Добраахвотнікі ад культуры

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Дырэктар гаспадаркі “1-ы Беларускі” Іван Трубач быў засяроджаны і нешматслоўны: — Усе пытанні — пазней: у мяне жніво! Я прыехаў у Людвінава па парадзе начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатоля Акушэвіча. На пытанне, дзе работнікі культуры найбольш актыўна дапамагаюць уборцы ўраджаю, ён адказаў адразу: — У Людвінаве! Вам трэба паехаць туды, бо ўжо шмат гадоў запар пад час жніва мясцовыя работнікі культуры працуюць на зернесушылцы.

 Ля Дома культуры ў Людвінаве мяне сустрэў начальнік аддзела культуры Вілейскага райвыканкама Сяргей Паўлоўскі:
— Усе на току: цяпер самая гарачая пара жніва. Надвор’е, на шчасце, усталявалася, абяцаюць сонца аж да пачатку верасня. Ураджай сярэдні, але ж ён мае стаць вышэйшым за леташні.
Сапраўды, было відаць, што на Вілейшчыне жніво не пакідае абыякавым нікога. Разам з Сяргеем Паўлоўскім прыязджаем на ток. Па абедзе пагутарылі з дырэктарам Дома культуры Ліліяй Пратасавай. Яна ахвотна распавядала пра сваіх землякоў:
— Людзі ў нас — цудоўныя! Вось, скажам, камбайнер Віктар Майскі: ён трымае першынство пад час уборкі і, дарэчы, актыўны ўдзельнік нашых мерапрыемстваў. Нядаўна, у час Свята сям’і, віншавалі яго з юбілеем: 25 год сужэнскага жыцця. А тут, на жніве, мы, што называецца, “на падхопе”, нашы інструменты — мётлы ды рыдлёўкі. Разам з намі, штатнымі работнікамі культуры, на жніве і самадзейныя артысты: вакальны гурт “Дзяўчаты”, драматычны калектыў “Вясёлка”. Камандуе намі культарганізатар Андрэй Шупенька, ён вялікі “профі” ва ўсім, што тычыцца зернесушылак. Андрэй ахвотна паказаў мне электронны пульт кіравання новай зернесушылкі “ЗСК-30”, вырабленай айчынным прадпрыемствам “Амкадор”, якая здатная перапрацоўваць 200 тон зерня за суткі.
— У нас яшчэ дзве сушылкі працуюць, але ж яны разам не вартыя і паловы новай! — з захапленнем распавядаў ён, перасыпаючы гутарку тэхнічнымі тэрмінамі.
Унікальныя людзі жывуць у Людвінаве, і на працу яны апранаюцца, бы на свята, падумалася мне.
Лілія Іванаўна распавяла пра планы Дома культуры: маўляў, рыхтуем свята вёскі Дабровічы, ужо і сувеніры для ветэранаў удалося набыць... Ну і, вядома, “Дажынкі” неўзабаве. Бо тэмпы ўборкі такія!

* * *

Хтосьці з савецкіх журналістаў назваў жніво “бітвай за ўраджай”. Калі гэта так, дык на “фронт” ідуць салдаты і добраахвотнікі. Тыя, каго вы бачыце на здымку на першай паласе, — добраахвотнікі ад культуры з  Людвінава.
Пад акампанемент гітары бібліятэкаркі Галіны Ніжнік “добраахвотнікі” заспявалі песню Валерыя Іванова “Гуляць дык гуляць!”. Яе ў Людвінаве цудоўна выконвае вакальны гурт “Дзяўчаты”.
Вяртаючыся ў Мінск, я патэлефанаваў Анатолю Акушэвічу каб падзякаваць за ўдалы выбар тэмы для газеты.
— У нас і яшчэ ёсць героі жніва, — тут жа адзначыў ён. — Скажам, у Капыльскім раёне мастацкі кіраўнік Быстрыцкага СДК Іван Нічыпарэнка працуе камбайнерам, ва Уздзенскім раёне яго калега са Стальбоўскага СДК Мікалай Дубіцкі таксама на камбайне. Ганаруся сваімі калегамі!

На здымках: “добраахвотнікі” з Людвінава; абед паводле раскладу; Іван Трубач дае ўказанні; Сяргей Паўлоўскі і Аляксандр Жаўток.


Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф