Поліфанія з цішыні

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Дадатковай фарбай летняга канцэртнага сезона сталася выступленне групы сучаснага танца “Liss Fain Dance” з Сан-Францыска ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Гэта быў не першы прыезд калектыву ў нашу краіну (у 2007 годзе ансамбль з вялікім поспехам выступаў у Брэсце і Гродне), але — першае скарэнне сталічнай сцэны і далейшая сустрэча з нашымі студэнтамі пад час майстар-класаў у Маладзёжным тэатры эстрады.

сцэна са спектакля “З цішыні”.Паказаныя харэаграфічныя нумары, уключаючы с у с в е т н у ю прэм’еру аднаактовага балета “З цішыні”, былі падобны да мудрагелістай вязі — не столькі да празрыстых карункаў, колькі да тоўстага, пухнатага вязанага вырабу. Розныя па колькасці ўдзельнікаў, ансамблевыя спалучэнні быццам “наплывалі” адно на аднаго. Гэткая ж “вязкасць”, пластычная “цякучасць” неакласічнай графікі, быццам пазычаная са знакамітай карціны Сальвадора Далі, была ўласцівая літаральна кожнаму спляценню добра трэніраваных, але не зусім “балетных”, паводле класічных мерак, целаў. Цудоўнае партнёрскае пачуццё дазваляе артыстам дасягаць надзвычайнай зладжанасці пластычнай “поліфаніі”, дзе кожны выступае і як саліст, і як удзельнік міні-калектыву, і як частка агульнага харэаграфічнага палатна. Калектыў не імкнецца да сінхроннасці, выкарыстоўваючы яе, хутчэй, як выключэнне з правілаў. Яго кардэбалетная “масавасць” звычайна складаецца з некалькіх розных па характары ансамблевых спалучэнняў, дзе кожны можа выявіць сваю індывідуальнасць: хтосьці выконвае вельмі складаныя падтрымкі, хтосьці — не менш выразныя, але больш простыя па тэхніцы. Пры гэтым харэаграфія цудоўна спалучаецца з музыкай — старадаўняй і сучаснай, нязменна высокай якасці: тут і барока Мантэвердзі, і мікраполіфанія Лігеці. А вось майстар-класы, дадзеныя на наступны дзень для студэнтаў кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, крыху расчаравалі яго ўдзельнікаў. Бо нашы танцоўшчыкі чакалі чагосьці новага, неспазнанага — гэткі свежы “глыток мадэрна”, а ім быў прапанаваны звычайны класічны ўрок, разлічаны, да таго ж, на куды меншую, чым у іх, падрыхтоўку. Што ж, значыць, трэба яшчэ больш шырока распаўсюджваць дасягненні нашай нацыянальнай культуры, годныя папраўдзе сусветнага прызнання.
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"