Як “раскруціць” Драздовіча з Мюнхгаўзенам?

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Глыбокае ў кантэксце сацыякультурнай утульнасці Глыбокае — адметнае не толькі сярод гарадоў Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Маю на ўвазе не толькі багатую гісторыю славутага мястэчка, а, у першую чаргу, сённяшняе даволі імклівае сацыякультурнае развіццё горада. Менш за год таму адкрыла дзверы новая Цэнтральная раённая бібліятэка, распачалося добраўпарадкаванне набярэжнай, узведзены летні амфітэатр на беразе возера ў цэнтры Глыбокага, адбудоўваецца стадыён, а ў планах гарадскіх улад — пабудова Лядовага палаца... Адным словам — ёсць дасягненні, вартыя абавязковага пераймання ў многіх іншых райцэнтрах. Аднак такому славутаму гораду, як пераканаўся цягам камандзіроўкі, не стае крэатыўнага падыходу да арганізацыі змястоўнага адпачынку. Не ў апошнюю чаргу такое становішча, відаць, склалася з-за цяперашняй рэканструкцыі Глыбоцкага ГДК. Але галоўная прычына, думаецца, не толькі ў гэтым. Пазнаёміўшыся з горадам, убачыў: Глыбокае не напоўніцу выкарыстоўвае свае культурныя брэнды, каб разнастаіць баўленне вольнага часу і мясцовых жыхароў, і турыстаў. У першую чаргу, вяду гаворку пра “раскрутку” знакамітых імёнаў Ігната Буйніцкага ды Язэпа Драздовіча. Апроч таго, знітавана Глыбокае і з прозвішчам… барона Мюнхгаўзена. Пагадзіцеся, іміджавыя постаці, належным чынам разрэкламаваныя і “ўпісаныя” ў культурны кантэкст райцэнтра, павінны максімальна працаваць на турыстычную папулярнасць, спрыяючы ажыўленню культурнай работы па аказанні платных паслуг. Глядзіш, і з’явіцца ў мясцовага аддзела культуры якая вольная капейчына на рамонт ДК.

Экспазіцыя ў Глыбоцкім гісторыка-этнаграфічным музеі, прысвечаная Язэпу ДраздовічуЗнаёмства з горадам вырашыў распачаць з апытання мясцовых жыхароў: як яны ацэньваюць утульнасць Глыбокага, што хацелі б бачыць у горадзе... Многія гаварылі добрыя словы пра тое, як, дзякуючы клопату мясцовых улад, папрыгажэла мястэчка за апошнія гады. Распавядалі і пра новую бібліятэку, пра тое, як з дапамогай і на сродкі арганізацый горада была праведзена рэканструкцыя помніка архітэктуры XVII стагоддзя - Сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы... Але ж выказалі жыхары і нямала заўваг: няма пакуль у райцэнтры парку культуры і адпачынку, праблемным выглядае пытанне з рэканструкцыяй прыбудовы да згаданага Сабора - колішняга кармеліцкага манастыра, бо яго лядашчыя сцены ў любы момант могуць абваліцца... Як кажуць, вер не сказу, а паказу. Вось і я пахадзіў па горадзе, каб паглядзець на яго вачыма вандроўніка, акцэнтуючы ўвагу, натуральна, на ўстановах культуры.

Мясцовыя прыярытэты
Шмат зрабіла на культурнай ніве Глыбокага папярэдні начальнік райаддзела культурыБудынак музея Марыя Паляк, якая займала гэтую пасаду больш за дваццаць гадоў. У многім яна была наватарам і першапраходцам. Звыклыя цяпер для Беларусі раённыя метадычныя цэнтры і дамы рамёстваў узніклі ўпершыню менавіта ў Глыбокім. Тут жа была арганізавана праца гаспадарчай групы пры аддзеле культуры, якая будавала жыллё для культработнікаў, заснаваны і сусветна вядомы цяпер Міжнародны кінафестываль "Magnifiсat"... Нездарма павучыцца вопыту неаднаразова прыязджалі ў горад начальнікі аддзелаў культуры з абласцей краіны... У кантэксце згаданага заканамерна, што распачаў я сваё знаёмства з Глыбокім з наведвання мясцовага Дома рамёстваў, размешчанага ў цэнтры горада. Адкрылася ўстанова ў 1990 годзе. У 12 гуртках сёння тут займаюцца каля 120 дзяцей і падлеткаў. Як казалі мне супрацоўнікі, вельмі хацелася б, каб у іх з'явіўся свой камп'ютэр, бо працаваць без яго ў сучасных умовах вельмі цяжка. Можа, вырашэнню гэтай праблемы паспрыяе і тое, што нядаўна ў Глыбоцкім доме рамёстваў адчыніўся салон-крама па продажы вырабаў майстроў народных рамёстваў? Частку грошай з кожнага вырабу (прыкладна 20%) плануецца пакідаць у якасці камісійных. Такім чынам пэўныя фінансы, атрыманыя ад дзейнасці салона-крамы, можна адкладаць на набыццё камп'ютэра. А попыт, з улікам турыстычнай прывабнасці Глыбоччыны, падаецца, мусіць быць немалым. Але ў сувязі з гэтым паўстае іншае пытанне: чаму ж раней не з'явілася такая крама ў мясцовым Доме рамёстваў? Па стане на 1 студзеня 2009 года, на Беларусі існавала ўжо больш за 30 падобных салонаў. Арганізаваны ён даўно, напрыклад, і ў суседнім Лепелі, дзе Так захоўваюцца фонды ўстановыгрунтоўна даследаваў пытанне функцыянавання ДР некалькі месяцаў таму. Дарэчы, у лепельцаў ёсць паспяховы досвед камерцыйнага пашыву сцэнічных касцюмаў.
Да ўсяго, Глыбоцкі дом рамёстваў дагэтуль мае толькі адзін філіял, створаны ў вёсцы Падсвілле ў 1993 годзе... Калі ў выпадку з адкрыццём крамы можна спаслацца на часаёмкі працэс пераходу на "новыя рэйкі", то адсутнасць філіялаў РДР прымушае запытаць: няўжо няма попыту? Вопыт лепельчан сведчыць, што такія сельскія ўстановы культуры вельмі запатрабаваныя: у вясковых гуртках займаецца столькі ж навучэнцаў, колькі і ў гуртках гарадскіх. Наладзіць працу філіялаў, калі ў вёсцы няма традыцыйнага народнага майстра, можна праз прыезд метадыстаў з раённага цэнтра ў вёску, дзе яны і вучаць дзяцей. Пры належным чынам пастаўленай рабоце Дом рамёстваў таксама можа быць іміджавай, бюджэтаўтваральнай установай культуры. І, зразумела, прыносіць стабільны прыбытак. Ігнараваць кожную падобную магчымасць сёння - проста немагчыма.

Дзе купіць паштоўку з краявідамі раёна?Зала Глыбоцкага ГДК, яго знешні выгляд і прыбудова, узвядзенне якой спынялася ўжо двойчы
Перада мной - рэканструяваная і адрамантаваная Цэнтральная раённая бібліятэка. Абноўленая ўстанова сямейнага чытання горада аб'яднала ў сваёй структуры не толькі дзіцячую і райбібліятэкі, але і аддзел камплектавання, Цэнтр публічнай інфармацыі, метадычную службу. І ўсё - пад адным дахам. Адсюль накіроўваецца і праца мабільных устаноў культуры: аўтаклуба і бібліобуса. Названае - неаспрэчны крэатыў Марыі Паляк і Ніны Протас, дырэктара ЦБС, якія распрацавалі і ператварылі ў жыццё мару пад назвай "Бібліятэка сямейнага чытання". Дарэчы, летась бібліятэкары перавыканалі план платных паслуг, чаму дапамагло і ўвядзенне новых іх відаў: сканіравання, набору тэксту, пераплётных работ, ламініравання, карыстання прававой базай даных.
Па словах Ніны Протас, у сувязі са значным скарачэннем сеткі бібліятэк (у раёне раней іх было 65, а засталося - 35) востра паўстала неабходнасць стварэння аўтабібліятэкі. І тая ў раёне з'явілася яшчэ ў 2006 годзе. Іншая справа, што выкарыстоўваецца гэтая машына - ГАЗель на 6 пасадачных месцаў - і ў якасці аўтаклуба, і ў якасці бібліобуса. Таму ніякага ўнутранага абсталявання "бібліятэка на колах" не мае. У салоне кнігі складваюцца на крэслы і на падлогу. Згадаю яшчэ, што і тэхнічнае абсталяванне аўтаклуба даволі "аскетычнае": ёсць толькі магнітафон, дынамік і мікрафон... Пра мікшэрны пульт, тэлевізар, светлавую апаратуру, відэапраектар, каб аўтаклуб меў магчымасць дэманстраваць фільмы, загадчыцы аўтаклуба Жанне Нарыцынай застаецца толькі марыць.
Руіны сцен кляштара побач з саборамЗразумела, аддзел культуры хоча зэканоміць пэўную частку грошай, выкарыстоўваючы, так бы мовіць, прынцып "два ў адным". Але, як пісала ўжо наша газета, аўтабібліятэка - гэта асобная мабільная ўстанова культуры, што павінна выкарыстоўвацца толькі па прамым прызначэнні і мець адпаведнае начынне: стэлажы для кніг, дыскі, ноўтбук з выхадам у Інтэрнет, ксеракс, прынтэр, сканер, каб аказваць усе запатрабаваныя паслугі любому жыхару нават самай аддаленай ад райцэнтра вёскі. Да таго ж, з дапамогай шматлікіх і разнастайных паслуг, якія здольная аказваць вяскоўцам мабільная ўстанова культуры, можна няблага зарабляць. Але гэта ўжо простая ісціна, якую падказвае і даказвае жыццё. Яшчэ адна праблема Глыбоцкай бібліятэкі сямейнага чытання - паступленне кніг для камерцыйнага фонду. Калі ў мінулым годзе на гэтыя мэты было атрымана 42 мільёны рублёў, дык у гэтым - 1. А камерцыйны фонд - таксама сталая крыніца даходу. І яшчэ. Дзейнасць ЦБС, мяркую, была б больш плённай, каб наладзілі тут выданне матэрыялаў пра славутых людзей, якімі знакамітая Глыбоччына, пра гісторыю раёна і яго прыроду: усе гэтыя буклеты, даведнікі і паштоўкі, безумоўна, карысталіся б попытам сярод шматлікіх турыстаў. Доказам таму - вопыт выдавецкай дзейнасці Асіповіцкай ЦБС, што на Магілёўшчыне. Тым больш, адпаведнае тэхнічнае абсталяванне - камп'ютэры, лазерны прынтэр, ламінатар, брашуравальны апарат - з'явілася ў глыбоцкіх бібліятэкараў яшчэ летась...

Мюнхгаўзена "піарыць" простаГлыбоцкая бібліятэка сямейнага чытання і пералік яе платных паслуг
Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей размешчаны ў двухпавярховым будынку непадалёк ад цэнтра горада. Сем невялікіх выставачных залаў расказваюць пра жыццё і побыт мясцовых жыхароў, пачынаючы ад старажытнасці і заканчваючы XX стагоддзем. У экспазіцыі музея прадстаўлены каля 600 экспанатаў, сярод якіх асабліва значнымі падаліся карціны ўраджэнца Глыбоччыны - Язэпа Драздовіча. Дарэчы, летась супрацоўнікі музея правялі вечар у гонар мастака і выстаўку яго жывапісных работ, маляваных дываноў. Мерапрыемствы былі прымеркаваны да 120-годдзя з дня нараджэння славутага земляка.
А з 2006 года ў Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея з'явіўся філіял у знакамітай вёсачцы Мосар, куды ўваходзяць паркава-ландшафтная зона і будынак, дзе дэманструюцца краязнаўчыя экспанаты. Не мог не запытацца ў супрацоўнікаў і пра вядомага барона Мюнхгаўзена: якім жа ж чынам ён звязаны з Глыбокім? Аказваецца, на мясцовых могілках сапраўды знайшоў свой спачын Ferdinand von Munchhauzen - відавочна, нейкі нямецкі граф. Хутчэй за ўсё, як мне патлумачылі, - гэта выпадковы вандроўнік, які праязджаў праз мястэчка і тут памёр, бо сярод мясцовых уладальнікаў маёнткаў людзей з такім прозвішчам не было. На адваротным баку крыжа можна прачытаць, што памёр гэты Мюнхгаўзен 31 сакавіка 1878 года. Запытаўся, ці ўдакладнялі музейшчыкі яшчэ што-небудзь пра гэтага чалавека, ці рабіліся спробы адшукаць нейкія гістарычныя звесткі пра яго? На жаль, адказ - адмоўны. Пагадзіцеся, і Драздовіч, і Мюнхгаўзен- тыя культурныя і турыстычныя "фішкі", якія маглі б зрабіць Зала Глыбоцкага ГДК, яго знешні выгляд і прыбудова, узвядзенне якой спынялася ўжо двойчыГлыбокае яшчэ больш прывабным для турыстаў... Нават намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Сямчонак, да якой завітаў на наступны дзень камандзіроўкі, на маё пытанне пра планы пабудовы у Глыбокім помнікаў сусветна вядомым землякам, адказала, што гэтага, на яе думку, не патрабуецца. І нават запыталася ў адказ: навошта нам помнік Драздовічу, калі ён ужо ўсталяваны ў Траецкім прадмесці Мінска? Не магу не ўтрымацца, каб не пракаменціраваць. Павел Сухой, Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі ды і той жа Мюнхгаўзен - гэта яшчэ адна нявыкарыстаная раённымі ўладамі магчымасць прывабіць да сябе ў горад шматлікіх турыстаў, зрабіць у Глыбокім некалькі культурных зон для вандроўнікаў. І, у першую чаргу, зразумела, выйграе ад такой "раскруткі" мясцовы краязнаўчы музей ды яго супрацоўнікі праз павелічэнне колькасці экскурсій.
А, да прыкладу, "мюнхгаўзенаўскую" зону адпачынку стварыць даволі лёгка. Крама "Мюнхгаўзен" або кавярня "Барон", гасцініца "Вярхом на ядры", продаж сувеніраў і паштовак - гэта толькі малая частка той інфраструктуры, якая магла б зацікавіць патэнцыйных "вандроўнікаў за прыгодамі" не толькі з Беларусі, але і Еўропы. Да таго ж, гэтую частку горада можна было б абсадзіць вішнямі і назваць, скажам, "Алеяй подзвігаў Мюнхгаўзена". Уявіце сабе і рэкламную кампанію ў прэсе ды І н т э р н е ц е : маўляў, ствараецца адзіны ў Беларусі, ды і, пэўна, на постсавецкай прасторы, помнік барону Мюнхгаўзену! Гэтая акцыя выкліча рэзананс і цікавасць да мястэчка... А тое, да чаго ўзнікае інтарэс спажыўца, цікавіць і патэнцыйнага інвестара.

Месца для Драздовіча
З нецярплівасцю чакаюць супрацоўнікі Глыбоцкага музея рамонту былога будынка Цэнтральнай бібліятэкі, дзе запланавана стварыць яшчэ адзін яго філіял. Там размесціцца экспазіцыя "Этапы вялікага шляху", якая будзе распавядаць пра жыццё глыбачан, пачынаючы ад часоў Вялікай Айчыннай вайны і да дня сённяшняга. На другім паверсе плануецца выставачная зала. На жаль, па словах начальніка аддзела культуры Рымы Муравей, пытанне пра фінансаванне праектна-каштарыснай дакументацыі на рамонт будынка па вуліцы Леніна цяпер адкладзена на няпэўны час у сувязі з недахопам грошай...Зала Глыбоцкага ГДК, яго знешні выгляд і прыбудова, узвядзенне якой спынялася ўжо двойчы
Не ўсё добра і з захоўваннем музейных фондаў, якія размяшчаюцца цяпер у двух невялікіх пакоях занальнага гарадскога архіва. Як кажа дырэктар музея Вольга Саланінка, раней пад захоўванне былі выдзелены 2 вялікія пакоі. Але ў адным з іх на сённяшні дзень зманціравана газаўстаноўка. Таму фондавых плошчаў для размяшчэння больш як дзесяці тысяч экспанатаў відавочна не дастаткова. Я пабываў у памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца ў якасці музейнага сховішча. Многія экспанаты заціснуты на паліцах, ляжаць адзін на адным у праходах паміж стэлажамі. Пабачыў і каштоўныя дываны, размаляваныя Язэпам Драздовічам, якія таксама захоўваюцца ў неспрыяльных умовах. Але, як кажа дырэктар музея, пытанне пра вольныя памяшканні ніяк не вырашаецца. А як жа гаспадарчая група аддзела культуры? Можна ж было адшукаць і, калі патрэбна, адрамантаваць пэўныя памяшканні ў нейкім іншым будынку. Або прыстасаваць для іх часова будынак былой бібліятэкі, балазе, яна цяпер ніяк не выкарыстоўваецца - пустуе. Карацей, і тут справа за ініцыятыўнымі і мэтанакіраванымі падыходамі, якія не патрабуюць значных фінансавых укладанняў.
Даўно варта стварыць ў Глыбокім і галерэю Драздовіча. Тым больш, што і экспанаты, і жаданне ў музейных работнікаў ёсць. Справа - за мясцовым кіраўніцтвам. Бо чакаць, пакуль аднекуль - з абласнога ці рэспубліканскага бюджэтаў - прыйдуць грошы, пагадзіцеся, практыка заганная.

"Змаганне" за сцэну
Самая балючая "культурная праблема" ў горадзе звязана з Глыбоцкім ГДК. Культурныя мерапрыемствы ў ім праходзяць побач... з будоўляй. І ўжо не першы год. Але пра ўсё па парадку. Будынку Глыбоцкага ДК - 58 гадоў. Будаваўся ён у пасляваенны час і, зразумела, не адпавядае сучасным патрабаванням. Патрэбны капітальны рамонт і сур'ёзная рэканструкцыя па ўзвядзенні прыбудовы для шэрагу кабінетаў і вучэбных памяшканняў, а таксама прыстойнай глядзельнай залы.
Усе асноўныя мерапрыемствы горада і раёна праходзяць у ГДК, у зале на 300 месцаў. У горада ёсць і іншая пляцоўка - у будынку гарадскога Цэнтра культуры. Але тамтэйшая зала невялікая - усяго на 150 месцаў, - і таму не можа выкарыстоўвацца для правядзення буйных мерапрыемстваў.
Памяшканняў у ГДК, як кажуць, "кот наплакаў", а таму за некалькі пакойчыкаў і за сцэну з залай заўсёды ідзе сапраўднае "змаганне" паміж кіраўнікамі аб'яднанняў. Даходзіць да таго, што адміністрацыя проста вымушана ператвараць час ад часу глядзельную залу ў танцавальную, рассоўваючы крэслы па кутах і вызваляючы месца для танцаў і рэпетыцый. І так адбываецца даволі часта, бо і заняткі, і гарадскія дыскатэкі праводзяцца менавіта ў Доме культуры...
А ўвогуле ўзвядзенне прыбудовы да ГДК распачалі яшчэ 12 гадоў таму, у 1997-м годзе. Тады быў распрацаваны праект, каб дабудаваць і далучыць да асноўнага будынка яшчэ некалькі памяшканняў, а таксама танцавальную залу. Але грошай у той час хапіла толькі на ўзвядзенне некалькіх сцен. Справа "замарозілася" аж да мінулага года. Летась Глыбокае наведаў тагачасны старшыня Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Андрэйчанка - цяперашні старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта з ягонай падачы тады было выдаткавана з абласнога бюджэту 300 мільёнаў рублёў на далейшае будаўніцтва па праекце, а раённымі ўладамі прынята пастанова аб правядзенні праектна-пошукавых работ у будынку Дома культуры з мэтай яго далейшага капітальнага рамонту. - Мы так радаваліся, калі ў нас зноў з'явіліся будаўнікі, паставілі свой вагончык... Працавалі нават зімой, у холад і снег! - кажуць супрацоўнікі ГДК.
Глыбоцкая бібліятэка сямейнага чытання і пералік яе платных паслугДа канца 2008 года была ўзведзена частка сцен па перыметры будучай танцавальнай залы, а таксама з'явіліся перакрыцці над тымі сценамі, што збудаваны з дзесятак гадоў таму.
Але на пачатку гэтага года фінансаванне і будаўніцтва прыбудовы зноў перапыніліся. З надыходам жа вясны знік і будаўнічы вагончык. Што ж да праектна-каштарыснай дакументацыі з мэтай капітальнага будаўніцтва ГДК, дык першы этап яе падрыхтоўкі выкананы. Але фінансавае становішча ў раёне такое, што на сённяшні дзень аддзел культуры не ў стане адшукаць 30 мільёнаў рублёў, каб аплаціць ужо зробленую працу, без чаго казаць пра пачатак другога этапа падрыхтоўчых работ не выпадае.
Супрацоўнікі Дома культуры не губляюць надзеі і вынікова працуюць нават у такіх умовах, перавыканаўшы летась план платных паслуг. Але ў час размовы з імі не раз спыняў сябе на думцы пра тое, наколькі паспяхова працавалі б у ГДК, каб будынак яго быў новы і больш не паўставала праблем з вольнымі памяшканнямі! Высветліў становішча з выдаткаваннем грошай на рамонт Глыбоцкага ГДК на наступны дзень, калі завітаў да раённага кіраўніцтва...

Хто, як не мы?
...І, як пераканаўся пасля гутаркі з Валянцінай Сямчонак, рамонт гэты без падтрымкі абласных улад скончыць не атрымаецца. Дарэчы, сама Валянціна Іванаўна не адзін год працавала ў Глыбоцкім ГДК метадыстам і таму ведае пра праблемы гэтай установы культуры не з чужых вуснаў. - Першачарговая задача - выплаціць адпускныя і заробкі работнікам бюджэтнай сферы, - кажа яна. - Ёсць і яшчэ шэраг актуальных пытанняў сацыяльнай сферы, але мы разумеем, што гарадскі Дом культуры - знакавая ўстанова горада. "Эпапея" з рамонтам Глыбоцкага ДК сапраўды зацягнулася, і мы ўзнімаем гэтае пытанне на ўсіх узроўнях. Абласное кіраўніцтва ведае пра нашу праблему. Скажу больш: ніводзін горад вобласці не мае такога недагледжанага Дома культуры. Але мы не сядзім склаўшы рукі. Сапраўды, умовы ў ГДК - далёкія ад ідэальных. Але, нягледзячы на рамонт, супрацоўнікі - сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы і нават план перавыконваюць! Я вельмі ім за гэта ўдзячная... Цяпер, па меры выдаткавання грошай, будзем рабіць праектна-каштарысную дакументацыю. І, канешне ж, спадзяёмся на падтрымку, бо, па прыкладных падліках, капітальны рамонт ГДК будзе каштаваць адзін мільярд рублёў. Не мог не запытацца і аб прапановах жыхароў горада: пра пабудову парку адпачынку і рэканструкцыю былога кармеліцкага манастыра. Як мне патлумачыла Валянціна Іванаўна, праект парку створаны ўжо больш за дзесяць гадоў таму. Але на сённяшні дзень планы так і застаюцца на паперы: справа, зноў-такі, тычыцца грошай. Што да работ у колішнім кармеліцкім манастыры, дык гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі аддзела па ідэалагічнай рабоце райвыканкама і цяпер разглядаецца на абласным узроўні...

Зразумела, калі ў гарадскіх улад няма грошай на капітальны рамонт ГДК, дык вырашыць пытанне з праблемным гарадскім аб'ектам культуры сёлета наўрад ці ўдасца. І ці зрушыцца справа ў годзе наступным - пытанне з досыць няпэўным адказам.
Але ўсе астатнія праблемныя аспекты, пра якія вялася гаворка ў артыкуле, можна "разруліць" і без дапамогі абласных сродкаў. Паўтаруся яшчэ раз: справа тут - за крэатыўным падыходам да працы, за наладжанай рэкламай і за ініцыятыўнасцю мясцовага аддзела культуры. Толькі пры такіх умовах можна будзе гаварыць пра далейшае паспяховае сацыякультурнае развіццё Глыбокага.


Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"