Перспектыва для дубаўцаў

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

У “К” №17 за 2009 г. быў надрукаваны артыкул “Як забяспечыць духоўную рэабілітацыю для 120 сем’яў?”. Гаворка ў ім вялася пра планавае сацыякультурнае развіццё і сістэмнае асваенне грошай на рамонт аб’ектаў культуры, а таксама пра культурнае абслугоўванне насельніцтва Лунінецкага раёна. У прыватнасці, узнімаліся праблемныя пытанні аб закрыцці шэрагу кінавідэаўстановак у раёне, а таксама бібліятэкі ў вёсцы Дубаўка, дзе жывуць перасяленцы з забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі.

 Артыкул быў накіраваны на рэагаванне. Вось што адказаў начальнік упраўлення культуры Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Рыгор Бысюк: “На 01.07.2009 г. у Лунінецкім раёне дзейнічаюць 38 клубных устаноў, 39 бібліятэк, 7 дзіцячых музычных школ, 7 кінавідэаўстановак, краязнаўчы музей. У сярэднім на 770 жыхароў прыходзіцца адна ўстанова культуры. Нарматыў забяспечанасці дзяржаўнымі ўстановамі культуры выконваецца. Выконваецца і нарматыў забяспечанасці расходаў на культуру. Па выніках 2008 года ён склаў 3,0 базавыя велічыні на жыхара (па норме 1,5 б. в.), на 2009 год — 2,5 базавых велічынь. Вядзецца работа па прыцягненні дадатковых сродкаў на развіццё галіны. За 2008 год прыбыткі ад пазабюджэтнай дзейнасці склалі 283,4 млн. руб., што больш за 4% ад бюджэтнага фінансавання. Рэгулярна паслугамі культуры карыстаюцца звыш 40% насельніцтва раёна. Чытачамі публічных бібліятэк з’яўляюцца 37% жыхароў. Ахоп дзяцей эстэтычнай адукацыяй праз дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў складае 9,1% (па вобласці — 9,0%). Каля 3 тыс. чалавек (1,5 тыс. — дзеці і падлеткі) займаецца ў 255 калектывах аматарскай творчасці, якія дзейнічаюць пры клубных установах. Акрамя гэтага, кінаўстаноўкамі (у тым ліку і перасоўнымі) штогод абслугоўваецца да 50 тыс. гледачоў, музей наведваюць звыш 2 тыс. чалавек. Улічваючы дэмаграфічную сітуацыю (у 12 з 59 населеных пунктах пражывае да 200 чалавек) і зыходзячы з фінансавых магчымасцей, праводзіцца работа па аптымізацыі дзеючай сеткі ўстаноў культуры раёна. За апошнія тры гады ў раёне закрыты 2 клубныя ўстановы і 5 бібліятэк, на няпоўны працоўны тыдзень пераведзены 8 клубаў і 11 бібліятэк. Для арганізацыі культурнага абслугоўвання маланаселеных вёсак, якія не маюць стацыянарных устаноў, арганізаваны 22 бібліятэчныя пункты, у бягучым годзе плануецца арганізаваць работу перасоўнай бібліятэкі і дадаткова адкрыць яшчэ адну кінавідэаперасоўку. У 2010 годзе запланавана, у межах Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, адкрыць аўтаклуб. Што да бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў в. Дубаўка, дзе была ў свой час з прычыны адсутнасці памяшкання зачынена бібліятэка (яна размяшчалася ў падсобным памяшканні без вокнаў мясцовай сярэдняй школы), дык яно наладжана Лобчанскай сельскай бібліятэкай. Бібліятэка знаходзіцца на адлегласці менш за 3 км у аграгарадку, мае памяшканне плошчай 150 кв. м, выхад у Інтэрнет і электронную пошту. Фонд налічвае 13,5 тыс. экземпляраў. Ветэраны і сталыя жыхары в. Дубаўка, пры жаданні, маюць магчымасць рэгулярна абслугоўвацца дома, бо бібліятэкар Лобчанскай бібліятэкі пражывае ў в. Дубаўка”.