Творчы адпачынак у Анапе

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

У горадзе-курорце Анапе з 17 па 23 жніўня будзе праходзіць V Фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных2009”, дзе прымуць удзел 65 беларусаў — салістаў і членаў калектываў. Артысты цырка, музыканты, спевакі, акцёры з усіх абласцей рэспублікі і горада Мінска будуць паказваць творчасць сваіх рэгіёнаў расійскім калегам, прафесійнаму журы, жыхарам і гасцям Анапы. У гэтым годзе фестываль набыў статус штогадовага.

 Кіраўніком журы мерапрыемства з’яўляецца Рыгор Гладкоў, кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі. У склад уваходзяць таксама расійскі тэлевядучы і спявак Андрэй Біль, спявачка, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева і іншыя. Па словах начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталлі Аўдзеевай, права прымаць удзел у фестывалі маюць дзеці і падлеткі ад 10 да 18 гадоў, асобна ці ў складзе калектываў, лаўрэаты і дыпламанты нацыянальных, рэспубліканскіх, краявых, рэгіянальных конкурсаў і фестываляў. Камітэт фестывалю правёў конкурсны адбор, і па яго выніках прадстаўляць Беларусь на “Творчасці юных-2009” будуць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, дзіцячы ансамбль танца “Лялечкі” Абухоўскага цэнтра культуры і вольнага часу, узорны тэатр эстраднай песні “Хвілінка” Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода, узорны ансамбль гарманістаў “Аношкаўскія музыкі” Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, Пінскі фальклорны ансамбль, Мазырская ўзорная студыя цыркавога мастацтва “Арэна”, Рэспубліканская гімназія-каледж Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, салісты Вольга Баннікава і Андрэй Кунец. Яны будуць спаборнічаць з расійскімі выканаўцамі ў 9 намінацыях, 13 жанрах і відах творчасці.

Традыцыйна фестываль збірае вялікую колькасць гледачоў. Праводзяцца творчыя школы, майстар-класы, сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва. На праезд, пражыванне, харчаванне і экскурсіі па горадзе для дзяцей выдаткаваны сродкі з бюджэту Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Нашы юныя артысты разам з выступленнямі на адкрытых пляцоўках Анапы будуць сумяшчаць адпачынак і аздараўленне на базе комплексу “Жамчужына”. Заснавальнікамі фестывалю “Творчасць юных-2009” з’яўляюцца Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі і Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Свята адбываецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрстве культуры Расійскай Федэрацыі, адміністрацыі Краснадарскага краю. Падтрымка дзіцячай і маладзёжнай творчасці, узмацненне сяброўскіх адносін паміж Беларуссю і Расіяй з’яўляюцца галоўнымі мэтамі фестывалю.

На цырымоніі адкрыцця на Тэатральнай плошчы горада 17 жніўня адбудзецца вялікі канцэрт з удзелам зорак эстрады, у якім будуць удзельнічаць дзве тысячы чалавек. Асноўнай аўдыторыяй фестывалю з’яўляюцца дзеці, для каго арганізавана захапляльнае шоу. Заключны канцэрт адбудзецца 22 жніўня.