Наўлечка і радкі “Санета”

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Больш за 20 гадоў над ракуцёўшчынскай зямлёй гучаць пранікнёныя радкі бессмяротных вершаў Багдановіча. Традыцыйнае свята паэзіі і песні ладзіцца сіламі супрацоўнікаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і падхопліваецца аматарамі прыгожага з Маладзечанскага райвыканкама.

 Філіял адкрыўся ў 1994 годзе, пасля таго, як аднавілі дамок арандатара, дзе летам 1911-га жыў Максім Багдановіч. Але ўшанаванне памяці слыннага паэта пачалося тут значна раней. У чэрвені 1977 года па прапанове супрацоўнікаў Мінскага абласнога краязнаўчага музея з Маладзечна ў вёсцы Ракуцёўшчына быў устаноўлены помнік — два камяні: адзін як вечная свечка Памяці, на другім выбіты радкі з “Санета” Багдановіча. А ў 1981 годзе каля помніка вядомыя беларускія пісьменнікі пасадзілі “Максімаў сад”. Гэты год не стаў выключэннем. Гучалі вершы Анатоля Бутэвіча, Віктара Шніпа, Эдуарда Агуновіча, выступалі ўдзельнікі гісторыка-этнаграфічнага клуба “Спадчына” з вёскі Дварэц Дзятлаўскага раёна, супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

А далей шлях ляжаў у “Фальварак”. Асноўныя падзеі адбыліся ля “Максімавай крынічкі”. У мерапрыемствах бралі ўдзел дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяна Шэляговіч, намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Людміла Канановіч, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава. Прысутнічала на свяце і Вольга Дашкоўская — нашчадак роду Багдановічаў, якая падарыла музею вышываную наўлечку сваёй бабулі, траюраднай сястры бацькі паэта.

На здымку: у час перадачы падарунка.