“Свет без тайны для мяне нясцерпны”

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Мяркую, кожны з нас, сустрэўшыся з добрай фатаграфіяй, прызнаваў у фотамастаку паэта. Паэта свайго свету: фатографа-рэаліста, які “піша” ў выключна дакументальнай манеры, фатографа-авангардыста, якому бліжэй “буянства стылю” Ігара Севераніна, фатографа-постмадэрніста, які любіць гуляць, напрыклад, у “класікі”… Свет жа сённяшняга майго суразмоўцы поўны сімвалаў і таямніц. Фатографа Максіма ШУМІЛІНА я назвала б рамантыкам-сімвалістам. (Пры ўсім маім жаданні, рука не паварочваецца далучыць Максіма толькі да сімвалістаў.) “У мастацтве я люблю рэчы, дзе ёсць настальгія, — кажа ён, — туга па чымсьці незвычайным, чаго ніколі не было і не будзе, казка, міф, аб якіх людзі сумуюць усё жыццё”. На мінулым тыдні ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек адкрылася выстаўка маладога фатографа “Лялькі”, якая прадставіла публіцы не проста “закуліссе” аднаго з тэатраў, а падарыла цэлы Сусвет, дзе побач жывуць лялькі, людзі і багі. Максім Шумілін стаў першым беларускім фотамастаком, які прысвяціў сталічнаму тэатру лялек асобны фотапраект, кіруючыся толькі ўласным жаданнем. Што з гэтага атрымалася — вырашаць вам.

Аб праекце, тайне і душы тэатра 

 /i/content/pi/cult/113/279/maxima1.jpg
— Па шчырасці, мне не хацелася
здымаць нейкі канкрэтны лялечны тэатр. Для мяне важнай была атмасфера, я хацеў “паразважаць” на тэму: месца чалавека ў свеце. А лялечны тэатр — суседства лялек і людзей — падыходзіў для гэтага як мага лепш. У лялечным тэатры ёсць тайна. Тайна існавання. Калі бачыш гэтыя абсалютна чалавечыя вочы лялькі, штосьці ў душы пераключаецца: як такое можа быць?! Хто тут лялька, а хто — лялькавод? Магчыма, нам толькі падаецца, што мы ёй кіруем? Тут парушаюцца ўсе ўяўленні аб нашым месцы ў жыцці.


Я рабіў праект тры месяцы і за гэты
час, насамрэч, проста закахаўся ў тэатр, у яго служкаў. Тут працуе абсалютна унікальная жанчына Яніна Віктараўна, якую ўсе ў тэатры завуць Янечкай. Яна ў тэатры з самага яго заснавання і пачынала тут як тапёр. Потым, калі магнітафоны прыйшлі на змену яе баяну, Яніна Віктараўна вымушана была перакваліфікавацца ў суфлёры. Я сфатаграфаваў яе, калі яна іграла на баяне ў пакоі. Зусім адна, сумуючы па былых часінах. Янечка, мне падаецца, і ёсць душа тэатра лялек.

Даволі спантанна атрымаўся і партрэт галоўнага рэжысёра. Я ўбачыў крылы, і ў мяне
 /i/content/pi/cult/113/279/maxima.jpg
адразу мільганула
думка зрабіць партрэт Аляксея Ляляўскага. Рэжысёр спакойна паставіўся да маёй просьбы апрануць гэты нябесны строй, нават не здзівіўся маёй прапанове, і ўся фотасесія заняла не больш за пяць хвілін. У выніку нарадзілася яшчэ адна метафара — кіраўнік тэатра з крыламі, падобны ці то на архангела, ці то на сірына.

Праект усё ж, нават без майго жадання, атрымаўся ў пэўнай ступені рэпартажам, але гэта была яшчэ і спроба вярнуцца да дзіцячага бачання свету, калі ўсё падаецца нашмат больш загадкавым, калі кожная дэталь мае важкі сэнс, калі ўсё таямніча і незразумела, хто і за якія нітачкі там тузае, і чаму, увогуле, ты жывеш… Свет без тайны для мяне нясцерпны.

Аб формуле добрай фатаграфіі і ўласным выбары.
— Добрая фатаграфія для мяне — гэта дакумент, ператвораны ўнутраным светам фатографа ў метафару. І для гэтага важна трымацца дзвюх умоў: па-першае, умець праўдзіва адлюстроўваць жыццё, а па-другое, пастаянна выхоўваць сябе, каб ты мог прыдумляць тую метафару: слухаць добрую музыку, чытаць цікавыя кніжкі, глядзець кіно... Мне падаецца, што ў кожнай справе сваё бачанне, адчуванне свету будзе дарэчы, працуеш ты разьбяром па дрэве ці ўрачом.

/i/content/pi/cult/113/279/maxima2.jpg 
Я выбраў фатаграфію таму, што
з яе дапамогай магу рабіць усё больш шчыра. Але мой выбар быў зроблены не адразу. Я журналіст па адукацыі і пасля заканчэння журфака БДУ працаваў два гады ў розных выданнях. Але пры ўсім тым, што мне падабаецца пісаць, журналістыка не прынесла мне задавальнення. Вось тады і “ўсплыла” фатаграія, якая, насамрэч, заўжды была побач і толькі чакала свайго часу.

Аб партрэтах і момантах, якія лепей не рушыць.
— Нядаўна я здымаў Арцёма Троіцкага. Ён даў мне толькі пятнаццаць хвілін, бо павінен быў з’язджаць. Я мабілізаваў усе свае магчымасці, увесь патэнцыял, і ў выніку атрымалася адна з самых запамінальных фотасесій у маім жыцці. Троіцкі паводзіў сябе вельмі натуральна, абсалютна без фальшу, без прытворства, без“позы”. Здымаў яго дома, ён сеў у сваё крэсла, і мне пятнаццаці хвілін было дастаткова, каб захаваць на стужцы яго такім, які ён ёсць. Гэта было вельмі захапляльна.

Яшчэ адзін з самых важных партрэтаў у маёй практыцы — партрэт маёй бабулі. Усё маё дзяцінства прайшло ў яе: памятаю партрэт загінуўшага дзеда на сцяне яе кватэры; бабуля была адзінокая ўсе гэтыя гады... Аднойчы я ўцяміў, што гэтат рэба здымаць. Проста прыехаў даяе, мы знялі партрэт дзеда са сцяны,і я сфатаграфаваў бабулю. Яна проста глядзела ў камеру, побач быўдзед на старым фотаздымку, — і склалася гісторыя, гісторыя яе жыцця.

На жаль, самыя лепшыя партрэты ў мяне засталіся незнятымі: адная старая жанчына, якую я доўга ўгаворваў, і партрэт якой, па праўдзе кажучы, проста правароніў, бо з’ехаў на Новы год у Карпаты; партрэт адной дзяўчыны, з якой размаўляў тры гадзіны, каб Яна разняволілася і не задумвалася над тым, што зараз пачну яе здымаць. Я цярпліва чакаў гэтага моманту, а калі ён прыйшоў, зразумеў: калі зараз дастану камеру — уся прыгажосць знікне. У мяне рука не паднялася парушыць тое імгненне. Няхай гэты момант, гэтая нязробленая фатаграфія застануцца ў маёй памяці. 

Аб будучых праектах і настальгіі 
Зараз я выношваю два праекты: хачу зняць акцёраў пластычнага тэатраІнжэсті дзіцячую студыю “Тэатр ценяў”. Я чалавек зусім не тэатральны, але штосьці мяне гэтая справа пачынае “зацягваць”.

“Інжэст” мне цікавы тым, што вось ужо колькі гадоў ён бескампрамісна і самаахвярна робіць сваю справу. А “Тэатр ценяў” — гэта ўвогуле цуд, бо ў ім займаюцца дзеткі і ручкамі робяць, ствараюць сваіх герояў, цэлыя прадстаўленні.

Мне падабаецца тэма дзяцінства, калі мы былі бліжэй да настальгічнага раю, чым зараз. Што такое настальгічны рай? Гэта тое, па чым кожны з нас сумуе, — казка, міф, нейкія салодкія ўспаміны, далёкія краіны, у якіх увесь час хочацца пабываць, месца, якое людзі шукаюць усё жыццё... “Ах, Парыж, 30-ыя!” Ды не было аніякага Парыжа 30-ых. Хтосьці ў тыя часы піў, хтосьці працаваў, але чалавецтву патрэбна вось гэтая туга. І мне блізкія менавіта тыя творы мастацтва, у якіх яна ёсць, у якіх жыве гэты сум. Я сам па сабе не аптыміст, і мне падаецца,што сумны настрой і ёсць ісціна.

Гутарыла Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ