У старым парку

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

З пошты “К” Не так проста было выправіцца ў дальнюю дарогу сямідзесяцітрохгадовай Дзіяне Іванаўне Гартунг з Ташкента ў Скідзель. Але ж абавязак памяці перад бацькам клікаў яе сюды пакланіцца брацкай магіле савецкіх воінаў. Тут вечным сном спачывае яе бацька, памерлы ад ран, атрыманых у баях 25 ліпеня 1944 года пры вызваленні Гродзеншчыны ад фашысцкай акупацыі.

У паведамленні ваенна-палявога шпіталя № 683 ад 25 ліпеня 1944 г. змяшчалася наступнае: “Ваш муж, капітан 1268 палка, камандзір батарэі 120 мм Краўчанка Іван Тарасавіч, ураджэнец гор. Бегават Узбекскай ССР, у баях за сацыялістычную радзіму, верны воінскай прысязе, праявіў геройства і мужнасць, быў паранены ў баі і памёр ад ран 25 ліпеня 1944 года і пахаваны ў магіле № 3, што на захад ад вёскі Дубна, пахаваны ў магіле адзін”.
У 50-х гадах рэшткі воінаў былі перапахаваны ў брацкай магіле старога парку Скідзеля. Прыехаўшы ў Скідзель, Дзіяна Іванаўна адразу выправілася ў стары гарадскі парк, пакланілася брацкай магіле, усклала букет з жывых кветак. На працягу двух дзён знаёмілася з памятнымі мясцінамі горада. Па яе ацэнцы, яны добра дагледжаны. Дзіяна Іванаўна наведала і дзіцячую бібліятэку №1, правяла працяглую гутарку са старшым бібліятэкарам Аленай Цярэшка, цікавілася наяўнасцю кніжнага фонду.
Савет ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны прадставіў для знаёмства Дзіяне Іванаўне восем фотаальбомаў, у якіх адлюстроўваецца гераічны Подзвіг нашых землякоў у гады ліхалецця. Сустракаючыся з жыхарамі горада, Дзіяна Іванаўна расказала ім пра свайго бацьку, яго жыццёвы шлях.
“Мне было ўсяго пяць гадоў, калі бацька пайшоў на фронт, але ўспаміны засталіся самыя добрыя. Бацька працаваў намеснікам дырэктара ліманаднага завода, а вечарам у Педагагічным інстытуце выкладаў ваенную справу. Самастойна вывучаў бухгалтэрыю. Я яму казала: “Нашто табе гэта?” Ён адказваў: маўляў, не буду ж усё жыццё выкладчыкам у інстытуце, а калі авалодаю бухгалтэрыяй, дык стану працаваць па самастойна набытай прафесіі.
Знаходзячыся на фронце, бацька не забываў аб сям’і: праз свайго ад’ютанта перадаваў нам падарункі. У вашых мясцінах я ўжо трэці раз: прыязджаю, каб ушанаваць памяць аб ім”.
Савет ветэранаў Скідзеля пачаў фарміраваць дакументы для стварэння фотаальбома пад назвай “І.Т. Краўчанка”, які будзе прадстаўлены ў чытальныя залы гарадскіх бібліятэк.