Тэатр пачынаецца з...

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

Унікальная фотавыстаўка адкрыецца 11 жніўня ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага. Аўтарскі праект Алега Сільвановіча “Рускі тэатр: акцёр і вобраз” стане прэлюдыяй да новага, 77-га па ліку, сезона славутага калектыву, значная частка якога ўвасоблена ў прадстаўленых у экспазіцыі партрэтах.

 Усяго ў фае тэатра гледача будуць сустракаць каля чатырох дзесяткаў фатаграфій дванаццаці акцёраў. “Кожны з “горкаўцаў” — па-свойму унікальная асоба, таму я паспрабаваў зрабіць па 34 здымкі кожнага ў розных выявах: на сцэне і па-за ёю, — распавёў “К” Алег Сільвановіч. — Спадзяюся, гэты праект спадабаецца гледачам, для якіх тэатр будзе гэтым разам пачынацца не толькі з вешалкі”, — дадаў фотамайстар, даўно вядомы як стваральнік галерэі партрэтаў зорак беларускага кіно і тэатра. Дарэчы, адкрыць сезон тэатр імя М.Горкага вырашыў адным са сваіх шматгадовых хітоў: камедыяй “Адзіны спадкаемца” Жана-Франсуа Рэньяра.

На здымках: работы Алега Сільвановіча