Партрэт мальтыйскага кавалера, або Што паказвае Смаленск мінчанам?

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

“Выратаваныя культурныя каштоўнасці” — такую назву атрымала выстаўка з фондаў Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, якая адкрылася ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. Выстаўка прысвечана 65годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і, несумненна, дае наведвальнікам пэўнае ўяўленне аб унікальных і разнастайных зборах смаленскага музея.

У Мінск прывезены унікальныя экспанаты: жывапіс рускіх і заходнееўрапейскіх мастакоў, шэдэўры майстроў па метале, фарфоры і кераміцы, знакамітыя слуцкія паясы XVII- пачатку XIX стст. На выстаўцы прадстаўлены і ўзоры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія некалі ўваходзілі ў склад вядомага гісторыка-этнаграфічнага музея княжны Марыі Ценішавай - мецэната, калекцыянера і мастака. Гэта яна стварыла ў Смаленску унікальны музей пад назвай "Руская старажытнасць", а пад горадам у сваім маёнтку адкрыла майстэрню, якая сталася адным з цэнтраў сустрэч мастакоў Расіі. Асаблівую ўвагу княжна звяртала на калекцыянаванне слуцкіх паясоў: у ейны збор іх уваходзіла больш за 20. Сваю гісторыю меў музей і яго экспанаты ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўмовах налётаў фашысцкай авіяцыі, як распавяла дырэктар Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка Надзея Валасёнкава, група супрацоўнікаў пачала паспешліва рыхтаваць самыя каштоўныя экспанаты да эвакуацыі. З неверагоднымі цяжкасцямі ўдалося ўпакаваць і пагрузіць у адзін з апошніх эшалонаў, якія ішлі на Усход, больш за 26 тысяч прадметаў з 65-тысячнага збору, сярод якіх - шэдэўры рускага і заходнееўрапейскага жывапісу, унікальныя ўзоры ювелірнага мастацтва, нумізматыкі, тканіны, у тым ліку і калекцыя слуцкіх паясоў. Ужо 24 ліпеня 1941 года каштоўнасці знаходзіліся ў Горкім, а ў лістападзе калекцыя смаленскага музея размясцілася ў будынку Новасібірскага опернага тэатра, дзе ў гэты час былі сабраны зборы музеяў Масквы і Ленінграда. Фашысцкія захопнікі акупіравалі Смаленск 15 ліпеня 1941 года. У горадзе засталіся унікальныя іконы, вырабы з фарфору, шкла, эмалі, кніжныя выданні і дакументы... Гісторыя музейных збораў у перыяд акупацыі - гэта гісторыя рабавання і знішчэння каштоўнасцей. Ужо ў канцы 1942 года немцы пачалі рыхтаваць смаленскія калекцыі да высылкі ў Германію. Частку музейных экспанатаў адправілі на тэрыторыю Прыбалтыкі, а потым - ва Усходнюю Прусію. Пасля ж заканчэння вайны частка смаленскіх рэліквій была знойдзена ў польскім маёнтку генерала Штэрэнберга... А 30 чэрвеня 1945 года два вялікія вагоны з экспанатамі музея былі адпраўлены ў Смаленск. Выклікаюцьцікавасць і самі даныя пра Смаленск тых вогненных гадоў, тым больш, аб гэтым расказваюць асобныя фотаздымкі, якія можна таксама пабачыць на выстаўцы. 25 верасня 1943 года дыктар Усесаюзнага радыё Юрый Левітан паведаміў чарговую аператыўную зводку Саўінфармбюро: "Войскі Заходняга фронту, працягваючы развіваць наступленне, паспяхова фарсіравалі Днепр і пасля ўпартых баёў авалодалі абласным цэнтрам- горадам Смаленскам..." У гонар гэтай даты Смаленск адзначае Дзень горада. Адступаючы, немцы ўзарвалі або спалілі многа дамоў, сярод якіх - амаль усе будынкі, якія па праве лічыліся аздабленнем горада: Дом Саветаў, Дом штаба Беларускай ваеннай акругі, Дом друку, Дом Чырвонай Арміі... Горад яшчэ ляжаў у развалінах, а першая музейная экспазіцыя ўжо рыхтавалася да адкрыцця. Смаленцы змаглі пабачыць выратаваныя калекцыі ў 1947 годзе. Выстаўка, адкрытая ў Мінску, пакідае незабыўнае ўражанне. Нельга не заўважыць унікальныя ўзоры Гжэльскага керамічнага промыслу XVII - XIX стст. і рэдкія ўзоры рускага і еўрапейскага мастацкага металу. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў прыцягваюць партрэты магнатаў родаў Рэчы Паспалітай - Яна Сапегі і мальтыйскага кавалера Міхаіла Казіміра Паца (абедзве карціны датаваны XVII ст.), жывапісныя палотны, звязаныя з гісторыяй Смаленска, партрэты смаленскіх епіскапаў Гедэона Вішнеўскага і Парфенія Сапкоўскага, партрэт Наталлі Нарышкінай, выхаванкі Смаленскага Вазнясенскага манастыра, маці рускага цара Пятра І і два групавыя партрэты сям'і смаленскага купца Шчокатава... Цяпер жыхары Смаленска чакаюць беларускую выстаўку з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.

 Іван АРХІПАЎ

Фота аўтара