Цалую рукі матулі...

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Радкі паэта Расула Гамзатава можна лічыць своеасаблівым эпіграфам да выстаўкі “Цалую рукі матулі маёй”, створанай у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі. Асветлены агеньчыкам лампады абраз “Пакроў Прасвятой Багародзіцы” ў цэнтры выставачнай залы, выявы Маці Божай Жыровіцкай і Мінскай Божай Маці — Аранты Адзігітрыі — блаславенне мацярынскага подзвігу жанчыны.

 /i/content/pi/cult/113/283/Zaluju-ruki.jpg
Святые руки матерей родных,
Засеявшие жизненное поле…
Я различаю трепетно на них
Мужские, грубоватые мозоли…
Они не могут отдохнуть ни дня,
Неся Земле свою любовь живую.
И снова, низко голову склоня,
Я эти руки женские целую.

Р.Гамзатаў

Як адзначыў беларускі паэт Юрка Голуб, экспанаты выстаўкі ўражваюць наведвальнікаў багаццем славутых імён, лёсамі жанчын, якіх узгадавала Карэліцкая зямля, а яны аддалі ёй сваё сэрца. Ёсць жанчыны, чые імёны даўно ўвайшлі ў гісторыю. З іх і пачынаецца экспазіцыя.

Ганна Катажына Радзівіл, маці 15 дзяцей, была мецэнаткаю і фундатаркаю. Па яе загадзе будавалі грэблі, дарогі, масты і млыны, засноўваліся мануфактуры, у тым ліку мануфактура па вытворчасці дываноў у Міры. Пазней сын Ганны Катажыны, Міхал Казімір Радзівіл (Рыбанька), прадоўжыць справу маці і адкрые ў Карэлічах мануфактуру тканых габеленаў, дзякуючы якой мястэчка ўвойдзе ў гісторыю.  Рыбанька вельмі любіў сваю маці і цяжка перажываў яе смерць. У дзённіку ён называе Ганну Катажыну “найкаханай маткаю і дабрадзейкаю” і адзначае, што “роўная ёй матрона ў доме хіба будзе”. 

Гаворачы пра Радзівілаў, нельга не ўспомніць яшчэ пра адну славутую жанчыну з гэтай сям’і — асветніцу, паэтку і драматурга. Партрэт жонкі Рыбанькі, Францішкі Уршулі Радзівіл, і кніга твораў, выдадзеная ў 2003 г. у Мінску, таксама ёсць на выстаўцы. 

Традыцыі славутай Францішкі Уршулі ў нейкай меры працягвала ў 1930-ыя гады Ганна Сташэўская, удзельніца падпольнага руху і таварыства беларускай школы ў Заходняй Беларусі. У Міры па яе ініцыятыве былі створаны драматычны гурток, хор і беларуская бібліятэка. Удзельнікамі драматычнага гуртка былі і дзеці Сташэўскай — Валянцін і Ларыса. Спектаклі карысталіся вялікай папулярнасцю ў насельніцтва. На фотаздымку мы бачым Ганну Іванаўну сярод гурткоўцаў. 

Ганна Сташэўская перад вайной працавала дырэктарам Мірскай школы. Гэтая школа носіць сёння яе імя. Фашысты расстралялі Сташэўскую ў першыя дні вайны каля муроў Мірскага замка. Як святыню, захоўваў шмат гадоў ліст ад маці сын Ганны Сташэўскай Валянцін Паваротны, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, які абараняў Ленінград, вызваляў Кіеў і Заходнюю Украіну, Венгрыю, а ў 1945-ым быў паранены ў Германіі. Гэты ліст ён атрымаў ад маці 3 мая 1941 г., калі праходзіў ваенную службу ў Ленінградзе, і пранёс яго ў кішэні гімнасцёркі, каля сэрца, праз усю вайну. 

Жанчынам — удзельніцам Вялікай Айчыннай вайны, салдацкім удовам, а таксама маці, чые сыны загінулі на афганскай вайне, прысвечаны наступныя раздзелы экспазіцыі.

Асаблівую цікавасць выклікаюць фотаздымкі ваеннай пары. На іх мы бачым радыстак, санітарак, сувязных — нашых зямлячак, чыю маладосць абпаліла вайна. Замест прыгожых сукенак і чаравікаў — гімнасцёркі, шынялі і боты. Замест доўгіх косаў, шыкоўных прычосак — коратка стрыжаныя валасы. Разам з тысячамі іншых байцоў гэтыя жанчыны перамаглі ворага ў страшнай і бязлітаснай вайне, а пасля вайны нарадзілі і выгадавалі добрых і сумленных дзяцей. 

Вякамі глядзелі жанкі з-пад рукі,
Чакалі мужоў і сыноў.
I падалі зоркі, нібы светлякі,
У прорвы бязрадасных сноў.
I самі касілі, і самі аралі,
А іх дарагія за іх паміралі... 

Іх шмат было пасля вайны — салдацкіх удоў. Замест мужоў прыйшлі ў дом пахавальныя лісты. Пасля жахлівага пісьма гаротніцы часам страчвалі сілы, але побач былі дзеці, і трэба было гадаваць іх, ставіць на ногі. I, сцяўшы зубы, працавалі ўдовы на палетках, на фермах, на ўласных гаспадарках. І дзетак даглядалі, і вырасталі тыя дзеці ваеннай пары сапраўднымі людзьмі. 

У 1940 годзе жыхарка вёскі Лукі Таццяна Цімафееўна Мардзіловіч выйшла замуж за аднавяскоўца Барыса Лукіча. Хутка ў сям’і нарадзілася дачушка Надзейка. Але нядоўга цешыліся яны шчасцем, бо пачалася вайна. Барыс Мардзіловіч спачатку партызаніў, а са жніўня 1944 года ваяваў на фронце. У сакавіку 1945-га сям’я атрымала паведамленне, што Барыс Лукіч прапаў без вестак. Не верылі блізкія, што ён загінуў, чакалі шмат гадоў, спадзяваліся, што вернецца гаспадар. Таццяна Цімафееўна працавала ў калгасе на самых цяжкіх работах, куды ніхто не хацеў ісці. Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яна выдатная ткачыха, ткала прыгожыя дываны. Адна гадавала дачушку Надзейку. Надзея Барысаўна, калі стала дарослай, спрабавала шукаць бацьку праз розныя тэлеперадачы і газеты, але безвынікова. Немагчыма без хвалявання чытаць франтавыя лісты Барыса Лукіча, якія беражліва захоўваліся ў сям’і, а цяпер прадстаўлены ў музейнай экспазіцыі. 

Вось вытрымкі з гэтых лістоў:
Дарагая Танечка, толькі я цябе прашу, не журыся, толькі глядзі сама сябе і глядзі маленькую нашу Надзьку і ўгаворвай яе, каб яна не плакала, усяго добрага табе, пакуль бывайце, цалую цябе і сваю любую Надзьку. 
Дарагая мая Танечка, ты мне пішаш і просіш, каб я табе пісаў лісты хоць кожны дзень… я пра цябе не забываю і ніколі не забуду, абы толькі застацца ў жывых, то цябе не дам у крыўду, хаця я цябе не даваў у крыўду, дарагая мая любая жонка...” (23.Х.1944 г.) 

У адным з лістоў Барыс Лукіч папрасіў, каб жонка выслала яму фотаздымак свой і
 
дачкі, а калі атрымаў яго (гэты фотаздымак ёсць на выстаўцы), дык, заўважыўшы, што на нагах у Надзі не чаравічкі, а маленькія лапцікі, вельмі засмуціўся і паабяцаў, што абавязкова вышле дачушцы чаравічкі, як толькі дазволяць слаць пасылкі.
 
“… дарагая мая Танечка, табе паведамляю, што я сваёй любай маленькай Надзеньцы выслаў пасылку: 2 пары чаравічкаў і некалькі кавалачкаў тканіны ёй на сукенку, але толькі не знайшоў ёй панчошкі, але там можа дзе знойдзеш.., так што мая любімая дачушка Надзька будзе добра апранута і абута, і для цябе можа што-небудзь атрымаецца.
Дарагая мая Танечка, маліся Богу гэты час, каб шчасліва прайсці 18 кіламетраў да мора.., хто дойдзе, той скончыць вайну, прывітанне вам усім, цалую вас усіх — і цябе, і сваю дачушку Надзьку тулю да свайго змучанага сэрца, пакуль бывай.” (14.ІІ.1945 г.) 

Карэліцкая зямля ўзгадавала плеяду жанчын з легендарнымі лёсамі, чыя самаадданая праца адзначана залатой Зоркай Героя. Сярод іх — Вольга Калоша, Надзея Трускоўская, Таццяна Арда, Яўгенія Юшко… Яны не толькі выдатныя працаўніцы, але і пяшчотныя маці і бабулі. Наступныя раздзелы выстаўкі прысвечаны шматдзетным маці, узнагароджаным за мацярынскі подзвіг ордэнамі “Маці-гераіня”, “Мацярынская слава” і “Медалямі мацярынства”, жанчынам — таленавітым навукоўцам і творчым асобам. 

Больш за 200 экспанатаў сабрана на выстаўцы “Цалую рукі матулі маёй”, якая амаль паўгода дэманстравалася ў музейнай зале, а цяпер, у Год дзіцяці, працягвае працаваць як перасоўная ў школах, вучылішчах і арганізацыях раёна. 

Святлана КОШУР,
старшы навуковы супрацоўнік
Карэліцкага
краязнаўчага музея