Кветкі на грэбені хвалі

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Замежныя мастакі — частыя госці мінскага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Але брытанскі жывапісец, творы якога экспануюцца ў залах установы гэтымі днямі, здзівіў нават спакушанага гледача.

Д.Сміт. “Жаночы партрэт”.Дарэчы, называць Джорджа Сміта мастаком выключна брытанскім будзе не зусім правільна. Як заўважылі арганізатары выстаўкі, дакладней было б казаць пра творцу беларуска-брытанскага. Перш за ўсё таму, што цяпер жывапісец жыве ў нашай краіне. Па-другое— побач з выявамі караблёў і яхт на яго палотнах ужо пачалі з’яўляцца беларускія палявыя кветкі. Але не рэалістычныя пейзажы, партрэты ды нацюрморты прыцягваюць увагу гледача (хаця месца на выстаўцы адведзена і ім). Здзіўляе перш за ўсё другая, авангардная, частка экспазіцыі. Аснова, кампазіцыйны цэнтр пераважнай большасці работ, намаляваных у гэтым кірунку,— хвалі. “Зараз мне сапраўды цікавей за ўсё адлюстроўваць на палотнах менавіта хвалі,— кажа мастак, — але я не імкнуся маляваць іх літаральна. Мае творы — гэта, хутчэй, метафары”. Зразумець гэтыя метафары кожны можа па-свойму. Але тое, што мінскі глядач упадабаў цікавага майстра, было відаць ужо на адкрыцці выстаўкі: адзін з гасцей назваў хвалі Сміта філасофіяй вышэйшага гатунку. Сапраўды, для выражэння глыбокага зместу іншыя творцы абіраюць зусім незвычайныя формы. А разам з гэтым, змяняюцца і сродкі дасягнення пастаўленых мэт. У творчасці Сміта такое якаснае пераасэнсаванне атрымаў колер: ён паступова страчвае сваю дэкаратыўную функцыю і становіцца носьбітам пэўнай ідэі. Незвычайную, цікавую і пасвойму прывабную творчасць Сміта ўжо меліД.Сміт. “Хвалі. Эксперымент № 10”. магчымасць ацаніць аматары сучаснага мастацтва на радзіме мастака, а таксама ў Францыі і Літве. На Беларусі ж яго работы экспануюцца ўпершыню.