Калекцыю папаўняюць нашчадкі

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж” нядаўна атрымаў сапраўды княжацкі падарунак: копіі малюнкаў мастака Гершкі Ляйбовіча, які працаваў пры двары ўладароў Нясвіжскага замка — князёў Радзівілаў. Гэтая падзея адбылася 23 ліпеня пад час прыватнага наведвання Нясвіжа нашчадкамі рода Радзівілаў.

Партрэт Францішкі Уршулі Радзівіл работы Г.Ляйбовіча. Партрэт Францішкі Уршулі Радзівіл работы Г.Ляйбовіча.
Мастацкая калекцыя музея-запаведніка папоўнілася 166 копіямі графічных партрэтаў прадстаўнікоў магнацкага роду, напісаных мастаком і гравёрам Гершкам Ляйбовічам (1700 - 1770 гг.). Сярод іх - 7 копій графічных лістоў з выявамі Міхала-Казіміра, Януша, Юрыя, Крыштафа і іншых Радзівілаў. Як адзначыў навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Нясвіжскага замка Сяргей Друшчыц, падораныя копіі зроблены з самых лепшых арыгіналаў твораў Ляйбовіча, якія існуюць на сённяшні дзень. Майстар займаўся напісаннем гравюр у Нясвіжы, удзельнічаў у стварэнні альбома гравюр на медзі "Выявы сям'і Радзівілаў"... Мастак напісаў партрэт заснавальніка рода Радзівілаў - Войспундуса І Хрысціяна. Ляйбовічу належаць яшчэ 87 партрэтаў, зробленых на аснове жывапісных арыгіналаў іншых аўтараў. Творца працаваў таксама ў радзівілаўскай друкарні, дзе гравіраваў тытульныя лісты кніг, карты, экслібрысы. Музей-запаведнік атрымаў у падарунак кнігу, выдадзеную ў суседняй Польшчы, якая ўтрымлівае здымак Нясвіжа з асабістага фотаархіва Радзівілаў. Прадстаўнікі славутага роду Вялікага княства Літоўскага маюць намер перадаць 30 лічбавых копій партрэтаў з уласнай калекцыі. Радзівілы ўпершыню наведалі Мінск і Нясвіж сёлета, напрыканцы мая. На сваёй радзіме і радзіме бацькоў пабывала княжна Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская - дачка князя Альбрэхта Радзівіла, апошняга ардынатара Нясвіжскага замка. Прыязджаў у Нясвіж і яе сын Альбрэхт Чартарыйскі ды іншыя прадстаўнікі роду. Наведалі Беларусь таксама Тамашэўскія - сваякі па лініі другога мужа Альжбеты Радзівіл-Тамашэўскай. Пад час другога, у ліпені, прыезду госці ажыццявілі экскурсію па родавым Нясвіжскім замку, пабывалі ў парку. Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская прыгадала свае дзіцячыя гады, праведзеныя ў родавым гняздзе, паказала супрацоўнікам музея, што, дзе знаходзілася ў пакоях да 1939 года, параіла, як лепей, падобна да таго, як было ў сапраўднасці, аформіць інтэр'еры, стварыць цікавую музейную экспазіцыю.