Канферэнцыя перад фестывалем

№ 31 (899) 01.08.2009 - 07.08.2009 г

Мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” Мікола Козенка распавёў “К”, што 17 — 18 красавіка 2010 года ў Лагойску пройдзе V Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”.

А наступным летам адбудуцца заключныя мерапрыемствы шостай па ліку "Берагіні", якая ладзіцца на падставе планавых мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаных распараджэннем Кіраўніка краіны ад 7 жніўня 2002 года... Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца навукоўцы, аспіранты, выкладчыкі і студэнты, бібліятэчныя, клубныя і музейныя работнікі, настаўнікі і вучні, калектывы аматарскай творчасці. Разглядацца будуць наступныя пытанні: нацыянальная адукацыя ў кантэксце народнай культуры; народны танец і народная проза ў дашкольным, школьным і пазашкольным адукацыйна-выхаваўчым працэсе; народны танец і народная проза ў сістэме прафесійнай мастацкай адукацыі; рэгіянальны вопыт методыкі трансляцыі аўтэнтычных форм народнай харэаграфіі і народнай прозы. Для ўдзелу ў канферэнцыі патрэбна да 1 кастрычніка 2009 года падаць заяўку з пазнакай назвы даклада ці паведамлення, указаць прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара, месца працы ці вучобы, пасаду, вучоную ступень, званні, службовы і хатні адрасы, тэлефоны. Прыкласці сціслую анатацыю на даклад, які дасылаецца ў аргкамітэт да 15 лістапада 2009 года. Мяркуецца выданне матэрыялаў да пачатку канферэнцыі. Лепшыя дзіцячыя работы ўшаноўваюцца спецыяльнымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі Беларускага фонду культуры.