Светабудова жорава

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Экспазіцыя твораў Анатоля Жураўлёва, якую ўжо мелі магчымасць убачыць аматары мастацтва ў Віцебску і Полацку, нарэшце прадстаўлена і сталічнаму гледачу. У Вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва выстаўлены 33 работы майстра, створаныя ім у розныя гады і аб’яднаныя агульнай назвай “Светабудова жорава”.

А.Жураўлёў. “Стог”.“Гэты цыкл — мая асабістая версія пейзажа, — кажа жывапісец. — Да гэтага жанру я прыйшоў не так даўно, але калі блізка пазнаёміўся з тонкасцямі прыроды, яе ўнутранай пластыкай, — не змог заставацца абыякавым. Прырода мацнейшая за чалавека, таму зараз менавіта ёй і належыць уся мая ўвага як мастака”. Галоўнае для пейзажыста, па словах Жураўлёва, не проста канстатаваць факт існавання той ці іншай з’явы рэчаіснасці, а — перадаць уласныя ўражанні, эмоцыі, адчуванні, выкліканыя цікавымі прыроднымі з’явамі. Таму і работы мастака, хоць і маюць рэалістычныя элементы, пераважна ў сваім фармальназмястоўным адзінстве з’яўляюцца творамі-асацыяцыямі, творамі-метафарамі. Гэтае асацыятыўнае ўспрыняцце рэчаіснасці творцай удала выражаецца і праз адпаведны каларыт: жывапісец амаль не выкарыстоўнае яркія, кідкія колеры, прытрымліваючыся больш стрыманых, глыбокіх адценняў. Да ўсяго гэтага дадаецца яшчэ і цікавая аўтарская тэхніка. Не застаецца сумненняў: мастаку ёсць чым здзіўляць і радаваць мінскую публіку. Дарэчы, талент Анатоля Жураўлёва ўжо даўно цэняць як уА.Жураўлёў. “Снежань”. краіне, так і за мяжой. У яго скарбонцы — Гранпры выставак візуальных мастацтваў “Art-Mark” у 1992 і 1998 гадах, Гранпры на рэспубліканскай выстаўцы “Час — Прастора — Асоба” (1998), Першая прэмія ААН у намінацыі “Устойлівае развіццё свету” (1998).