Сапраўды народны фільм

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Рэпартаж са здымачнай пляцоўкі …Грымнуў стрэл. На цаглянай сцяне капаніра Кобрынскага ўмацавання знакамітай Брэсцкай крэпасці ўспыхнула полымя... Здымачная група рэжысёра Аляксандра Котта толькі што зрабіла чарговы дубль яшчэ адной стужкі пра пачатак вайны. Яшчэ адной, але — не шараговай: кінапраект “Брэсцкая крэпасць” — ці не самы буйны з тых, што здымаюцца на Беларусі ў апошнія два дзесяцігоддзі. Прычым — па заказе Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Фільм павінен быць прадстаўлены на суд гледача, паводле апошніх звестак, 22 чэрвеня 2010 года — у 69-ю гадавіну пачатку вайны.

пад час працы над “Брэсцкай крэпасцю”.Карэспандэнт “К”на свае вочы змог пабачыць, як здымаецца гэты унікальны беларуска-расійскі фільм. “Жанр нашай стужкі — незвычайны, — гаворыць рэжысёр Аляксандр Котт у невялікай паўзе паміж двума дублямі. — Калі прыехалі ў Брэст, агледзелі крэпасць, паразмаўлялі з супрацоўнікамі мемарыяла, зразумелі: наш фільм павінен стаць своеасаблівым рэквіемам па ахвярах першых ваенных дзён”.
“Так, — падтрымлівае адзін з сааўтараў сцэнарыя, прадзюсер Канстанцін Вераб’еў. — Абарона Брэсцкай крэпасці, дзякуючы намаганням пісьменніка Сяргея Смірнова і іншых даследчыкаў,— адна з самых дакладна задакументаваных старонак Вялікай Айчыннай. Засталіся сотні сведчанняў, якія мы выкарысталі пры напісанні сцэнарыя. Перапісвалі яго ці не 16 разоў, але ў выніку павінен атрымацца максімальна набліжаны да рэальнасці фільм. І на стадыі падрыхтоўкі сцэнарыя, і цяпер нам вельмі спрыяе калектыў мемарыяла “Брэсцкая крэпасць-герой” на чале з яго дырэктарам, генералам Валерыем Губарэнкам. Супрацоўнікі дапамагаюць нам з матэрыяламі і, безумоўна, аблягчаюць працу на здымачнай пляцоўцы”.
І сапраўды: “Брэсцкую крэпасць” можна лічыць унікальнай для гістарычнага кіно, бо яе аўтары вельмі сур’ёзна падышлі менавіта да адпаведнасці будучага фільма канкрэтным падзеям. Узяць хаця б той факт, што амаль усе здымкі адбываюцца на месцах, дзе і разгортваліся баі ў чэрвені— ліпені 1941-га. Павагу выклікаюць і іншыя падрабязнасці. Падрыхтоўчы перыяд расцягнуўся амаль на два гады. Усе персанажы маюць канкрэтных гістарычных прататыпаў, і занятыя ў здымках акцёры, перш чым увайсці ў кадр, абавязкова працавалі з супрацоўнікамі мемарыяла, знаёміліся з мемуарамі, кінахронікай, фотаздымкамі. Аўтары нават пайшлі на пэўную рызыку і вырашылі стварыць на экране вобразы рэальных абаронцаў крэпасці, знакамітых герояў: камісара Фаміна, маёра Гаўрылава, лейтэнанта Кіжаватава... Артысты вельмі пранікліся духам святога месца, дзе ім даводзіцца працаваць. Інакш і быць не можа: знакаміты, паліты крывёю абаронцаў, капанір маёра Гаўрылава— усяго за 150 метраў ад здымачнай пляцоўкі…
Сёння тут гучаць маторы нямецкіх танкаў. Так, сапраўдных, прывезеных спецыяльна для здымак. Вельмі пераканаўча, да прыкладу, выглядаюць мундзіры, частка якіх прыбыла ў Брэст са здымачнай пляцоўкі стужкі Мікіты Міхалкова “Стомленыя сонцам-2”. Каб не нанесці шкоду збудаванням і экспанатам мемарыяла, пад кіраўніцтвам мастака-пастаноўшчыка Аліма Мацвейчука (які, дарэчы, калісьці доўга і плённа працаваў на беларускай студыі) ствараюцца дэкарацыі-копіі збудаванняў, такіх, як знакамітыя Холмскія вароты.
пад час працы над “Брэсцкай крэпасцю”.“Гэта першы буйны кінапраект, які ствараецца тэлерадыёаб’яднаннем Саюзнай дзяржавы, — кажа генеральны прадзюсер фільма, старшыня ТРА Саюза Ігар Угольнікаў. — Стужка замоўлена Саўмінам Саюзнай дзяржавы і фінансуецца з яе бюджэту: 35%— узнос Рэспублікі Беларусь і 65% — Расійскай Федэрацыі. Асабіста мне вельмі важна працаваць над ёю не толькі таму, што мае родныя змагаліся пад час Вялікай Айчыннай: гэтае кіно павінна распавесці новаму пакаленню новай кінамовай, хто на самой справе выйграў Другую сусветную вайну, бо ў апошнія гады, асабліва на Захадзе, роля Савецкага Саюза ў перамозе над нацызмам значна перамяншаецца. А мы хочам, каб усе яшчэ раз зразумелі: Вялікая Перамога кавалася менавіта тут, з першых дзён вайны. І Брэсцкая крэпасць — адна з самых гераічных яе старонак”.
Словы генеральнага прадзюсера пра “новую кінамову” актуальныя. Кожнае дзесяцігоддзе ўзнімае мастацтва і тэхніку кіно на іншы ўзровень. У апошні час пэўным эталонам для “ваеннага” кіно з’яўляецца стужка “Выратаванне радавога Райна” знакамітага амерыканскага рэжысёра Стывена Спілберга. Аўтары “Брэсцкай крэпасці” вялі перамовы са спецыялістамі, якія стваралі спецэфекты для гэтага галівудскага блокбастэра, аднак потым вырашылі: фільм на святой для народаў былога СССР зямлі павінны ствараць толькі свае. Тым не менш, кінематаграфісты з Беларусі і Расіі ўпэўніваюць: стужка здымаецца па ўсіх сучасных стандартах відовішчнасці.
“Для нас фільм “Брэсцкая крэпасць” вельмі важны, бо гэта першы праект у межах супрацоўніцтва дзвюх краін — Беларусі і Расіі, што рэалізуецца на практыцы, — кажапад час працы над “Брэсцкай крэпасцю”. генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Замяталін. — “Брэсцкая крэпасць” — сапраўднае “народнае” кіно. І не толькі таму, што здымаецца на народныя грошы, але і таму, што прызначана для ўсіх гледачоў, незалежна ад узросту. Цяпер шмат спрачаюцца наконт таго, якое кіно больш “правільнае”, “прадзюсерскае”, ці якоесьці яшчэ. А я лічу, што самае добрае — тое, якое знята таленавітым рэжысёрам па таленавіта напісаным сцэнарыі пад кіраўніцтвам таленавітага прадзюсера. “Брэсцкая крэпасць” — менавіта такое кіно. Спадзяюся, гэта толькі першая ластаўка будучых сумесных праектаў у межах Саюзнай дзяржавы”.
Здымкі ў крэпасці прадоўжацца да канца кастрычніка, потым праца перамесціцца ў мантажныя і на сталы спецыялістаў па камп’ютэрных спецэфектах. А там і прэм’еры чакаць не доўга.