Па традыцыі, фестывальная праграма складаецца з трох структураўтваральных блокаў: беларускай праграмы, замежнай, а таксама праекта “ON-LINE”. Усяго ў афішы — 21 тэатральны калектыў з Беларусі, Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Швейцарыі, Латвіі, Італіі, Венесуэлы.
Сталічныя калектывы прапануюць фестывальнай публіцы наступныя спектаклі: “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча і “Вяселле” А.Чэхава — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, “Бег” М.Булгакава — Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, “Каралева прыгажосці” М.МакДонаха — Новага драматычнага тэатра, “Матылёк” П.Гладзіліна — Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, “Чаму старэюць людзі?” А.Вярцінскага — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, “Раман + Юлія” Д.Балыка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама праекты “Піць, спяваць, плакаць” К.Драгунскай — Кацярыны Агароднікавай, “Не танцы” Тэатра-студыі імя Е.Міровіча і “...Пасля” Тэатра “ІнЖэст”.
Сярод зорак сучаснай сусветнай рэжысуры, чые спектаклі змогуць убачыць беларускія тэатралы, — Аскарас Каршуновас (Літва), Алвіс Херманіс (Латвія), Пітэр Брук (Англія) і шэраг іншых насамрэч культавых імёнаў. Распачне замежны блок “Панарамы” “Вершалін. Рэпартаж аб канцы свету” Тэатра “Вершалін” (Супрасль, Польшча). А далей — “Чаму, чаму...” П.Брука і М.-Э.Эцьен Тэатра Schauspielhauses Zurich (Цюрых, Швейцарыя), “Соня” Т.Талстой Новага рыжскага тэатра (Рыга, Латвія), “Сон у летнюю ноч” В.Шэкспіра ОКТ/Вільнюскага гарадскога тэатра (Вільнюс, Літва), “Гоцін... Уся справа ў міры” Gota Dulce Teatro (Валенсія, Венесуэла), “Голая праўда” Э.-Э.Шміта Рускага драматычнага тэатра Эстоніі (Талін, Эстонія). Даволі шырока прадстаўлена тэатральнае жыццё Расіі: гэта спектаклі “Пралятаючы над гняздом зязюлі” К.Кізі Башкірскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы імя М.Гафуры (Уфа), “Навальніца” А.Астроўскага Драматычнага тэатра імя А.Пушкіна (Магнітагорск), а таксама, у рамках Дзён культуры Санкт-Пецярбурга ў Мінску, — “Запісныя кніжкі Трыгорына” Т.Уільямса Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага драматычнага тэатра “Камедыянты” і “Гульцы” М.Гогаля Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра камедыі імя М.Акімава.
Прынцыповым рашэннем арганізатараў фестывалю стаў той факт, што ў сёлетнім праекце “ON-LINE”, кіраўніком і каардынатарам якога з’яўляецца рэжысёр Сяргей Тарасюк, будуць задзейнічаны выключна беларускія маладыя рэжысёры і драматургі — з мэтай больш пільнага прыцягнення ўвагі менавіта да іх творчасці. Акрамя таго, у рамках фестывалю запланаваны цэлы шэраг прэс-канферэнцый, сустрэч з гасцямі і ўдзельнікамі форуму, майстар-класы, у тым ліку і асобна пазначаны ў праграме “Тэатральны SOUND” — канцэрт з удзелам артыстаў беларускіх тэатраў і артыстаў цырка.
Ну, а “пад заслону” айчынным тэатралам прыгатаваны насамрэч шыкоўны падарунак: культавы спектакль ХХ стагоддзя ў рэжысуры Джорджо Стрэлера, доўгажыхар і “брат па крыві” нашай легендарнай “Паўлінкі” — “Арлекін — слуга двух гаспадароў” К.Гальдоні Piccolo Teatro di Milano (Мілан, Італія).