Аркестр і... “сем нот”, або Будзем працаваць!

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Тыдзень таму былі падведзены, нарэшце, вынікі тэлепра екта “Новыя галасы Беларусі”. Журы на чале з галоўным дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра краіны Віктарам Бабарыкіным вызначыла сямёрку пераможцаў, якія з 1 верасня будуць залічаны ў штат гэтага прэстыжнага калектыву. Самы час больш падрабязна пазнаёміць чытачоў “К” з новымі імёнамі на нашым музычным Алімпе. Ці, больш сціпла, — з тымі, хто паспрабуе крок за крокам узыходзіць на яго, не шкадуючы часу на штодзённыя заняткі і рэпетыцыі.

 Плённым для некаторых пераможцаў стаўся і перыяд уступных іспытаў, калі да чакання вынікаў праекта далучыліся і хваляванні: “паступлю — не паступлю?”. Паступілі ўсе, хто падаваў дакументы. І не толькі таму, што фіналісты праекта быццам бы праходзілі “па-за конкурсам”: правілы прыёму распаўсюджваюцца і на іх. Тая ж Радміла Сямёнава не паклапацілася, каб своечасова здаць тэсціраванне — і будзе паступаць толькі праз год. А Ірына Патаповіч— толькі праз два. Бо яшчэ “маленькая”: скончыла ўсяго два курсы Брэсцкага каледжа мастацтваў імя Р.Шырмы. Егіязар Фарашан стаў першакурснікам кафедры мастацтва эстрады БДУКіМ (Яўген Ермалковіч заканчвае гэтую ВНУ як харавік-дырыжор). Юлія Шышко і Арцём Міхаленка ўжо залічаны ў Акадэмію мастацтваў, дзе сёлета быў ажыццёўлены ўжо трэці, за ўсю гісторыю гэтай установы, набор будучых артыстаў музычных тэатраў. А Анатоль Сіўко ўжо і так год як вучыцца ў Маладзечанскім філіяле Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Тым не менш, каб нікога не пакрыўдзіць, “спіс” пераможцаў, пашыраны каментарыямі і размовамі з імі, мы даём у алфавітным парадку.
Яўген ЕРМАЛКОВІЧ
пад час праекта выконваў пераважна кранальныя лірычныя песні. А ў жыцці ён — надзвычай эмацыйны, кампанейскі. І ніколькі не пакутуе з-за таго, што ўжо некалькі гадоў яму даводзіцца жыць у інтэрнаце: у пакоі — тры чалавекі, у блоку — шасцёра, і ўсе сябруюць.
— Спачатку, — распавёў Жэня, — я не збіраўся ўдзельнічаць у адборы, бо мой ранейшы, даволі багаты, конкурсны вопыт прывёў мяне да стэрэатыпу, што падобныя спаборніцтвы рэдка бываюць аб’ектыўнымі. І толькі настойлівасць майго педагога ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Алы Свірыдовіч і, асабліва, загадчыка кафедры харавой акадэмічнай музыкі Альбіны Пякуцька вымусіла мяне пагадзіцца на чарговую конкурсную спробу. Усе так за мяне “хварэлі”, што я не мог не спраўдзіць іх надзей. Але калі аб’явілі вынікі, я нават адразу не паверыў: так разгубіўся. Можа, яшчэ і таму, што ніколі не ставіў сабе за мэту паступаць на эстрадны вакал. Бо галоўным у навучанні мне здавалася ўменне карыстацца голасам, навучыцца слухаць сваіх партнёраў, — акадэмічная харавая музыка, на маю думку, дае для гэтага больш магчымасцей. У дзяцінстве ж мяне ўвогуле прываблівала рамантыка, жаданне падарожнічаць, сустракацца з рознымі людзьмі — карацей, я так хацеў стаць правадніком, што нават паступаў у чыгуначны каледж, але “заваліў” матэматыку і пайшоў у ПТВ будаўнікоў, стаўшы майстрам аддзелачных работ. Нічога, спатрэбілася: у матчынай кватэры сам рамонт рабіў.
Я ўвогуле вельмі ўдзячны сваёй маці — супрацоўніцы дзіцячага садка, якая заўсёды натхняла мяне на ўпартае скарэнне чарговых вяршынь. Бо прыступкамі да маёй, так бы мовіць, “музычнай кар’еры” былі і дзіцячы сад у Аляхновічах, і тамтэйшая музычная школа па класе домры, і заняткі ў студыі ў Мінску, і, ужо з першага курса вучылішча, — студыя “Жывы гук” у Маладзечне, і, асабліва, фольк-тэатр “Госціца” Ларысы Сімаковіч, куды мама вазіла мяне з 10-ці гадоў. Ды ўсё ж, мабыць, самым галоўным маім “натхняльнікам” быў дзядуля Зянон Жогла, да якога мы прыязджалі на лета — у вёску на Мядзельшчыне. Гэты музыкантсамавук купіў сабе пасля вайны амаль не прыдатную для ігры скрыпку, сам яе збіраў, склейваў, “ажыўляў”. Гэтак жа самастойна асвоіў і гармонік, і губны гармонік, намагаўся і мяне вывучыць — па меншай меры, я і зараз змагу сыграць на гармоніку польку. Гармонік адыграў сваю ролю і ў музычным лёсе
Арцёма МІХАЛЕНКІ:
— У чатыры гады бацька навучыў мяне граць на тульскім гармоніку. Потым я — дзе самавукам, дзе пад кіраўніцтвам бацькоў, старэйшых двух братоў і сястры — асвоіў клавішныя, акардэон, баян, нават скрыпку. Увогуле ж музыка стала “маёй” літаральна з трох гадоў. Я ездзіў на розныя вакальныя конкурсы, наша сям’я нават атрымала Гран-пры на рэспубліканскім конкурсе. Пазней я спяваў дуэтам з братам Ягорам, на сем гадоў старэйшым за мяне. Дарэчы, ён і цяпер стварае мне песні. Апошнім часам я і сам іх пішу. Пад час удзелу ў праекце напісаў таксама песні для дзвюх іншых фіналістак “Новых галасоў”: адну песню — для Маргарыты Халатавай, другую — для Святланы Сафаравай. Дапамагае і тое, што я самастойна раблю аранжыроўкі. У нас ёсць уласная студыя, так што з запісамі праблем не бывае. Супрацоўнічаю я і з гуртом “Лепрыконсы”, адным з удзельнікаў якога з’яўляецца мой стрыечны брат Уладзімір Федарук. Адной са сваіх ранейшых перамог лічу і тое, што ў свой час трапіў у трыццатку лепшых паўфіналу “Фабрыкі зорак”. А зусім нядаўна я здымаўся ў фільме пра Максіма Мірнага. Ёсць і шмат іншых творчых прапаноў. А вось ноты, як ні дзіўна, мне давялося вывучыць толькі ў 15 гадоў — калі паступіў у Гродзенскі каледж мастацтваў. Першы курс я скончыў па народных інструментах, а ўжо з другога перайшоў на мастацтва эстрады. Займаюся спортам, наведваю трэнажорную залу, плаваю — усё гэта лічу часткай прафесіі, неабходнай для падтрымання не толькі здароўя, але і прывабнага знешняга выгляду. А яшчэ — люблю дзяўчат усіх да адной. Бо хто, як не жанчыны, прызнае талент мужчын? Але адзінай маёй “жонкай” застаецца Музыка. Імкнуся спяваць шчыра: за гэта слухач можа дараваць нават некаторыя вакальныя хібы. Але каб публіка паверыла ў тваю шчырасць, над гэтым трэба шмат працаваць...
Ірына ПАТАПОВІЧ
ураджэнка Івацэвічаў і цяперашняя навучэнка Брэсцкага каледжа мастацтваў — запомнілася тым, хто сачыў за канцэртамі праекта “Новыя галасы Беларусі”, як прыхільніца арыентальных тэндэнцый у мастацтве. — Мне сапраўды з дзяцінства падабаецца ўсё ўсходняе, я нават цягам года займалася танцам жывата. І не шкадую: гэта ўзбагаціла мяне новымі танцавальнымі навыкамі. Бо пластычнасць, пэўна, як і музычнасць, — ці даецца ад прыроды, ці не. І далей яе можна хіба ўдасканальваць. Мне ўсё было цікава. Спявала я з першага класа. І не проста спявала, але і марыла, каб гэта стала маёй прафесіяй. Можа, яшчэ і таму, што мая мама ўдзейнічае ў самадзейнасці. Цяпер для мяне на першым плане — творчая кар’ера, праца, часу на асабістае жыццё зусім няма. Так што замуж, пэўна, збяруся не раней, чым у 25 — 27 гадоў. А мне, відаць, давядзецца пераводзіцца ў сталіцу, бо працаваць у Мінску і вучыцца ў Брэсце — гэта нерэальна.
Анатоль СІЎКО
самы, бадай, прафесійны спявак з пераможцаў. За яго плячыма не толькі Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К. Агінскага і першы курс у тамтэйшым філіяле Акадэміі музыкі, але і шматлікія перамогі на вельмі прэстыжных вакальных і оперных конкурсах. Ён — уладальнік Гран-пры на Міжнародным конкурсе імя Аксаны Петрусенка ў Эстоніі, срэбраны прызёр Сусветных Дэльфійскіх гульняў у Саратаве. Сёлета ў чэрвені ён стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу оперных спевакоў у Пярну. Першая прэмія на тым конкурсе прысуджана не была. Трэцюю — журы падзяліла ажно паміж трыма ўдзельнікамі. Так што яго Другая прэмія можа лічыцца абсалютнай перамогай. Тым больш, ён быў самым маладым канкурсантам: усяго 21 год, іншыя ж былі ва ўзросце да 34-х — сталыя спевакі з багатай тэатральнай практыкай.
Што ж да Анатоля, дык ён на опернай сцэне — і навічок, і не зусім. Яшчэ навучэнцам музычнага вучылішча атрымліваў цэнтральныя басовыя партыі, надзвычай складаныя па выкананні, у пастаноўках Маладзечанскага маладзёжнага опернага тэатра.
Дый цяпер ён збіраецца на вельмі адказны міжнародны конкурс у Фінляндыю. Дастаткова сказаць, што на гэтае спаборніцтва было пададзена ажно 343 заяўкі з 42 краін свету — і А.Сіўко трапіў у 30-ку фіналістаў. — На конкурсах, — засмучана прызнаецца Анатоль, — мне вельмі патрэбна падтрымка, бо я літаральна “з’ядаю” сябе жыўцом. Можа таму, што Рак паводле гараскопа? Таму я вельмі ўдзячны свайму канцэртмайстру Юліі Баранавай, якая заўсёды мяне падтрымлівае, і педагогу Георгію Юрэвічу: менавіта ён адчуў ува мне яшчэ і оперныя магчымасці. Бо спяваць я пачаў дзесьці класе ў сёмым — пад гітару. Быў удзельнікам рок-гурта “Эмпірэй” — так у старажытнасці называлі найвышэйшую частку неба, адкуль і пайшоў прыметнік “эмпірычны”. Але мне да сваіх эмпірычных вяршынь пакуль далёка…
Радміла СЯМЁНАВА
паставіла сабе за мэту стаць зоркай і выступаць на вялікіх сцэнах ужо ў шэсць гадоў. Маці нават назвала яе Радмілай — у гонар вядомай югаслаўскай спявачкі Радмілы Караклаіч. — Мне ж падабаюцца ўсе спевакі — бо кожны з іх цікавы па-свойму. Калі раней мяне больш цікавіў кірунак R’n’B, дык цяпер — усё, што адбываецца на спеўнай эстрадзе. Родам я з Рагачова, там і жывуць усе нашы сваякі — усе спяваюць, хаця прафесійных музыкантаў сярод іх няма. А калі я паступіла ў Гродзенскі каледж мастацтваў, гэты горад настолькі ўразіў мяне сваёй прыгажосцю, еўрапейскасцю, чысцінёй, кветкамі, дагледжаным паркам, што я літаральна закахалася ў яго.
Каб як мага раней стаць самастойнай і не ад кога не залежаць, пачала працаваць ужо ў 16: цягам трох гадоў спявала ў рэстаране. Хаця і кажуць, што, маўляў, рэстаранная практыка “губіць” голас, дзякуючы ёй я стала адчуваць сябе больш разняволенай на сцэне, не баяцца публікі. Галоўнае не дзе спяваць, а — як.
У справядлівасці гэтых слоў Радмілы мог пераканаць пад час праекта і
Егіязар ФАРАШАН.
Бо дзе б ён ні спяваў — у Палацы Рэспублікі, ля сцен Мірскага замка, у Летнім амфітэатры ў Віцебску, на бабруйскай фестывальнай сцэне ці ў Сафійскім саборы ў Полацку, — не сцэна ўпрыгожвала спевы, а ягоныя спевы — быццам узвышалі сцэну, на якой выступаў такі адметны тэнар. Ён і раней быў вельмі вядомы ў пэўным асяродку. А як узрасла колькасць яго прыхільнікаў і асабліва — прыхільніц пасля яго з’яўлення на тэлеэкране — і не пералічыць! Так што, трэба думаць, як пачнуцца заняткі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, куды ён паступіў (дарэчы, разам з яшчэ адным фіналістам “Новых галасоў Беларусі” — Аляксандрам Маркевічам), на прыступках ВНУ будзе выстройвацца цэлая чарга жадаючых атрымаць аўтограф. Пакуль жа ён раздае не столькі аўтографы, колькі — цяпло паўднёвай душы і гарачае полымя пачуццяў, пераплаўленых у музыку.
Юлія ШЫШКО
нарадзілася ў Петрыкаве, але потым іх сям’я вайскоўцаў трапіла ў Слонім. Там яна і пачала вучыцца ў школе з музычна-харавым ухілам:
— Доўгім часам маім адзіным педагогам заставалася Святлана Семянюк. Потым я трапіла ў Гродзенскі музычны каледж да знакамітай Ларысы Іконнікавай. Пад час вучобы неяк пачула запісы нашай опернай каларатуры Алены Шведавай і падумала: яна спявае літаральна па-за межамі магчымага! Я нават уявіць не магла, што буду выступаць з ёй разам на сцэне “Славянскага базару ў Віцебску”, ды спяваць не што-небудзь, а “Рапсодыю” з кінастужкі “Пяты элемент”. Бо выкананне гэтай музыкі— таксама літаральна за мяжой магчымага. І тое, чаму гэтая найталенавітая спявачка навучыла мяне за такі сціслы прамежак часу,— гэта проста рэвалюцыя! Мне казалі: паступай у Акадэмію музыкі. Але я абрала не ўстанову, а свайго педагога, і— паступіла да Алены Шведавай у Акадэмію мастацтваў.

Апошняе слова, як звычайна, засталося за дырыжорам Прэзідэнцкага аркестра Беларусі і старшынёй журы праекта Віктарам БАБАРЫКІНЫМ:
— Гэты праект я ацэньваю вельмі станоўча: наша спеўная моладзь атрымала магчымасць паспрабаваць сябе і на вялікіх сцэнах, і на тэлеэкране. Сур’ёзная работа вялася на працягу ўсяго часу, і нават на жнівень запланаваны шэраг канцэртаў у Салігорску, Навагрудку, Заслаўі. З верасня будзем працаваць над новымі праграмамі, шукаць песні, каб кожны з салістаў развіваўся ў творчым плане, “набіраў абароты”. Мне ўжо пачалі тэлефанаваць кампазітары са сваімі прапановамі. Але яшчэ больш важным мне здаецца наяўнасць добрага выкладчыка — музычнага кіраўніка вакальнай групы, пасада якога застаецца пакуль вакантнай. Бо салістаў чакае вельмі напружаны графік. У кастрычніку мы выступім з Сасо Паўліяшвілі, Сарай Конар у Маскве, запланаваны канцэрт у рамках IV Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, запрошаны мы і на “Залаты шлягер” у Магілёве. Так што — будзем працаваць!


Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"