Юбілей. Прыемная рэч у двух актах

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Я абсалютна перакананы, што гэты чалавек — асоба унікальная. Шчыры патрыёт зямлі беларускай — без дэманстрацыі гэтага напаказ, бліскучы чараўнік тэатральнай сцены і здымачнай пляцоўкі, цудоўны суразмоўца, з якім можна гаварыць бясконца, надзвычай сумленны і прынцыповы, калі гэта тычыцца маральнага стрыжня чалавека і грамадства ў цэлым. З 75 гадоў свайго жыцця народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва — больш чым паўстагоддзя працуе ў тэатры і 40 гадоў здымаецца ў кіно! Стаж, пагадзіцеся, зайздросны… 30 верасня ў Купалаўскім тэатры плануецца вялікі творчы вечар гэтага акцёра, прысвечанны ягонаму юбілею, дзе, як стала мне вядома, ён, акрамя ўсяго іншага, будзе спяваць і любімыя песні сваёй маладосці. Не буду інтрыгаваць чытача: гэты чалавек — Генадзь Міхайлавіч ГАРБУК, якога я даўно ведаю і пра якога неаднойчы распавядаў у “Культуры”. 24 ліпеня яму споўнілася аж 75 гадоў — многа гэта ці мала? Для вялікага акцёра — гэта што? Чарговая дата? Падвядзенне вынікаў нейкага этапа жыцця? Альбо — трамплін у будучыню? Асабіста я на гэтае пытанне адказаць не магу, а вось ён… Ну, паглядзім зараз… Бо з гэтага няпростага пытання і пачалася наша сяброўская размова…

 Акт першы. Акцёр...
— Юбілей? Што сказаць… Фізічнае самаадчуванне — нармальнае. Рэзкага пераходу ад маладосці да старасці (не люблю гэтае слова) не адчуў. Падвядзенне вынікаў? Не. Думаю, усё лепшае ў мяне наперадзе. А сёння я загружаны творчай працай па горла, грэх скардзіцца. Але ўсё ж такі юбілей — рэч прыемная. Уяві сабе, 24-га ліпеня цэлы дзень і вечар мой тэлефон літаральна разрываўся: віншавалі не толькі знаёмыя і сябры, але і гледачы, якіх я ніколі і ў вочы не бачыў! А гэта ўжо ўдвая прыемней. Значыць, ведаюць, помняць мяне! Значыць, не дарэмна жыў і працаваў…
— Генадзь Міхайлавіч, пытанне, можа быць, трохі дзіўнаватае, на першы погляд: ты акцёр ці артыст? Да якога рангу сам сябе прылічваеш?
— Чаму дзіўнаватае? Нармальнае пытанне. Артыст — гэта мастак, які займаецца “изящными” мастацтвамі: музыкант, жывапісец, скульптар, танцоўшчык, ювелір, фокуснік, спявак. Шавец, каваль ці кухар таксама могуць быць артыстамі, наогул, майстар сваёй справы, штукар, дока. Я— акцёр, ад грэчаскага слова “aktis” (“дзеянне”). Гэта чыста сцэнічнае вызначэнне: кажучы словамі Даля, “лицедей, играющий на театре”.
— Памятаеш сваю першую ролю на Купалаўскай сцэне?
— Канешне. Гэта была п’еса “Футбол” Кантэна і Белака (у арыгінале— “Рэгбі”). Я іграў аднаго добрага хлопца, якога, праўда, ужо ў першым акце забіваюць. Ставіў спектакль Відаўскі, а галоўным рэжысёрам тэатра тады быў Юрый Шчарбакоў. Тую ролю выконваў, калі не памыляюся, у 1962 годзе. Да гэтага іграў у Коласаўскім тэатры ў п’есевадэвілі Валянціна Катаева “Квадратура круга”, а яшчэ раней — у студэнцкіх спектаклях тэатральна-мастацкага інстытута, дзе маім настаўнікам быў выдатны педагог Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў.
— Так, мне расказвалі пра тое, як ты бліскуча выканаў ролю Ваські Попела ў горкаўскім “На дне”. А калі пачалася твая кар’ера ў кіно?
— Строга кажучы, пачалася з тэлебачання, са “Сцяга брыгады” Аркадзя Куляшова. Потым іграў Міхала Тварыцкага ў тэлеспектаклі “Трэцяе пакаленне” з Галінай Макаравай. А ў вялікім кіно гэта — “Паланез Агінскага”: роля камандзіра партызанскага атрада. Але, думаю, лепшая мая работа 1960-х гадоў — гэта, канешне, роля Васіля Дзятліка ў спектаклі і тэлеверсіі “Людзей на балоце”.
— Не памылюся, калі скажу, што шлях на кінаі тэлеалімп быў у цябе проста дзівосны, незвычайны: ад “Людзей на балоце” Віктара Турава да “Чорнага замка Альшанскага” Міхаіла Пташука, дзе ты геніяльна сыграў глуханямога Людвіка Лапатуху, ад лірычных дабралюбаўскіх “Белых Рос” да драматычнай стужкі таго ж Пташука “Знак бяды”, ад хаціненкаўскага “Рою” да “Паўночнага сфінкса”, ад “Загадкавага наследніка”, дзе ты іграў са Смактуноўскім і 10 дзён здымаўся ў Парыжы, да твайго апошняга фільма па апавяданні Барыса Лаўранёва — “Сёмы спадарожнік”… Ці ёсць сёння новыя прапановы зняцца ў кіно — беларускім або расійскім?
— Ёсць. Але пра іх пакуль не скажу. Зараз цяжка меркаваць, што будзе заўтра. Шмат кінапраектаў сёння закрыта, скажам, у Расіі, у сувязі з эканамічным крызісам… Я ўжо не кажу пра Украіну ці Прыбалтыку, дзе з кінематографам няпростыя праблемы…
— Якое за гэты год самае вялікае тваё расчараванне ў беларускім кіно?
— “Дняпроўскі рубеж”. Так пра драму народнага Подзвігу першага года Вялікай Айчыннай нельга расказваць. Кажуць, што “Снайпер” — добрая кінастужка, але яе я яшчэ не бачыў…
— Ну, а што наконт Яго Вялікасці Тэатра?
— Тут усё пакуль нармальна. Толькі за апошнія два гады я сыграў у 11 спектаклях у маім родным Купалаўскім тэатры і ў Тэатры беларускай драматургіі. Гэта “Пінская шляхта”, “Ядвіга”, “Сымонмузыка”, “Споведзь Пілата”, “Кароль Лір”, “Каласы пад сярпом тваім”, сумесная расійска-беларуская версія чэхаўскага “Вяселля” і гэтак далей.
— І ўсё-такі, што табе бліжэй: тэатр ці кіно?
— Тэатр: тут я адчуваю гледача, яго дыханне, апладысменты, маўчанне. Мне гэта бліжэй. Хаця кіно дае іншую перавагу: можна паглядзець на сябе збоку, праз шмат гадоў ацаніць, як ты сыграў ролю. Праўда, гледзячы ў старых стужках на сябе, маладога, іншым разам узнікае настальгія па тых гадах, якія ніколі больш не вернуцца. У кіно — буйны план, і глядач бачыць толькі мае вочы, камера аддаляецца — і ты становішся маленькім фрагментам у палатне фільма. Затое ў тэатры, калі ты змяняеш адносіны да персанажа, маеш магчымасць трохі “перакроіць” вобраз. У кіно ж — ніколі…

Акт другі. ...І не толькі!
— Ты чалавек вельмі сціплы, калі гаварыць пра піар, “мільганне” ў сродках масавых інфармацый, на розных фестывалях, прэзентацыях, “творчых” банкетах, прыёмах... Чаму так?
— Відаць, такі ў мяне характар. Ніколі не “арганізоўваў” уласны поспех, ніколі не “прабіваў” сабе льгот і ўзнагарод, не высоўваўся, так бы мовіць, на карму грамадства. Проста, сумленна працаваў на сцэне, на здымачнай пляцоўцы, рабіў тое, што добра ўмеў. І, спадзяюся, што так будзе і надалей. Для мяне галоўная узнагарода — любоў гледача. Больш нічога і не патрэбна. З тым жыву. І ніколі не завітваю туды, куды мяне не запрашаюць. Ну, а калі запросяць, доўга думаю, ісці ці не…
— Ведаю, што нядаўна кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь запрасіла цябе як выдатнага акцёра ў рамках абвешчанага Кіраўніком дзяржавы Года роднай зямлі і святкавання 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыняць удзел у адпаведных мерапрыемствах культурна-асветніцкага характару ў Акадэміі МУС...
— А вось тут — іншая справа. Адразу даў згоду, бо ведаў, што ў сілу сваёй прафесіі прынясу карысць людзям, якіх я шчыра паважаю, у дадзеным выпадку — педагогаў і курсантаў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Да таго ж, мой бацька, былы партызан, меў дачыненне да гэтай сферы: 47 гадоў запар выбіраўся народным суддзёй ва Ушачах… Дык вось, атрымаў я запрашэнне ад генерала МУС Івана Сяргея і палкоўніка Аляксандра Назаранкі правесці для курсантаў своеасаблівы майстар-клас. І вырашыў сіламі моладзі падрыхтаваць сцэнічную пастаноўку па п’есе Аляксея Дударава “Радавыя” (дарэчы, лічу, што гэта — лепшая п’еса пра Вялікую Айчынную, якая напісана за ўвесь пасляваенны перыяд). З некалькіх найбольш важных сцэн п’есы я скампанаваў спектакль і пачаў рэпетыцыі. Адначасова навучаў курсантаў асновам сцэнічнага мастацтва.
— А як жа рэквізіт, касцюмы, дэкарацыі ды іншая атрыбутыка?
— Для забеспячэння пастаноўкі патрэбным рэквізітам, абмундзіраваннем, узбраеннем і сцэнічным абсталяваннем былі выкарыстаны базы кінастудыі “Беларусьфільм”, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, гісторыкакультурнага комплексу “Лінія Сталіна”, Купалаўскага тэатра. А яшчэ Дудараў даў мне гукавую фанаграму спектакля “Радавыя”, які калісьці з вялікім поспехам ішоў на сцэне Купалаўскага тэатра.
— Калі ж адбыўся прэм’ерны паказ спектакля?
— Сёлета, 8 мая, напярэдадні вялікага свята — Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Шмат было гледачоў: ветэраны, маладыя людзі, прадстаўнікі МУС і грамадскіх арганізацый, ваеннаслужачыя, дзеячы культуры. Я таксама выканаў ролю ў гэтым спектаклі, і мне было прыемна іграць разам з моладдзю. Шчыра кажучы, я не чакаў такога поспеху, такіх усхваляваных апладысментаў, пра якія можа марыць кожны прафесійны акцёр. Потым маёр міліцыі Наталля Гарына падышла да мяне і сказала: “Не разумею, чыя галоўная заслуга ў такім грандыёзным поспеху спектакля: ваша, паважаны Генадзь Міхайлавіч, ці курсантаў? Ведаеце, я баялася, што вы сваёй ігрой заслоніце ўсіх астатніх самадзейных артыстаў, а аказалася — не…” Я ёй адказаў, што ніяк нельга было выдзяляцца з акцёрскай масы, падкрэсліваць сваё прафесійнае рэнамэ, і ў гэтым была адна з маіх задач як рэжысёра-пастаноўшчыка і акцёра…
— Цяпер станеш жаданым госцем у гэтай цудоўнай Акадэміі. Так?
— Можа быць. Справа ў тым, што потым палкоўнік Назаранка прапанаваў мне арганізаваць і ўзначаліць пры Акадэміі драматычную студыю для курсантаў. Доўга я не думаў, згадзіўся, бо мне гэта вельмі цікава. Вось з пачатку восені, пасля таго, як 30 жніўня пройдзе мая творчая вечарына ў Купалаўскім тэатры, я і паспрабую рэалізаваць гэты праект…
— А пакуль ты разам з жонкай Галінай Іванаўнай адпачываеш на лецішчы…
— Гледзячы як расшыфроўваць— “лецішча” ці “дача”.
— Ну як расшыфроўваць? Зліццё з прыродай, развядзенне кветак, шпацыры па навакольнай мясцовасці Астрашыцкага гарадка, а вечарам — чытанне разумных кніжак або прагляд тэлеперадач, так?
— Не зусім. Дача для мяне трошкі іншае. Ведаеш, я з дзяцінства не люблю запушчанай ці закінутай, занядбанай зямлі. Зямля павінна быць заўсёды дагледжанай: відаць, гэта — ад маіх сялянскіх каранёў. Мае продкі з Ушаччыны — чыстай вады земляробы, для якіх зямля — гэта ўсё. Сам я магу працаваць на сваёй “фазэндзе” з раніцы да ночы. Асабліва люблю вазіцца з бульбай. Можна сказаць, я — прафесійны бульбавод: вырошчваю бульбу па галандска-бельгійскай методыцы, і, кажуць, у мяне добра атрымліваецца. Лецішча — не толькі здавальненне, але і здаровы лад жыцця. Для мяне — гэта лепшая “крэпатура” цела: не трэба ніякіх салярыяў, турэцкіх пляжаў, альпійскіх лугоў. А што да чытання ці телевізара… У вольную хвілінку, канешне ж, чытаю добрыя кніжкі, альбо перачытваю “Вопыты” вялікага філосафа XVI стагоддзя — Мантэня; па тэлевізары ж гляджу толькі “Навіны” і “Еўраспорт”. Усё астатняе на “блакітным экране”— не “маё”…
— Да каго звяртаешся па параду ў цяжкія хвіліны жыцця?
— Да жонкі Галі, Галіны Іванаўны. Мой герой горкаўскай п’есы Васька Попел сказаў: “У жанчыны душа павінна быць…”. Дык вось, у маёй Галі гэтая душа — светлая, чыстая, добрая. Жонка — лепшы мой сябра, лепшы мой крытык, мой аднадумца, мая муза, мой заўсёдны памочнік…
— Генадзь Міхайлавіч, што б для сябе адзначыў самым галоўным у сённяшнім жыцці нашай краіны?
— Я задаволены тым, што ў час сусветнага крызісу наша нацыянальная сацыяльна-эканамічная мадэль дастаткова паспяхова працуе. І я ўдзячны Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку за тое, што ён трымае руку на пульсе часу ва ўсіх найважнейшых галінах сённяшняга жыцця. Я веру, што наша краіна ідзе па правільным шляху — ідзе горда, незалежна, з годнасцю і высока ўзнятай галавой. І ўсё у нас, на нашай зямлі, будзе добра…
— Твой любімы афарызм ці выслоўе?
— У мяне іх некалькі. Мой блізкі сябра Раман Філіпаў калісьці кінуў такую фразу: “Калі ў прадмеце мастацтва ёсць заклік да святла, дабра і хараства — гэта маё. Калі гэтага няма — гэта не маё…” Лепш не скажу. І яшчэ часта ўспамінаю блізкага мне па духу Васіля Макаравіча Шукшына, які казаў: “Маральнасць ёсць праўда” і “Не забыць бы, што мы людзі”. А што тычыцца ўласна прафесіяналізму, дык на гэты конт у майго настаўніка Дзмітрыя Аляксеевіча Арлова аднойчы прагучала такая думка: “Беражы партнёра. І ў непагадзь цёплым шалем ухутай яго, а не сябе”. Вось я і стараюся жыць “па праўдзе” — і ў жыцці, і на сцэне, і на здымачнай пляцоўцы…


Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"