На прасторах музыказнаўства

№ 32 (900) 08.08.2009 - 14.08.2009 г

29 жніўня ў Мінску распачне працу Міжнародны сімпозіум “Сучаснае музыказнаўства ў сучаснай навуковай прасторы”. Гасцямі Беларусі стане музыказнаўчая эліта Аўстрыі, Бельгіі, Велікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі. Такі прадстаўнічы навукова-музычны форум пройдзе ў нашай краіне ўпершыню.

Арганізатарамі сімпозіума выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міжнароднае музыказнаўчае таварыства. Сярод тэм, прапанаваных для грунтоўнага і ўсебаковага абмеркавання, - традыцыйныя музычныя культуры ў прасторы і часе, творчасць Д.Шастаковіча і яго сучаснікаў, І.Стравінскага, сучасныя музычна-выдавецкія праекты. Усяго будзе прачытана каля 40 дакладаў.

Адбудуцца прагляды фальклорных стужак Зінаіды Мажэйка "Пранясі, Божа, хмару", Іны Назінай "Галасы зямлі маёй" і фільма Аляксандра Сакурава "Альтовая саната. Дзмітрый Шастаковіч".

Удзельнікі сімпозіума наведаюць з экскурсіямі нашу Нацыянальную бібліятэку, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Музей старабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук. У фае Акадэміі музыкі ў дні працы сімпозіума будзе арганізавана тэматычная выстаўка мастацкіх работ студэнтаў і педагогаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.