Лейтэнант Ліда - "Паветраны Рамізнік"

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Першым з “маіх” ветэранаў Вялікай Айчыннай у досыць сталым узросце не стала майго дзядзькі Колі, які скончыў вайну на Далёкім Усходзе, пасля – дзядзькі Мішы (ён сустрэў перамогу ў Вене), затым – бацькі; цяпер усе трое ў вайсковай форме на вялікіх фота ў якасці часткі сцэнаграфіі аздабляюць спектакль тэатра імя Горкага “Выпадковы вальс”. Яшчэпазней не стала дырэктара маіх фільмаў: былога сяржанта-артылерыста Барыса Неўскага (дарэчы, першага дырэктара “Песняроў”) і сябра, марака-юнгі Лёвы Кузьміцкага, пра якога пісала “К”; адыходзілі “мае” вайскоўцы адзін за адным… І вось урэшцэ ў маім атачэнні застаўся ўсяго адзін ветэран з ліку непасрэдных удзельнікаў вайны.

 /i/content/pi/cult/113/282/Vekapomnaje.jpg

Ліда Савельева — магіляўчанка, нарадзілася 15 сакавіка 1914 года ў рабочай сям’і. У 1930-м біржа працы накіравала яе ў вучэльню, якая рыхтавала кадры для Магілёўскага завода штучнага валакна, — цэлюлоза вельмі была патрэбна прамысловасці, у асноўным, ваеннай. У 1932-м скончыла і пачала працаваць на камбінаце лабаранткай. Дасюль падрабязна памятае Лідзія Рыгораўна паслядоўнасць сямі аналізаў, якія павінна была зрабіць у цэху за 30 хвілін: тэхналагічны працэс вытворчасці патрабаваў раствору віскозы дакладнай гушчыні. Прызнаннем за руплівасць і стараннасць стаў перавод у цэнтральную лабараторыю камбіната.

Але не гэта было лёсам камсамолкі. Прыйшоў на камбінат заклік: Тамбоўская лётная школа набірае курсантаў — абавязкова з ліку рабочых. Як жа неўтаймоўная Ліда Савельева — стаханаўка, ударніца! — не падасца туды! І з 1934 года пачынаецца адлік яе “нябеснай” біяграфіі.

У лётнай школе вучылася самааддана — як, дарэчы, рабіла ўсё ў жыцці: беларуская курсантка атрымлівала павышаную стыпендыю. У СССР былі папулярныя тады лозунгі: “Дзяўчаты — на трактар!” (легендарная Паша Ангеліна), “Дзяўчаты — на Далёкі Усход!” (фільм “Дзяўчына з характарам”), “Дзяўчаты — на самалёт!” Апошняя прафесія лічылася асабліва прэстыжнай — нават было модна фатаграфавацца ў лётным шлеме з акулярамі і прэзентаваць гэтыя здымкі родным і хлопцам. 

Тым часам адкрыўся аэраклуб у родным Магілёве. Там заляцаліся да баявой дзяўчыны адначасова і інструктар, і інжынер, але ёй было не да таго: яшчэ вучылася ў хімтэхнікуме і працавала на сваім камбінаце — усё паспявала! На лётных курсах хлопцы папікнулі яе, што, маўляў, не жыве “грамадскім жыццём”: не ходзіць на танцы, не звяртае ўвагі на мужчынскі асабовы склад. А Ліда адрэзала: “Я сюды вучыцца прыйшла, а не ў каханне гуляць!” Але вось скончаны і курсы, і тэхнікум, засталася толькі праца, — і дзяўчына засумавала “ад недагрузкі”. Ды тут стала вядома, што ідзе набор у Херсонскую лётную школу. Савельева — бездакорны працаўнік, маці яе — дэпутат мясцовага Савета, — і Ліда атрымлівае патрэбную рэкамендацыю. Так з 1936 года пачынаецца яе жыццё як прафесіянальнага “летуна”. 

У Херсоне высветлілася цікавая акалічнасць: яна стала адзінай дзяўчынай, якая вытрымала ўступныя экзамены па тэорыі і практыцы пілатавання. І ў кіраўніцтва школы ўзнікла праблема: як пасяліць яе ў інтэрнаце? Дзе знайсці асобны пакой? Дзеля цікавасці заўважу: усе пералічаныя падзеі Лідзія Рыгораўна ўзгадвае сёння падрабязна, называе прозвішчы і імёны начальнікаў курсаў, школ, цэхаў, лабараторый, паплечнікаў, сябровак… 

Па заканчэнні школы хацела ўзяць на памяць сваё фота з Дошкі гонару, але яно — знікла! Гарэзліва ўсміхаючыся, кажа мне: “Я здагадвалася, хто з хлопцаў яго скраў!” 

І дадалося ў яе біяграфіі яшчэ адно імя: Уладзімір Зюбко. Да яго яна прыбыла 1 студзеня 1938 года ў Калінін у якасці жонкі. Так пачалося паралельна з авіяцыйным яшчэ й сямейнае жыццё — ужо пад яго прозвішчам. 

У чэрвені 1939 у доме Зюбко, як вядзецца, нарадзілася дачушка Галачка (пра яе, у будучым вядомага беларускага анколага-радыёлага, прафесара Галіну Мураўскую, “К” пісала). Маладой маці даводзілася, пакарміўшы дзіця, бегчы на аэрадром; палятаўшы, спяшацца дамоў, каб зноў даць Галачцы грудзі. Ліда Зюбко стала не толькі паветраным асам, але — інструктарам, перадавала лётнае майстэрства курсантам-мужчынам. Ляталі на ПО-2, на Р-5, рабілі фігуры вышэйшага пілатажу, стралялі з кулямётаў, пікіравалі, прызямляліся на парашутах. Усе імкнуліся трапіць менавіта ў яе групу, бо чулі, што яна нікога не адлічвае за няздатнасць, а, не шкадуючы намаганняў, усіх “вымуштроўвае” на выдатную адзнаку. Выпускала групу за групай. Лётнага вопыту набіралася і сама.

Аднойчы ўзімку ніводзін з вучэбных ПО-2 не здолеў адарвацца ад зямлі, як густа ні змазвалі лыжы. Раптам узляцеў адзін, на які проста забыліся сёння, а “змазвалі” — учора. Значыцца, свежая змазка перашкаджае разгону па паласе. Як такія “драбязінкі” вопыту дапамогуць у будучай вайне, дыханне якой было ўсё бліжэй! Кантрольныя камісіі былі адна адной стражэйшыя. Не прайшлі іспытаў усе тры групы пілотаў, якіх рыхтавалі інструктары-мужчыны. Групу Зюбко не паказвалі— не хапала на ўсіх паліва (а мо мужчыны баяліся канкурэнткі?). Старшыня камісіі заўважыў малодку ў лётнай форме, запытаў: “Хто такая?!” “Інструктар”, — пачуў у адказ. “А група?” Ёсць і група. “Неадкладна яе групу ў паветра!” — быў загад. Тут і бензін знайшоўся. 

— Ніякай “адсябеціны”! — настаўляла Лідзія Рыгораўна. — Выконвайце ў паветры толькі тое, чаму вас вучыла. 

Усе яе 15 курсантаў атрымалі выдатныя адзнакі. Гонар лётнай школы быў уратаваны!Вайна... Муж-інжынер запісаўся ў дабраахвотнікі.

А лінія фронту набліжалася, аэрадром Калінінскай лётнай школы стаў даступным для нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў. Школу эвакуіравалі ў Мелякес, пад Ульянаўскам. Ляцелі туды на сваіх вучэбных самалётах. У дарозе Галачка захварэла на запаленне лёгкіх. Але ў такім стане пайшла ў дзіцячы садок, а, крыху ачуняўшы, пасялілася ў матчыным закутку проста на аэрадроме. А што рабіць: вайна патрабавала шмат лётчыкаў, а іх рыхтавала разам з іншымі інструктар Лідзія Зюбко. Праграмы і час падрыхтоўкі ўсё скарачаліся: пасля трох гадзін самастойнага палёту курсанта выпускалі. 

— Імкнулася давесці, каб не “раскідваў” увагі, бо ў баі галоўнае — размеркаваць увагу! Вось галоўнае! 

У 1942 школа ўвайшла ў склад Асобнай Прыбалтыйскай авіягрупы. Лейтэнанта Зюбко залічылі ў 105-ты Гвардзейскі полк, якім камандаваў вядомы ас Яўген Тамасавіч Клусом, — дарэчы, жонка яго таксама была лётчыцай. “Начныя ведзьмары” вялі разведку, аэрафотаздымку, вазілі дакументы, абсталяванне, генералаў, параненых, у нямецкі тыл партызанам — ежу, зброю і радыстаў з рацыямі: не гераічная, але такая неабходная на вайне работа “паветраных рамізнікаў”.

Падрослая Галачка па-ранейшаму жыла з мамай на аэрадроме, які час ад часу немцы бамбілі. 

— Трэба везці вельмі важных пасажыраў. Надвор’я — аніякага: спрэс туман. Узлёту сіноптыкі не даюць. Паляцела: сто метраў вышыня, сто метраў прагляду... Калі ляцела назад, туман стаў такі густы — хоць пальцам у вока! Крыху разгубілася... Памалілася — і раптам: у імгненным і вузенечкім, як аловак, прасвеце ўбачыла вежу знаёмага элеватара. Вось ён, арыенцір! А з аэрадрома ў туман, бачу, ракеты пускаюць. Збіраюся ісці на пасадку — тут, бачу раптам, электралінія проста перада мной. Пераскочыла, прызямлілася, падруліла да штаба. Туды збегліся ўсе, нават работнікі сталовай, бухгалтэрыі. “Як ты?” — пытаецца ўсхваляваны камандзір атрада. Нічога, адказваю спакойна, туман. А сама дамоў, да Галачкі: як яна там? А туман яшчэ тры дні стаяў, ніхто не ўзлятаў. 

У 1944-м вызвалілі Калінін, пазней баі ішлі ўжо за межамі СССР — і быў загад ваенную “лёгкую авіяцыю” перавесці ў грамадзянскую, жанчын меркавалася ўвогуле дэмабілізаваць, бо перамога была ўжо відавочная. Старшыня камісіі садзіцца ў заднюю кабіну ПО-2 і кажа: “Лейтэнант Зюбко, злётаю з вамі. Пакажыце, чаго вартыя”. І гэты іспыт яна вытрымала бліскуча. І яшчэ на дзесяцігоддзе засталася ў грамадзянскай авіяцыі, ужо перасеўшы на грузапасажырскі С-2, а потым — за штурвал двухматорнага “дугласа”.

Вялікі франтавы вопыт начных палётаў “усляпую” дапамагаў нават, здавалася б, у безвыходных сітуацыях: лётчыца набыла адметнае пачуццё прасторы і... зямлі. На Маскоўскім моры знайшла ля Канакова выспу, якой не было на мапе, але з якой трэба было забраць улоў рыбы. У 1947-м, калі быў абмен грошай, загрузілі ёй для вайсковай часткі тры скрыні новых купюр, каб замест тых прывезла старыя. 

— “Шанцавала” мне на туманы! Узляцела — ні зямлі, ні неба не бачу. Але даляцела. Скрыні з новымі здала, старыя загрузіла — і ў тым жа тумане даляцела да свайго аэрадрома. А тым часам камандзір, турбуючыся за мяне, паляцеў услед, заблудзіўся, сеў не там, пераляцеў туды, дзе павінна была перагружацца я. А там кажуць: “Зюбко? Ды яна даўно ўжо адляцела!” Ён ізноў заблудзіў у тумане, пасадзіў свой самалёт далёка за поўнач. А я даўно ўжо спала… Апошні раз села Лідзія Рыгораўна за штурвал “дугласа” ў 1954-м. Дваццаць гадоў у паветры!

* * * *Няма ўжо на свеце праслаўленых маршалаў Вялікай Айчыннай, мудрых генералаў, засталіся адзінкі адважных палкоўнікаў, баявых лейтэнантаў, зусім мала зухаў-старшынь, адыходзяць штодзень радавыя, якія юнакамі прызываліся на фронт, прарэджваюцца рады юнгаў і “сыноў палкоў”. Такі ў іх узрост, што кожны новы дзень — падарунак Божы. Дык скарыстаемся нагодаю Свята Перамогі і ўзгадаем іх малапрыкметныя, з адлегласці часу, франтавыя ўчынкі, скажам пра іх добрае слова. А таму з удзячнасцю слухаю, хай і не па адным ужо разе, аповеды ветэрана са сціплымі ўзнагародамі, у сціплым званні лейтэнанта Лідзіі Рыгораўны Зюбко— маці Галіны Уладзіміраўны, бабулі двух прыгажуноў унукаў Алега і Ігара, прабабулі васьмігадовага праўнука Дзімачкі. 

Са святам, дарагі ветэран! Са Святам Жыцця! 

Уладзімір АРЛОЎ,
кінарэжысёр
Фота з альбома Л.Зюбко