“Он-лайн” з Міністэрствам

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Якім быць абноўленаму сайту Міністэрства культуры? Гэтае пытанне, а таксама пытанне далейшага развіцця інфармацыйнай сістэмы збору, апрацоўкі і захавання інфармацыі Міністэрства абмяркоўвалі ўдзельнікі нарады, што адбылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У ходзе дыскусіі, у якой прымаў удзел міністр культуры краіны Павел Латушка, прадэманстравалі і праект абнаўлення сайта www.kultura.by.

Неабходнасць дзяржаўных органаў быць больш актыўнымі ў віртуальнай прасторы неаднойчы падкрэсліваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. У Беларусі дзейнічаюць звыш 100 інтэрнет-рэсурсаў, створаных дзяржаўнымі ўстановамі сферы культуры, і наспела патрэба займець больш сучаснае і інфарматыўнае прадстаўніцтва Міністэрства ў Сеціве. Па словах кіраўніка Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУКіМ Валерыя Казлоўскага, галоўнымі функцыямі абноўленага сайта павінны з'яўляцца магчымасць лёгкага доступу да інфармацыі аб усіх падраздзяленнях Міністэрства, магчымасць самастойна знайсці патрэбнага служачага па канкрэтным пытанні, адаслаць ліст чыноўнікам непасрэдна з сайта. Партал Мінкульта павінен працаваць такім чынам, каб карыстальніку для вырашэння сваёй праблемы не трэба было разбірацца ва ўстройстве механізмаў улады: задаўшы пытанне ў рэжыме "он-лайн", ён павінен атрымаць хуткі і дакладны адказ. На нарадзе было адзначана, што дзеючы сайт Міністэрства мае шэраг недахопаў, у тым ліку - адсутнасць інфармацыі на розных мовах, кепскую навігацыю, невялікі блок мультымедыя. Ёсць заўвагі і наконт знешняга выгляду. Было адзначана, што перапрацоўка сайта Міністэрства, акрамя ліквідацыі існуючых недахопаў, дазволіць дадаткова арганізаваць адзіную кропку доступу да інфармацыі ў сферы культуры, стварыць адзіную базу інтэрнет-рэсурсаў, іншымі словамі, аб'яднае два рэсурсы: афіцыйную старонку Міністэрства і партал "Культура Беларусі". Што да мадэрнізацыі сістэмы збору, апрацоўкі і захавання інфармацыі, то прадстаўніком Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БДУКіМ было прапанавана арганізаваць адзіную кропку санкцыянаванага доступу да інфармацыйна-аналітычнай сістэмы для супрацоўнікаў Міністэрства, упраўленняў і ўстаноў культуры на базе web-сервісаў, а таксама спрасціць працэсы атрымання сродкаў аператыўнага прыняцця рашэнняў, арганізаваць віртуальныя бібліятэкі захавання дакументаў. Як было зазначана на нарадзе, у распрацоўцы гэтых праектаў могуць прыняць кампаніі, што працуюць у Парку высокіх тэхналогій. У цэлым ухваліўшы неабходнасць змен, міністр культуры зазначыў, што падыходзіць да стварэння новай версіі сайта Міністэрства трэба з улікам мэтазгоднасці і неабходнасці эканоміі сродкаў. "Дызайн сайта павінен максімальна ўлічваць культуралагічныя асаблівасці Беларусі. Упэўнены, што неўзабаве з'явіцца і агульнанацыянальны партал сферы культуры", - сказаў Павел Латушка.