”. За мной!
Захар. Пачакайце, я спытаць у вас хачу... Можна?
Сцізорык. Слухаю.
Захар. А Ленкі з намі не было... ўчора? Рыжанькая такая... з мабілай. На вожыка падобная.
Сцізорык. Не, вас прывезлі толькі двух. Каб была падобная на вожыка, я б запомніў.
Арцём. Успомніў! Ага! Яна ж заснула, а мы на вуліцу пасунуліся... Во, успомніў!..
Сцізорык. Ну вось, калі трэба, і самі ўспомніце... За мной, “гвардзейцы”!
Сцізорык, Арцём і Захар выходзяць. Карэткін зноў вылазіць з-пад коўдры, апранаецца.
Карэткін. А-а-а, галава-а!.. (Пахіснуўся, патрымаўся за лоб.) Так, дзейнічаем хутка, энергічна!.. На флоце апранаўся за сорак пяць секунд, а тут хоць бы за столькі хвілін апрануцца... (У яго мала што атрымліваецца, ён нервуецца, кідае адзенне на падлогу, падымае, зноў апранае.) Скажы каму — не павераць: спаў, як і дома, з сынам у адным пакоі... нават у выцвярэзніку. Сіла прыцягнення? Сямейная! А што будзе, калі ўсё высветліцца? А высветліцца абавязкова!.. Сорам!.. Расолу б!.. А ў горле!.. Сліна засыхае ў роце, як цэмент на цагліне... Усё, больш не п’ю!.. Выйду адсюль — куфаль піва, і завязваю... Бр-р!
Галасы. Крокі. Ды каб ім!.. (Зноў хаваецца пад коўру, там працягвае апранацца. З’яўляецца Баброва, доўга не можа зразумець, што ён пад коўдрай робіць.)
Баброва. Э-э...
Карэткін (не паказваючыся). Эге... Э-ге...
Баброва. Дзе школьнікі?
Карэткін. Э-ге, э-ге...
Баброва. Так напіцца! Дровы!.. Сырыя дровы!.. (Выходзіць.)
Зацямненне. Дзесьці паблізу — шумная гарадская вуліца. Крыху ў баку ад яе Арцём і Захар падмятаюць тратуар.
Арцём. Нас зневажаюць, а мы за сябе і пастаяць не можам! Крыўдна.
Захар. Чаму? Я, напрыклад, магу. (Гучна.) Таварышы мінакі! Звярніце ўвагу! Нас зневажаюць! Нас, хлапцоў, якім трэба не дзеркачы ў рукі даць, а камп’ютэры!.. А мы п’ём толькі дзіцячае шампанскае!.. І тое па святах!..
Арцём. Захар, ты што... таго? Здурнеў?! А раптам хто з нашых знаёмых будзе побач праходзіць?
Захар. Няхай і знаёмыя чуюць!
Арцём. Перастань! Спыніся!
Захар. А можа, я для знаёмых і падаю свой голас! Давай разам, а? Калі яшчэ будзе такая магчымасць?
Арцём. Ды ну цябе, вар’ят!
Захар. Рукі прэч ад лепшых вучняў нашай школы! Рукі прэч ад спартсменаў-разраднікаў! З’яўляецца Калюжны.
Калюжны (здзекліва). Дакацілісяя!.. А-а-а-а!.. Так вам і трэба!.. Піце, піце і надалей шампанскае!.. Ха-хаха!.. (Уцякае.)
Захар. Дык гэта ж ён!.. Той, што візітоўкі раздаваў!.. Лаві яго, Арцём!..
Арцём. Сапраўды!.. За ім!.. Трымай!.. Палундра-а-а!.. Знікаюць. У выцвярэзніку. Карэткін усё яшчэ апранаецца.
Карэткін. Яны шукаюць маю жонку, каб тая разлічылася, вядома ж, за ноч, праведзеную ў выцвярэзніку. Дурні! Дзе вы яе знойдзеце, калі я і сам яе не магу знайсці!.. Праўда, не шукаў, скажу шчыра... Але ўсім адказваю: на лецішчы. На ўсялякі выпадак. Каб не ліплі з допытамі... На лецішчы — і ўсё... А там — разумей, як хочаш...
Голас Захара. Заданне выканана! Дзякуй за давер!
Голас Арцёма. Падмялі чыста!..
Карэткін. Я, відаць, адсюль не выберуся ніколі! (Зноў хаваецца пад коўдру.)
Заходзяць Арцём і Захар. Стомлена плюхаюцца на ложкі.
Захар. Паміраю!
Арцём. У роце перасохла. Як кажа мой бацька ў такіх выпадках: сліна засыхае ў роце, як цэмент на цагліне...
З’яўляецца Баброва.
Баброва. Дзе гэта вы былі?
Арцём. На працоўным фронце. З дзеркачамі.
Захар. Ай, не кажы, мама. Працавалі.
Арцём. Вуліцу падмяталі...
Баброва. Што?!
Захар. Так, так. А знаёмыя спыняюцца каля нас, спачуваюць...
Арцём. Калі не забярэце нас адсюль, Аляксандра Макараўна, то, сказалі, будзем падмятаць перад школай: у мэтах выхавання, каб усе бачылі... А побач будзе стаяць міліцыянер і сачыць, каб не далі драпака...
Захар. Каб не ўцяклі на ўрокі...
Баброва. Хаця... хаця чым я магу вам дапагчы? А нічым! Што зробіш, калі цяпер дзеці такія!... Збегала на працу, адпрасілася, зноў “у паліклініку”... А заадно табе падсілкавацца прынесла, сыночак. Татка прывітанне перадае.
Захар. Узаемна.
Арцём. А мой, відаць, і не ведае, што я тут...
Баброва. Як гэта так? Як гэта так? Сын трапіў у крытычную сітуацыю, а родныя нават не ведаюць! Іх проста не могуць адшукаць! Іголку ў стозе сена лягчэй знайсці, чым тваіх... язык не паварочваецца сказаць... бацькоў. Чаму гэта нас знайшлі адразу? Чаму?
Арцём. Гэта — сямейная тайна, Аляксандра Макараўна. А вы, відаць, бліжэй ляжалі і не так замаскіраваліся...
Баброва. Хм, тайна! Вось і сядзі тут, калі тайна. Маскіроўшчык!
Арцём. Не хочаце забіраць мяне — і не трэба!
Захар. А, мама? Можа, перадумала?
Баброва. Ні за што!
Захар. Прабач, Арцём...
Арцём. Нічога. Толькі ж атрымліваецца, што разам з намі сядзіць у выцвярэзніку і твая маці. Добраахвотна.
Баброва (зніякавела). Пачакайце! Так, так, так! Ага... Лагічна. Усё правільна. (Корміць Захара, а той перадае так, каб не бачыла маці, частку ежы сябру.) Дома ўсё добра. Ты еш, еш.
Захар. Ды ем, ем, мама.
Баброва. Забрала прас з рамонту. А, вось!.. Радыё раніцай перастала гаварыць. Не адно — дык другое!.. Нехта ў пад’ездзе напісаў лаянкавыя словы... Для чаго дамафоны паставілі?
Захар. Бачыш, калі б я сюды не трапіў, падумалі б на мяне!
Арцём. Пашанцавала!..
Захар. Што ні робіцца — усё да лепшага.
Баброва. Так, так. А я ім, калі на цябе скажуць, так і заяўлю: а ведаеце, дзе мой сын быў у той час, калі з’явілася гэтая “лірыка”? Не ведаеце? У выцвярэзніку! У яго алібі, між іншым!..
Захар (здзіўлена). Мама! Ты гэта што, сур’ёзна? Арцём папярхнуўся, кашляе.
Баброва. І квіток пакажу... Куды і колькі грошай заплаціла! Не хвалюйся. Абстаўлю ўсё так, быццам не ты быў у гэтай шэрай, панылай установе, а кожны з іх. Еш, еш.
Захар. Ды куды есці, калі ў рот пасля тваіх прамоў нічога не лезе...
Баброва. Значыць, сыты.
Арцём. І я таксама...
Баброва. Увесь выцвярэзнік карміць я не мела намеру. (Хавае ежу ў сумку.) Рэстаран зачынены, шаноўныя мае! Ну, і што ж далей рабіць будзем? Так і сядзець? Чакаць з мора надвор’я? Я такога не пацярплю. Арцём!
Арцём. Што?
Захар. Збірайся...
Баброва. Не збірайся, а давай нумар тэлефона, пайду тарабаніць тваім... Гэта ж трэба!.. Сын у бядзе, а ратаваць няма каму!.. Дажыліся!.. Давай, давай нумар тэлефона, ды хутчэй, а то я і сапраўды траплю з вамі ў паліклініку...
Арцём. Справа ў тым, Аляксандра Макараўна... Няма ў нас тэлефона...
Баброва. Як гэта — няма?
Захар. Вельмі проста... Няма — значыць, няма.
Баброва (да Захара). Дык яны што, у джунглях жывуць?
Захар. Апарат разбіўся. А новы купіць няма за што.
Баброва. У цябе што, ніхто дома не працуе, не зарабляе грошай?
Арцём. Чаму? Працуе...
Баброва. Ну, вось!..
Арцём. А нам, можа, няма куды тэлефанаваць!
Баброва. А там разрываюцца, набіраюць нумар хатняга тэлефона... Схадзі, скажы, няхай людзі дарэмна не стараюцца.
Захар. Ім усё роўна няма чаго рабіць. Салдат спіць — служба ідзе.
Баброва. Гора з вамі, бяда.
Захар. Пра Арцёма, прашу цябе, больш ні слова!
Баброва. Ён што, вялікі начальнік?
Захар. Уяві сабе. Ды і што ты ведаеш, мама, пра Арцёма?
Арцём. Захар!
Захар. Што: “Захар”?!
Арцём. Не трэба, прашу цябе.
Баброва. Мне цікава. Ну, ну? Працягвай, сынок.
Захар. Арцём не дазваляе, хіба ж не бачыш? А бацька ў яго, між іншым, добры чалавек... Не п’яніца, у рэшце рэшт, хаця і можа іншы раз дазволіць сабе... Не без таго... І не гыркае, як наш: пайду з дому... З мяне хопіць... Адна жыві... Надакучыла карміць усіх... Без мяне з голаду памраце!.. Добры бацька ў Арцёма...
Паўза.
Баброва. Давайце даядзім, што засталося. Не панясу ж я дамоў... (Выкладвае з сумкі ежу, частуе і Арцёма.) Я цябе выкупіла б, Арцёмка, але ў мяне няма грошай. Бегала, думала, пазычу ў каго са знаёмых, ды ў іх таксама не ўзяла.
За перакусам застае іх класная Маставая.
Маставая. Смачна есці! Убачыўшы класную, Арцём папярхнуўся, ускочыў з ложка. За ім узняўся і Захар.
Арцём. Добрай раніцы!
Захар. Вы праходзьце, праходзьце. Сядайце!..
Маставая. Дзякуй. Знаёмы пакой...
Захар. Мы ж на экскурсію сюды прыходзілі.
Арцём. Разам з вамі. Памятаеце?
Маставая (з’едліва). І вам, як высветлілася, тут спадабалася.
Арцём. Не, зусім не... Што тут можа спадабацца?
Маставая. А чаму ж тады тут аказаліся?
Захар. Мы выпілі... Сюды цвярозых не прывозяць. Толькі на экскурсію...
Арцём. Але пілі дзіцячае шампанскае.
З’яўляецца Сцізорык. Прыносіць бутэльку з-пад дзіцячага шампанскага.
Сцізорык. Не заўсёды напісанаму верыць трэба.
Захар. А мы паверылі.
Сцізорык. Яшчэ і сёння так патыхае з бутэлькі, што ачмурэць можна, калі панюхаеш... Гэта вам як класнаму кіраўніку — “на памяць”. (Выходзіць.)
Маставая ўзяла бутэльку, не ведае, што з ёй рабіць, а потым усё ж засунула ў сумачку...
Захар. У Арцёма ўчора дзень нараджэння быў...
Маставая. Віншую, хоць і са спазненнем... Хто быў на вечарыне?
Арцём. Ды мы не вечарам святкавалі... Удзень... А былі мы з Захарам. Ну, і бацька...
Маставая. Зразумела. І бацька, значыць, вас напаіў?
Арцём. Ён купіў нам дзіцячае шампанскае. Ён мне заўсёды яго купляе... Калі Новы год ці якое яшчэ свята...
Маставая. Ну, ну, далей.
Баброва. Госпадзі!..
Захар. А што далей? Бацька павіншаваў Арцёма і пайшоў некуды... А мы слухалі музыку і пілі шампанскае...
Маставая. Шампанскае? Дзіцячае?
Баброва. І я ўжо таксама перастаю верыць ім!..
Захар. Мама! Гэта пазакласны ўрок. Не перашкаджай.
І раптам з-пад коўдры вылузваецца Карэткін. Ён цалкам апрануты, і выгляд у яго даволі прыстойны.
Карэткін. Я, гэта ўсё я!..
Арцём. Тата!
Карэткін. Як бачыш, сынок... я. Гэта я. Прабач.
Арцём. Ды я... я нічога... Што я?..
Маставая. Сямейны падрад?
Баброва. Не хапае толькі мамы. Калі яшчэ мама такая!..
Маставая. А я, дарэчы, вашай мамы ніколі не бачыла... Сяргей Васільевіч, як жа так?
Карэткін. Вось так... Такі я дурань... Забіце мяне... Расстраляйце, калі ёсць за што... А як атрымалася, так атрымалася...
Маставая. Я ж лічыла вас прыстойным бацькам, за прыклад іншым ставіла...
Арцём. А ён такі і ёсць! Вы не памыляліся. Не трэба дакараць майго бацьку... Прашу вас.
Карэткін (Маставой). Пазычце нам грошай. Каб выбрацца адсюль. З гэтага пекла... Я аддам. Хутка.
Маставая. А колькі патрэбна?
Карэткін. Там скажуць...
Баброва. Могуць сказаць і тут... (Перадала квіток.)
Маставая. Такіх грошай у мяне, на жаль, няма.
Карэткін. Што ж, тады давядзецца нам з Арцёмам тут жыць яшчэ тры дні.
Баброва. Што з вамі зробіш? Добра, пазычу... Калі побач сведкі ёсць, то не рызыкую...
Баброва аддае грошы Карэткіну.
Карэткін. Пайду выпісвацца. А што да дзіцячага шампанскага, то мая тут віна... Цалкам... Я пераблытаў бутэлькі... Дзве стаялі побач: адна — з сапраўдным шампанскім, адна — з разведзеным спіртам... Не тую ўзяў... Трэба ўжо акуляры выпісаць, а я ўсё неяк не выберуся да доктара па рэцэпт…
Захар. А мы паспрабавалі O— добра пайшло... Дзіцячае шампанскае.. Давай яшчэ? Давай. А там і дно паказался. І на тым дне, як у Горкага, мы і апынуліся...
Карэткін. Усё, больш ніякага шампанскага! А то заўтра прыдумаюць гандляры дзіцячае піва, дзіцячую гарэлку, дзіцячыя цыгарэты... А мы ж ненаўмысна... Ат!.. Ды што там!.. Ага!.. Скажыце, скажыце на сходзе, усім бацькам скажыце... (Раптам ён згубіў прытомнасць, пахіснуўся і асунуўся на падлогу.)
Арцём (кінуўся да яго). Тата!
Маставая. Выклікайце “хуткую”!
Баброва. Захар, чаго стаіш?
Захар. Ага! (Выбягае.)
Баброва. А я — за вадой! Вады! Чалавек памірае!.. (Выбягае.)
Сцізорык і Князева прыносяць вады. Ратуюць Карэткіна. Чуваць сірэну “хуткай дапамогі”.
Арцём. Я люблю цябе, тата... Не памірай... Як жа я адзін без цябе?!.. (Санітары выносяць Карэткіна з палаты.)
Сірэна “хуткай дапамогі”. У палату вяртаюцца Захар, Баброва і Маставая.
Баброва. А... а грошы? Што, з сабой ён грошы так і павёз?
Захар. Я аддаў.
Маставая. Захар, а маці ў Арцёма ёсць?
Захар. Ён забараніў мне пра гэта гаварыць. Усім. Нават вам.
Паўза.
Маставая. Значыць, няма... А да мяне толькі цяпер дайшло... Бо я ніводнага разу не бачыла маці на сходах... Заўсёды бацька прыходзіў... Не такі, як сёння... Не сказала б, што бачыла хоць раз яго ў нецвярозым стане...
Захар. Ён не п’е. А што трапіў сюды, у выцвярэзнік, гэта выпадковасць... Сапраўдныя выпівохі сюды рэдка трапляюць... Я толькі цяпер гэта зразумеў...
Баброва. Расцеш, сынок, сталееш!..
Захар. А, раскажу! Больш таго, і бацька ў Арцёма — не родны.... Сяргей Васільевіч браў маці з ім... А яна... Спачатку на месяц знікала... Пазней — на год... Дзе жыве і як — ні Арцём, ні Сяргей Васільевіч не ведаюць... Можа, гэта жорстка? Не магу сказаць... Хоць і шкада бывае, што яна стала такой...
Баброва. Чаму ж ты маўчаў, нягоднік?! Калі я піражкі прынесла, з тваражком і з капустай...
Захар. Не дазваляў Арцём! Я ж сказаў! І цяпер шкадую, што не стрымаў слова... Я, здаецца, шкоды яму гэтым не зрабіў?
Баброва. Во яно як! Хто б мог падумаць!..
Маставая. Цішэй, цішэй: мы ж тут “у гасцях”... Зазірнула Князева.
Князева. Патрабуюцца месцы. Тут будзе цяпер “жаночая” палата. Так што, прабачце!.. Адну ўжо прывялі... Чуваць, як у калідоры ўзняла гвалт п’яная жанчына, а потым заспявала...
Усе выходзяць.
Заслона.

Дзея другая

Школьны клас. За сталом сядзіць Маставая. За партай — Арцём і Захар. Заходзіць Баброва.
Баброва. Не спазнілася? Добры дзень!
Маставая. Добры... Пакуль няма прадстаўніка прадпрыемства па вырабе безалкагольных напояў... Прозвішча ягонае? Зараз скажу... (Зазірнула ў сшытак.) Калі каго цікавіць... Так, значыць, яго прозвішча — Калюжны.
Арцём. Хакеіст такі ёсць... Стук у дзверы.
Маставая. Заходзьце!..
Уваходзіць Калюжны.
Калюжны. Добры дзень усім! Амаль усе ў адзін голас: “Добры!..”
Калюжны. Расціслаў Ігнатавіч.
Маставая. Чакаем, чакаем, Расціслаў Ігнатавіч.
Калюжны. Ды быццам мае дзеці ў вашай школе не вучацца. І ўнукі — таксама. Чым магу дапамагчы?
Захар. Дзякуй за візітоўкі!..
Арцём. А я вам магу паказаць тое ж самае, што на іх было намалявана, наяве!.. (Паказаў фігу.)
Захар. Ён паказаў і за мяне. Лянуюся круціць з трох пальцаў.
Маставая. Прабачце, што тут у нас адбываецца?
Захар. Ён ведае...
Калюжны. Яны мяне з кімсьці блытаюць. Не звяртайце ўвагі.
Маставая. Ну што ж, адразу пераходзім да справы. Спадзяюся, размова атрымаецца ў нас сур’ёзная. (Паставіла на стол бутэльку з-пад шампанскага.) Ваш прадукт?
Калюжны (з гонарам). Наш. Пазнаю. Трэці год вырабляем. Сёння якраз запусцілі новы гатунак... На мясцовай сыравіне... Рэч, скажу вам!.. Я сёння каштаваў... П’еш і піць хочацца, як ваду крынічную ў спёку... Во рэч! (Паказаў вялікі палец.)
Заходзіць Ленка.
Ленка. А яны вось дзе! Што ў вас тут? Зноў шампанскае п’ём, так? Не, мяне больш не прымусіце!.. Хлопцы, а вы куды падзеліся? Трое сутак не бачыліся, здаецца? Сёння што ў нас? Серада?
Маставая. Лена, сядзь.
Захар. Можаш і каля мяне.
Ленка. Ды ў мяне дагэтуль у роце перасыхае: вады вып’ю — галава кругам ідзе... І хоць бы хто патэлефанаваў, маўляў, дзе я, што са мной?!. Сябры называюцца!.. О, дык гэта ж наша бутэлька! На стале! Вы што, яе, бутэльку, судзіць сабраліся? І правільна! І хто такую гадасць вырабляе? Пакажыце мне яго!..
Калюжны. Посуд тут ні пры чым. У гэтым выпадку — бутэлька. У бутэльку можна і кіслаты наліць. Вы ж кіслату не станеце піць?
Захар. Я неяк газіраванага напою чырвонага колеру выпіў шклянку — у мяне язык чырвоны быў колькі дзён! Добра, што хоць не нос, а то за Дзеда Мароза прынялі б!
Ленка. Але я п’ю звычайную ваду, слова гонару! І чай. (Заўважыла Баброву, радасна.) А-а!.. (Абдымае яе).
Баброва. Дык і ты, значыць, з імі была?
Ленка. Яны ж без мяне прападуць!
Баброва. А гаварылі: мы і бацька. Утрох.
Ленка. Хлусы! І не сорамна вам чалавека падманваць? Ну, я пайду. Толькі што вады выпіла і, адчуваю, зноў “плыву”...
Баброва. Плыві, плыві дамоў.
Захар. Можна, я давяду Ленку дадому? Усялякае можа здарыцца. А?
Маставая. Канешне, канешне. Але… Я ніколі такой Ленку не бачыла.
Ленка. Таму што Ленка ніколі, можа, і не піла шампанскае. Пайшлі, Захар!
Баброва. Не затрымлівайся ж! Глядзі там!..
Ленка павярнулася, паказала Бабровай язык і знікла.
Баброва. Не патрэбна мне такая нявестка!.. Усе чулі?..
Маставая. Прабачце. Я і не ведала, што ў маім класе такія вучні... І ўсе трое — выдатнікі, самае галоўнае. На іх арыентую іншых, каб прыклад бралі... Арцём на алімпіядзе на матэматыцы нядаўна перамог, Захар з Ленкай ездзілі на алімпіяды па гісторыі і мовазнаўстве... Узнагароды таксама прывезлі... Ні дыплом універсітэта, ні дзесяцігадовы педагагічны стаж не ідуць ні ў якое параўнанне, аказваецца, з чаркай... Расціслаў Іванавіч, мы разумеем, што тут — школа... І мы, магчыма, не мелі права выклікаць вас як прадстаўніка прадпрыемства па вырабе безалкагольных напояў “на дыван”, рабіць допыт, кідаць папрокі, а такое, безумоўна, будзе... Прадбачу ўсё гэта.
Калюжны. Ну што вы! Я здагадваюся, пра што пойдзе гаворка. Калі наша прадпрыемства вырабляла б аўтамабілі, а нехта разбіўся, таму што парушыў правілы дарожнага руху, то мяне як прадстаўніка таксама выклікалі б “на дыван”?
Маставая. Мы зусім пра іншае...
Калюжны. Тады пра што?
Маставая. Сваім вырабам вы набліжаеце дзяцей да алкагалізму.
Калюжны. Я думаў, наадварот: адводзім убок. Ну, ну, цікава.
Маставая. Тут цікавага, на жаль, мала. Уявіце сабе: сядзіць за святочным сталом дзіця, пад мяккае месца падклалі яму падушачку, каб хоць вочы бачылі, што робіцца на стале, а ў руцэ — бакал... З шампанскім. Дзіця гордае: таксама п’ю! Паглядзіце на мяне! Звярніце ўвагу! Хоць там — бурда, тое, што ў бутэльцы, зусім піць, на мой погляд, нельга. Жах, што там!.. Я ўчора і сама купіла бутэльку дзіцячага шампанскага. Верыце, паўкубка выпіла, астатняе выліла... Гэта, відаць, зроблена наўмысна для таго, каб дзіцёнак таксама моршчыўся, як моршчацца дарослыя, калі п’юць гарэлку, каньяк...
Калюжны. Прабачце, мы ж, як кажуць, не шарашкіна кантора. На выраб маем адпаведны сертыфікат. А як вы думалі! Мы ж сур’ёзная арганізацыя... Цяпер жа не той час. Кожнае прадпрыемства вырабляе тое, што яму прыносіць прыбытак, што яму выгадна. Рынак. Ёсць попыт. Нічога не зробіш. Людзі ж купляюць!..
Маставая. Пакуль разбяруцца, што да чаго, вы шмат шкоды наробіце! Цікава, а як прозвішча таго чалавека, які прыдумаў гэты брэнд?
Калюжны. Не ведаю.
Маставая. А можа, Расціслаў Ігнатавіч, гэта вы і ёсць той самы вынаходнік дзіцячага шампанскага?
Калюжны. Думаю, гэтае вынаходніцтва прыйшло да нас...
Маставая. Ну, правільна... Бяры, Божа, што нам не гожа... Яшчэ прыдумаеце што-небудзь такое, што будуць смактаць нашы дзеткі праз соску... каб лепш спаць... А навошта нам здаровая нацыя?! Нам — прыбытак любой цаной, грошы!..
Калюжны. Дарэчы, наша дзіцячае шампанскае прывезла з выстаўкі залаты медаль.
Маставая. А ў майго суседа ёсць сабака, у якога безліч гэтых медалёў!.. Ён нават іх насіць не можа сам — гаспадар носіць... Ледзь валачэ тыя ўзнагароды ў торбе... А сабака той укусіў хлопчыка!.. Ледзь выратавалі. Так што не варта чакаць, пакуль нехта “ўкусіць”, а трэба не даводзіць да гэтага, Расціслаў Ігнатавіч, не ствараць небяспечную сітуацыю.
Калюжны. Ад мяне мала што залежыць. Ды і, калі шчыра, ад дзіцячага шампанскага яшчэ ніхто не трапляў ніводнага разу ў выцвярэзнік.
Маставая. Згодная. Я згодная з вамі. Але яно набліжае сустрэчу многіх сённяшніх маладых людзей з сапраўдным алкаголем. Вось што небяспечна!..
Арцём. Мы не збіраліся піць на маім дні нараджэння нічога моцнага. І гэтая недарэчная сітуацыя — звычайная бацькава памылка... Зрок у яго слабы: зваршчыкам на будоўлі ўсё жыццё працуе... Справакавала нас... І мы не ўстаялі! Хаця, разумею, маглі б. Не атрымалася... Маладым, канешне, іншы раз хочацца паспрабаваць таго, чаго ніколі раней не спрабаваў. Я прашу прабачэння...
Баброва. А мой не папросіць!..
З’яўляецца дырэктар школы Хурсанава. Яна нечым усхвалявана.
Хурсанава. Што гэта ў вас тут за сустрэча? Наталля Уладзіміраўна, я ў вас пытаюся!..
Маставая. Мы вырашаем, як не даць... як не дазволіць, каб надалей трапляла да дзяцей дзіцячае шампанскае...
Хурсанава. І што ж, знайшлі выйсце?
Маставая. Пакуль — не... На ўзроўні размовы... Ніякіх пагадненняў не падпісвалі...
Хурсанава. Тады павучыцеся ў сваіх вучняў. Так, так, не здзіўляйцеся. У Захара і Ленкі. Толькі што мне дырэктар прадпрыемства па вырабе безалкагольных напояў патэлефанаваў... Гэта ж трэба дадумацца: на прахадной ляглі і не даюць машынам ні выехаць, ні заехаць!
Баброва. Яму ж нельга ляжаць на зямлі!.. У яго запаленне лёгкіх нядаўна было!.. Ай, Божа!.. Што ж што ж будзе?..
Калюжны. У нас там асфальт. Машын шмат заязджае, выязджае, — то ён, асфальт, цёплы.
Арцём. А я чаму тут? (Накіраваўся да дзвярэй.)
Хурсанава. Спыніся, Карэткін! (Арцём знерухомеў.) Сядзь. Ужо позна. Спектакль закончыўся. (Арцём сеў.) Ну, Захара і Ленку, канешне ж, адцягнулі, выпусцілі некалькі аўтамашын з гатовай прадукцыяй... Дык яны ўвесь клас сабралі... І ляглі!.. Усім класам!.. І ляжаць сабе!.. Як на пляжы!.. І што цікава, каб час не губляць, урокі вучаць... Транспарант намалявалі: “Далоў дзіцячае шампанскае!” Тэлебачанне запрасілі...
Баброва. Святлана Мікалаеўна, гэта не мой... Мой такое не мог арганізаваць...
Хурсанава (да Маставой). Як вызваліцеся, зайдзіце да мяне. (Выходзіць.)
У клас заглядвае Дзяжурная.
Дзяжурная. Карэткін Арцём тут?
Маставая. Арцём, цябе.
Дзяжурная. Да тэлефона!.. Арцём накіроўваецца на выхад. У дзвярах сутыкаецца — твар у твар — з Ленкай, якая спачатку пхнула перад сабой папяровую скрыню, а потым паказалася і сама.
Ленка (Арцёму). Туды ці сюды!..
Арцём. Туды! (Пераступіў цераз скрыню, знік за дзвярыма.)
Ленка (ледзь дасунула скрыню да стала). Ніколі не здагадаецеся, што я вам прынесла! Ну, хто самы смелы?
Баброва. Тое, што ты прынесла, мяне менш за ўсё хвалюе. (Строга.) Дзе Захар?
Ленка. Пачакайце, матуля! Затрымліваецца Захар. Што, няма смелых? (Да Маставой.) З вас пачнём?
Маставая. Зноў... шампанскае, можа?
Ленка. Не-а. Слова з чатырох літар.
Баброва (ажно цягне руку). Вада. Вада, вада!..
Ленка (Бабровай). Адстаём! І прыкметна!.. Падцягнуцца трэба!.. Ну, хто наступны?
Баброва. А ты назаві першую літару.
Ленка. “П”.
Баброва (здзіўлена). І чатыры літары?
Ленка. Чатыры! На “А” заканчваецца. (Калюжнаму.) А вы, малады чалавек, што скажаце? Даю падказку: прадукцыя вашага прадпрыемства. Паступіла толькі што на дыскатэку.
Калюжны (устаў, паглядзеў на дзверы). Мне працаваць трэба. Даруйце. (Выходзіць. З’яўляецца Захар. Ён нясе на падносе горку піражкоў.) А цяпер — прачыталі разам! Услых! Па маёй камандзе: раз — два — тры!
Усе разам. “Пі-ва дзі-ця-ча-е”.
Баброва. Не можа быць!
Маставая. Гэта — што, розыгрыш, Ленка?
Ленка. Не-а. Гэта — праўда.
Захар. Частуйцеся! Бярыце! Свежыя. Толькі што з пліты... А то носімся цэлы дзень галодныя!.. Ну, смялей жа, смялей!.. Ленка, і ты частуйся!..
Усе ўзялі па піражку. Бутэлькі ж з півам паставілі назад у скрыню. Вяртаецца Калюжны.
Калюжны. Візіткі, на жаль, скончыліся... (Забірае скрыню з дзіцячым півам, знікае.)
Чуваць звон разбітых бутэлек. Уваходзіць, шчасліва ўсміхаючыся, Арцём.
Арцём. Мне толькі што бацька пазваніў... З тэлефона-аўтамата... У іх там, у калідоры, у кардыялогіі ёсць... Перадае ўсім вялікае прывітанне... Прывітанне вам усім ад майго самага добрага і блізкага чалавека!..
Заслона.