“Фармат” і “не фармат”

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Лісты ў рэдакцыю Яшчэ ў 2005 годзе Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам было дадзена даручэнне па выкарыстанні ў эфіры не менш як 75 працэнтаў беларускай музыкі. Гэта рэальная, знакавая мера па стымуляванні развіцця айчыннай культуры і яе дзеячаў. Ніхто не спрачаецца: паводле колькасці — эфір запаўняецца “сваім, беларускім”. А паводле якасці?

Сярод радыёстанцый, якія вызначаюцца змястоўнасцю і жанравай разнастайнасцю, можна адзначыць “Першы канал беларускага радыё”, “Культуру”, “Беларусь”, “Мір”, “Аўтарадыё”, “Мелодыі веку”.

Аднак у эфіры FM-станцый гучыць, у асноўным, “лёгкая” эстрадная музыка. На жаль, многія лічаць, што слухачы разглядаюць тэлеі радыёэфір выключна як сродак баўлення і не жадаюць абцяжарваць сябе праслухоўваннем “інтэлектуальнай” музыкі, пры гэтым прафесійны і мастацкі ўзроўні твора нібы не вельмі важныя.
Некаторыя дзеячы шоу-бізнесу намагаюцца схіліць грамадскую думку да таго, што меры па падтрымцы беларускай культуры могуць нанесці загану творчым пошукам FM-станцый, а таксама адаб’юцца на іх камерцыйных прыбытках. А між тым, залог поспеху, у тым ліку камерцыйнага, большасці прыватных радыёстанцый Беларусі мог бы заключацца ў прасоўванні лепшых узораў нашай музычнай культуры ў розныя краіны.

Да гэтага часу існуе думка, што для напаўнення эфіру не хапае якаснай айчыннай музыкі. Пры гэтым часцяком адбываецца падмена паняццяў “якасны твор” і “якасная фанаграма”. Пад якасцю песні трэба разумець узровень яе мастацкай якасці (музыкі і тэксту). Якасць жа фанаграмы вызначаецца тэхнічнымі параметрамі запісу і яго станам. Выкарыстанне ў эфіры розных па якасці фанаграм патрабуе намаганняў гукарэжысёраў па “выроўніванні” гучання старых і новых запісаў, чым гэтыя супрацоўнікі, магчыма, проста не жадаюць займацца. Аднак у апошнія гады творы розных жанраў запісваюцца многімі прафесійнымі музыкантамі з захаваннем сучасных тэхнічных параметраў. Але ж іх таксама практычна няма ў камерцыйным эфіры. Так, на FM-станцыях не пачуеш нават вядомых, любімых многімі пакаленнямі слухачоў, ансамбляў “Песняры” і “Сябры”, у рэпертуары якіх — творы прызнаных беларускіх аўтараў. Не гучаць іх найноўшыя альбомы. А колькі ў нас яшчэ цудоўных калектываў! Прэзідэнцкі аркестр, Нацыянальны канцэртны аркестр, якія ствараюць тэматычныя канцэртныя праграмы з новых і класічных музычных твораў, ансамблі “Верасы”, “Камерата”, “Чысты голас”, “Славяне”, “Беларусы”, “Бяседа”, салісты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка, Уладзімір Правалінскі, Пётр Ялфімаў, Тато Майсурадзэ, Георгій Калдун, Аляксей Хлястоў, Марына Васілеўская, Дзмітрый Качароўскі, Наталля Тамела — усіх не пералічыць. Нават гэтыя выканаўцы, калі звяртаюцца да твораў прафесійных кампазітараў, часцяком застаюцца незапатрабаванымі на FMстанцыях, бо быццам бы не адпавядаюць “фармату”.
Але што такое “фармат”? Гэта, уласна кажучы, тое, што вызначае стылістыку радыёстанцыі. А ці ж ёсць у кожнай з нашых радыёстанцый папраўдзе свой, адметны, стыль? Бо запатрабаванай аказваецца хіба легкадумная “папса”, ды і то створаная літаральна ў апошнія некалькі месяцаў. Як жа радыёстанцыі могуць мець свой “музычны стыль”, калі ў рэдактараў і вядучых музычных праграм часцяком няма музычнай адукацыі, якая дапамагла б ім кампетэнтна ацэньваць творы, перш чым выкарыстоўваць іх у эфіры? Вось і зыходзяць яны з уласных прыхільнасцей. Б ы ц цам бы з-за недахопу беларускіх кампазіцый некаторыя з FM-станцый пачалі лічыць “беларускай музыкай” замежныя творы ў выкананні беларускіх артыстаў. Лічу, гэта не зусім правільна, бо падтрымка нацыянальнай культуры павінна выяўляцца, у першую чаргу, у выкарыстанні твораў беларускіх паэтаў і кампазітараў! Да таго ж, гэта прывяло і да таго, што самі айчынныя выканаўцы ўсё часцей пачалі звяртацца не да айчыннага рэпертуару, а да “перапевак” вядомых замежных песень. Сам па сабе зварот да сусветнай эстраднай класікі — рэч добрая, але павінна захоўвацца раўнавага: прыярытэт павінен аддавацца менавіта нацыянальным творам.

Думаю, Мінінфармам, Мінкультуры з улікам меркавання вядомых дзеячаў мастацтва маглі б быць выпрацаваны крытэрыі для гучання ў эфіры беларускай музыкі, у якіх павінны ўлічвацца адукацыя творцаў і выканаўцаў, іх прызнанне, павінны быць выкладзены патрабаванні па выкарыстанні лірыка-патрыятычных твораў. Замест прынцыпаў “фармат — не фармат” і “старая песня — новая песня” трэба арыентавацца на такія крытэрыі, як талент, арыгінальнасць, прафесіяналізм, змястоўнасць, значнасць для нацыянальнай культуры і духоўнага асяродка. Ці ж я не маю рацыю?

Андрэй ЛУЧАНОК
Мінск