Зафіксаваны нават сцены

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Сталічны квадрат, раскладзены па трасах Ігар Гатальскі — краязнаўца, гісторык, кіраўнік аб’яднання “Прылуцкая спадчына”, шмат гадоў вывучае гісторыю Беларусі, і ў прыватнасці, Міншчыны. Вынікам ягонай працы стала выданне “Атласа аўтатурыста Цэнтральнай Беларусі”, дзе прадстаўлены не толькі карты мясцовасці, але і апісанні асноўных помнікаў рэгіёна. У хуткім часе пабачыць свет новая значная работа даследчыка, прысвечаная Паўночнай Беларусі. Выйдзе і маштабны даведнік адметных мясцін Міншчыны.

Вандруючы па радзіме, Ігар Гатальскі зразумеў, што перш за ўсё трэба даследаваць тыя мясціны, дзе сам жывеш. І, такім чынам, ён звярнуўся да мінскіх ваколіц. Па прызнанні краязнаўцы, яму было цікава даведацца ад мясцовых жыхароў, дзе знаходзіліся помнікі айчыннай гісторыі, якія не дайшлі да нашага часу. - У нас з'явілася шмат людзей, аматараў турызму, даўніны, здольных не столькі аб'ехаць шмат кіламетраў, колькі глыбока даследаваць якую-небудзь канкрэтную мясцовасць. І таму яны маюць патрэбу ў падрабязнай інфармацыі. Насамрэч, кожны дом, кожнае дрэва могуць у дадзеным выпадку мець каштоўнасць. Пазнаёміўшыся дэталёва з асобным малым кутком, вандроўнік лепей адчувае тую мясцовасць, дзе жыве, куды трапляе. Такім чынам, працуючы над новым гідам, былі больш дакладна акрэслены межы карты, якая была выдадзена дваццаць гадоў таму. Атрымаўся квадрат: у яго цэнтры знаходзіцца Мінск, а па кутах - Маладзечна, мястэчка Краснае, Смалявічы, Мар'іна Горка і Негарэлае. Квадрат гэты ахоплівае прыблізна 80 кіламетраў,- адзначае Ігар Гатальскі. Аб'ехаўшы Міншчыну, краязнаўца знайшоў мноства культавых камянёў, помнікаў гісторыі і прыроды. А таксама - вялікую колькасць бункераў, якія засталіся з Першай сусветнай вайны. У раёне ж Заслаўя змяшчаецца нямала бункераў, пабудаваных ужо перад Вялікай Айчыннай вайной - гэта "Лінія Сталіна". Многія з дотаў захаваліся ў добрым стане. Гэта было даволі нечаканым адкрыццём. Супрацоўнікі "Лініі Сталіна" знайшлі старыя планы, якія паказвалі на выстаўцы. Азнаёміўшыся з імі, Ігар Гатальскі вырашыў знайсці ўсе доты, сфатаграфаваць, каб занесці на карты ў поўным аб'ёме. Як адзначае даследчык, новая інфармацыя з'яўляецца пастаянна. "Час ідзе, і я, праязджаючы праз тое месца, дзе быў дзесяць гадоў таму,- зазначае Гатальскі, - амаль не пазнаю яго, бо ўжо чагосьці няма. Бачыш нейкія новыя пабудовы, якія заслугоўваюць пэўнай увагі. З'яўляецца цікавая архітэктура". Так, у раёне Лысай Гары пабудавана вялікае падвор'е Свята-Елізавецінскага жаночага манастыра. Яго таксама варта ўключыць у даведнік. Калі казаць пра колькасць зафіксаваных у кнізе помнікаў, то, па словах Ігара Гатальскага,інфармацыя ўносіцца нават пра сцены старадаўніх аб'ектаў, якія яшчэ стаяць, але пра іх мала хто ведае. Падрабязна апісаны Заслаўе, Смалявічы, Мар'іна Горка, Дзяржынск. У даведніку пададзены планы гарадоў, паведамляецца, на якой вуліцы што знаходзіцца сёння або месцілася раней. Дарэчы, вялікую дапамогу ў працы краязнаўцу аказаў "Слоўнік геаграфічны зямель польскіх і іншых славянскіх", выдадзены ў канцы ХІХ стагоддзя. Многія яго артыкулы напісаны вядомым беларускім даследчыкам Аляксандрам Ельскім. У "Слоўніку", дарэчы, зафіксаваны не толькі гарады, але і двары, фальваркі, маёнткі, даюцца сціслыя звесткі пра гаспадароў. У новым даведніку аўтар мяркуе падаць падрабязныя карты, апісанне мясцовасці, славутасцей. Напрыклад, у ім з'явяцца звесткі пра колішнія ваколіцы Мінска: пра былыя ўладанні Ваньковічаў, а таксама Гайдукевічаў, якія змяшчаліся на месцы лодачнай станцыі ў раёне цяперашняга Камсамольскага возера. Згадваюцца адметныя мясціны: Людамант, Кальварышкі, Архіерэйская Слабада. Да таго ж, для большай зручнасці аб'екты будуць размешчаны ўнізе, так бы мовіць, па трасах, па якіх машыны змогуць праехаць да месца.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА