Англійскі пені на ўздзенскім гародзе

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

“Зямля, што добрая маці, прыняўшы ў нетры свае ўсё, ад яе ж рукою чалавека ўзятае, у немачы захоўвае яго для далёкіх нашчадкаў...”, — пісаў яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя вядомы беларускі археолаг, краязнаўца і этнограф А.М. Семянтоўскі. І сапраўды, чаго толькі часам ні знойдзеш у зямлі!

1 пені Велікабрытаніі (1887 г.), знойдзены ва УздзеВось капала на сваёй сядзібе бульбу Соф’я Міхайлаўна Бурак і знайшла манету. “На, — кажа яна мне, — паглядзі: грошы нейкія”. І падае мне, свайму зяцю, археолагу, манету: на першы погляд — звычайная медная манета, хіба трохі велікаватая па памерах. “Расія, XVIII ці першая палова ХІХ стагоддзяў”, — думаю сам сабе. Ды не — прыгледзеўся пільней: на далоні ляжала англійская манета другой паловы ХІХ стагоддзя. “Як! На Уздзеншчыне — англійская манета? Гэта ўжо цікава!” Давялося потым трохі “паламаць” галаву, каб даць хоць якоенебудзь тлумачэнне гэтай знаходцы. Што ж уяўляе з сябе гэтая манета? Дыяметр манеты — 30 міліметраў, таўшчыня — 1,5 міліметра, вага — 9 грамаў, выраблена з бронзы. На пярэднім баку манеты — выява прыгожай жанчыны і наўкола яе зверху — надпіс на лацінскай мове: “Вікторыя (Далей — скарочана. — Л.К.) Божай міласцю Брытанская каралева веры заступніца”. На адваротным баку — выява жаночай постаці, якая сядзіць на беразе мора.
Што ж яна сабою ўвасабляе? Гэта так званая “Брытанія”. У перакладзе з лацінскай мовы: “краіна брытаў” — аднаго з германскіх плямёнаў, што разам з англамі ў VII ст. засялілі рымскую правінцыю Альбіён (сучасны востраў Велікабрытанія). На галаве ў жанчыны-“Брытаніі” — грэчаскі шлем. У левай руцэ яна трымае трызубец, правай — абапіраецца на шчыт. Апошні— авальнай формы, ці, як прынята называць у геральдыцы, італьянскі шчыт. На шчыце — выява двух крыжоў: роўнаканечнага, які змяшчаўся на англійскіх сцягах, і крыжа з нахілёнымі перакладзінамі (у выглядзе літары “Х”), які змяшчаўся на сцягах Шатландыі. Спалучэнне гэтых двух крыжоў і зараз ужываецца на Дзяржаўным сцягу Аб’яднанага Каралеўства Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, сімвалізуючы саюз дзвюх частак гэтай дзяржавы— Англіі і Шатландыі. Далей, за выявай постаці “Брытаніі”, справа ад яе, відаць маяк, а злева — парусны карабель, якія сімвалізуюць марскую моц Велікабрытаніі. Зверху над усёй гэтай выявай — надпіс на англійскай мове: “Адзін пені” і ўнізе — дата чаканкі манеты: 1887. Што такое пені? Гэта грашовая адзінка Англіі, вядомая яшчэ з VIII ст. Спачатку пені чаканілі выключна са срэбра. У канцы ХVII ст. іх пачалі вырабляць з медзі, з 1860 г. — ужо з бронзы. Менавіта такі бронзавы пені і трапіўся нам.
Цяпер узнікае пытанне: хто ж з уздзенцаў мог быць у далёкай Англіі ці ў тых краінах, дзе гэтыя грошы ўжываліся? А калі і быў хто, то з якой нагоды? Некаторыя звесткі пра гэта можна знайсці ва ўспамінах Паўліны Мядзёлкі, вядомага дзеяча беларускай культуры, якая ў гады Першай сусветнай вайны наведала Уздзеншчыну. Паводле яе ўспамінаў, пані Магдалена, што жыла тады ў маёнтку каля Кухціцаў (зараз гэта СПТВ-10) і паходзіла з роду ўздзенскіх Завішаў, была жонкай Мікалая Радзівіла, з якім яна ўзяла шлюб у Лондане ў 1906 годзе. Пра яго вядома, што ён у свой час удзельнічаў у Англа-бурскай вайне на баку брытанскіх войскаў. Не выключана, што, вяртаючыся са сваіх вандровак, Мікалай Радзівіл і прыхапіў англійскія грошы як успамін пра свае прыгоды.
Ехаў пан Радзівіл дамоў шляхам праз вуліцу Юрздыка (цяпер — Першамайская), што вяла проста ў маёнтак Кухціцы, дый згубіў адну з тых манет. Так яна і трапіла на сядзібу да маёй цешчы.
Вось такі, здаецца, і невялікі, здабытак, але за ім некалькі радкоў гісторыі Уздзеншчыны і, галоўнае, нітачка гістарычных сувязей, што працягнулася ад берагоў туманнага Альбіёна да вытокаў Нёмана.