Ланцужок з трыма невядомымі

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Ці пачуюць адзін аднаго “вытворца — прадавец — пакупнік” дзіцячай музыкі? Калі дзеці — кветкі жыцця, дык іх трэба не толькі песціць, ахінаючы сонейкам усмешак і дожджыкам (ці нават ліўнем!) капіталаўкладанняў, але і даваць ім прыдатную глебу: і для далейшага творчага росту, і для высокіх выхаваўчых парасткаў. Для музычна адораных дзяцей, а таксама ўсіх, каму яшчэ толькі наканавана раскрыць свае выканальніцкія здольнасці (і, шырэй, музычныя схільнасці ўвогуле), такой глебай становяцца новыя нацыянальныя музычныя творы. Ці хапае іх? Ці ў патрэбным кірунку працуюць нашы кампазітары? І ці знаходзяць іхнія намаганні шлях да адрасата?

 Кацянё салоўкам не засвішча. А ці трэба?

Часцей за ўсіх скардзяцца на адсутнасць новых дзіцячых твораў кіраўнікі эстрадных студый. Тая ж Святлана Стацэнка, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Мулявіна, узнімае гэтае пытанне ледзь не ў кожным сваім інтэрв'ю. Але ж існуе мастацкі савет Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў, песень на яго пасяджэннях разглядаецца нямала. І добрых сярод іх - таксама багата.

На жаль, некаторыя кіраўнікі эстрадных студый не спадзяюцца на дапамогу прафесійных кампазітараў: маўляў, ці здольныя сталыя, сур'ёзныя аўтары напісаць штосьці "модненькае", прывабнае для сучасных дзяцей, падлеткаў і моладзі? Але прафесіянал на тое і прафесіянал, каб умець зрабіць абсалютна ўсё, - толькі "праграму" яму трэба задаць адпаведную (хай не пакрыўдзяцца на мяне творцы за такое параўнанне з камп'ютэрам).

І сведчаннем гэтаму - зноў-такі, удалыя прыклады папраўдзе шыкоўных дзіцяча-падлеткавых песень Алены Атрашкевіч, Дзмітрыя Даўгалёва, Уладзіміра Карызны-малодшага. Бо, па-першае, сапраўдныя бацькі заўсёды пражываюць быццам "другое жыццё" - разам са сваімі дзецьмі. Па-другое, тая ж А.Атрашкевіч шмат гадоў сама кіруе эстраднай студыяй, астатнія пералічаныя кампазітары добра ведаюць праблемы юных выканаўцаў. Карацей, хто шукае - той знаходзіць. Хтосьці - адразу "сваю песню", а хтосьці - спачатку "свайго майстра".

Немагчыма вынайсці "ідэальную формулу" добрай дзіцячай музыкі: ужо хаця б таму, што магчымасці ў юных музыкантаў вельмі розныя. У тых жа песеньках камусьці патрэбна мелодыя літаральна на трох нотах, каб дзіця справілася з інтанацыйнасцю і рытмам, але змагло рэалізаваць свае артыстычныя памкненні. А хтосьці, наадварот, - шукае конкурсную песню, якая магла б раскрыць усе багатыя магчымасці выканаўцы. Таму паміж "заказчыкамі", якія непасрэдна працуюць з дзецьмі, і "творцамі-выканаўцамі", якія прыслухоўваліся б да сучасных запытаў, павінны, мусіць, існаваць больш шчыльныя сувязі.

Ты мне - я табе?

Паміж прафесійнымі творцамі і выканаўцамі яны склаліся ў акадэмічнай сферы. Можна ўзгадаць, да прыкладу, надзвычай плённае супрацоўніцтва Валерыя Карэтнікава з педагогамі і навучэнцамі Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Творы В.Карэтнікава зусім не простыя - у іх шмат тэхнічных складанасцей, але кампазітар свядома арыентуецца на блізкую для будучых зорак-інструменталістаў рамантычную плынь: нават калі ён звяртаецца да старадаўняй беларускай музыкі, дык быццам "набліжае" яе да нас, "праводзячы" праз стылістыку ХІХ стагоддзя. Кампазітар Ганна Кароткіна, наадварот, - арыентуецца пераважна на інтуітыўна-імправізацыйныя музычныя напрамкі ХХ - ХХІ стагоддзяў. Яе творы здольныя разняволіць юных выканаўцаў, натхняючы іх на стварэнне ўласных імправізацыйных кампазіцый.

Але ўсё гэта - пераважна фартэпіянныя творы. Яно і зразумела, бо і юных піяністаў у нас больш, чым маленькіх выканаўцаў на іншых інструментах, і самі кампазітары (нават не піяністы паводле сваёй першай спецыяльнасці) абсалютна ўсе валодаюць гэтым інструментам.

Творы для іншых інструментаў звычайна замаўляе педагог, ён жа часта выступае рэдактарам, дапісваючы штрыхавую тэхніку і тым самым прыстасоўваючы прыдуманую кампазітарам музыку для найлепшага выканання. Свае выканальніцкія рэдакцыі маюць практычна ўсе класічныя творы - гэта натуральная музычная практыка.

Але ж - вось парадокс! - некаторыя з самых, бадай, таленавітых кампазітараў да дзіцячых твораў не звяртаюцца, хаця маглі б зрабіць гэта без цяжкасцей. Алег Хадоска, да прыкладу, яшчэ калі быў студэнтам нашай Акадэміі музыкі, напісаў балет "Залаты ключык" - ярка-меладычны, вобразны, з бліскучай аркестроўкай. А потым "перакваліфікаваўся" на глыбока філасофскія тэмы. Няўжо яму так складана напісаць штосьці новае для дзяцей?

- Проста, з такой прапановай, - кажа кампазітар, - ніхто з выканаўцаў да мяне не звяртаўся. А балет так і не быў пастаўлены. Калі ж я сам выступаю ў ролі "заказчыка" і выбіраю, што напісаць "для душы", дык, зразумела, звяртаюся да яшчэ не асвоеных мной тэм і жанраў.

Граем разам!

Працуюць кампазітары і на пэўныя вучэбныя калектывы. Той жа Уладзімір Дарохін робіць цудоўныя апрацоўкі для аркестра дзіцячай музычнай школы. А вось як быць з камернымі ансамблямі? На сённяшні дзень гэта - адна з самых незапоўненых ніш музычнага выканальніцтва ўвогуле. І адна з самых актуальных! У прыватнасці, сярод шэрагу песень, хораў, разнастайных фартэпіянных твораў, прапанаваных кампазітарамі на адным з нядаўніх пасяджэнняў мастацкага савета Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь па набыцці новых твораў беларускіх аўтараў, было ўсяго чатыры флейтавыя п'есы Сяргея Бельцюкова, адна цымбальная - Аліны Безенсон, і адна сцэнка для голасу з народным інструментальным ансамблем Рыгора Суруса. Невыпадкова галоўны спецыяліст аддзела па справах мастацтваў упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіна Рудзікава, якая добра ведае запатрабаванні дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў і ўдзельнічае ў працы мастацкага савета, адзначыла неабходнасць разнастайных ансамблевых твораў для розных складаў.

Заўважым, што склады ансамбляў (і, тым больш, узровень кожнага асобнага ўдзельніка камернага калектыву, дзе кожны - саліст) абсалютна розныя. Таму і саміх такіх твораў патрабуецца болей, каб мелася магчымасць выбару, і "давяральнасць" супрацоўніцтва паміж кампазітарам і выканаўцамі - таксама, каб "падагнаць" кожны новы твор менавіта да названага складу.

Савет вам ды...

Не трэба праводзіць "хіт-парады", каб зразумець, што найбольшым попытам у юных музыкантаў і харавых калектываў карыстаецца так званая "жывая класіка". Прыкладам гэтаму - харавыя гульні "Ладачкі", напісаныя Вячаславам Кузняцовым на народныя словы амаль 25 гадоў таму. Нягледзячы на тое, што гэты цыкл цалкам так і не быў выдадзены, яго ноты ёсць ці не ў кожным дзіцячым хоры. Ксеракопіі распаўсюджваліся "з рук у рукі": пасля кожнага публічнага паказу "Ладачак" да кіраўніка калектыву (не ўсе ж знаёмы з кампазітарам) звычайна выстройвалася чарга "патэнцыйных выканаўцаў". Так узрастала і пашыралася своеасаблівая "выканальніцкая піраміда". Тое ж тычыцца камерных інструментальных мініяцюр Галіны Гарэлавай. Усе яны - запатрабаваныя: і тыя, што выдадзены, і тыя, што пакуль не. Сведчаннем запатрабаванасці дзіцячай музыкі названага аўтара трэба лічыць і наступнае: некаторыя фартэпіянныя п'есы перакладаюцца для іншых інструментаў - таго ж баяна. І выдаюцца ўжо як баянны рэпертуар!

А між тым, абое гэтыя кампазітары абсалютна адрозныя адно ад аднаго па прынцыпах свайго мыслення: яркая вобразная "рамантыка", "казачнасць рэчаіснасці", паэтызацыя побыту ў Г.Гарэлавай - і ўсмешлівая гуллівасць, добразычлівая іронія ў В.Кузняцова. Галоўнае, што ўсё гэта "зроблена з любоўю" - і да дзяцей, і да самой музыкі. Шкада, што так бывае не заўсёды...

- Раней, - узгадвае В.Кузняцоў, - да дзіцячай музыкі кампазітары звярталіся хай сабе зрэдку, але ж - трапна. "Зарабіць" на дзецях было немагчыма: такія творы аплачваліся непараўнальна менш за тыя ж араторыі, "дацкую" музыку, прымеркаваную да "чырвоных дат календара". Таму ўзнікалі дзіцячыя творы выключна па памкненні сэрца. Сёння дзецям і моладзі надаецца вялікая дзяржаўная ўвага. Усё большым попытам карыстаюцца творы для так званага "сямейнага праслухоўвання", аднолькава цікавыя і дзецям, і дарослым. І гэта цалкам правільна! Але кожная з'ява мае і свой адваротны бок. Усё цяжэй знайсці тых, хто рызыкуе ўключыць у рэпертуар сур'ёзныя "дарослыя" тэмы, што патрабуюць удумлівай працы з боку саміх слухачоў і гледачоў. Кожны падлічвае: ці ж будзе "прададзены" такі твор? Затое ўсё, што звязана з дзецьмі, знаходзіць свайго спажыўца куды хутчэй. А дзе большы прэстыж - там большы "натоўп", трапіць у які сур'ёзныя аўтары зусім не імкнуцца.

Сапраўды: паводле колькасці, дзіцячай музыкі пішацца сёння куды больш, чым тых жа сімфоній. І пасяджэнні згаданага мастацкага савета Міністэрства культуры, прысвечаныя дзіцячай музыцы, звычайна адны з самых працяглых - прытым, што хронаметраж кожнага твора зусім невялікі. Дый расчараванняў тут бывае, здаецца, таксама болей: камісія прымае далёка не ўсё з прапанаванага - менавіта паводле мастацкіх крытэрыяў.

Усё пачынаецца з...

Тым не менш, складанкі дзіцячай музыкі застаюцца аднымі з самых папулярных у нотных выдаўцоў, бо прыносяць прыбытак куды хутчэй за партытуры, прызначаныя, найперш, для спецыялістаў. Але распаўсюджваннем навінак сярод музычных работнікаў дзіцячых садкоў і выкладчыкаў музыкі малодшых класаў сутыкаецца часам з іх непаразуменнем і нават нежаданнем штосьці змяняць у аднойчы распрацаванай "завядзёнцы". Бо традыцыі і традыцыяналізм - зусім не адно і тое ж.

Памятаю, як мяне запрасілі аднойчы да слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі, каб пазнаёміць з новай беларускай музыкай для дзяцей. Усе мае прамовы-прапановы не мелі аніякага працягу, бо пасля кожнай прадэманстраванай песні ці інструментальнага твора, прызначаных для праслухоўвання дзецьмі, у мяне пыталіся: а ці ўнесены гэты твор, напісаны не так даўно, у праграму, зацверджаную колькі гадоў таму? І на мае тлумачэнні, што ўсё гэта ўжо даўно ўхвалена і рэкамендавана мастацкім саветам Міністэрства культуры, слухачы курсаў парыравалі: а мы, маўляў, падпарадкоўваемся Міністэрству адукацыі. Што ж, слушна кажуць: калі хтосьці чагосьці хоча - ён шукае, як гэта можна зрабіць, калі ж не хоча - знаходзіць перашкоды.

А ўсе разам знаходзяць старое "зачараванае кола": кампазітар - выканаўца - слухач. Ці, "у перакладзе" на больш зразумелую мову эканомікі, вытворца - прадавец - пакупнік. Кожнае са звёнаў - быццам бы на месцы. Знайсці б толькі баланс (чытай: гармонію) паміж імі. Выйсце адно: шукаць павінен кожны са свайго боку, а не толькі чакаць намаганняў дзяржавы.


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"