Як ліквідаваць дэфіцыт у 212 вогнетушыцеляў?

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Ахова працы і пажарная бяспека — актуальныя тэмы ў любой галіне гаспадаркі. Нездарма Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 узмацніла кантроль за паляпшэннем умоў працы, захаваннем жыцця і здароўя тых, хто працуе ў розных сферах вытворчасці. Асаблівая ўвага надзяляецца “асновам бяспечнай жыццядзейнасці” ў летнюю спёку. Як засведчылі вынікі сакавіцкай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у Міністэрстве і падпарадкаваных яму арганізацыях на пастаяннай аснове дзейнічаюць камісіі для праверкі ведаў па пытаннях аховы працы работнікаў, працягваецца навучанне кіраўнікоў і спецыялістаў на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, штогод ладзяцца агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму. Разам з тым, нагадаем, у 2008 годзе ў падпарадкаваных Міністэрству арганізацыях адбыўся рост вытворчага траўматызму, а ў арганізацыях камунальнай формы ўласнасці летась мелі месца 8 няшчасных выпадкаў. Зафіксавана таксама загаранне ў інтэрнаце Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. А нагодай да камандзіроўкі ў Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці сталі паведамленні СМІ аб тым, што ў вёсцы Марохарава ў ноч з 3 на 4 ліпеня адбыўся пажар, у выніку якога амаль цалкам згарэў мясцовы СДК. Натуральна, паўстала пытанне: наколькі эфектыўна праводзяцца мерапрыемствы па ахове працы і пажарнай бяспецы на Жыткавіччыне?

Пасля пажару

Зразумела, камандзіроўку пачаў з наведвання Марохарава. Будынак СДК - без даху, з абгарэлымі сценамі, рэшткамі крэслаў, сталоў, дынамікаў і іншага начыння, якое не паспелі выратаваць ад агню... Што адбывалася тут ноччу на 4 ліпеня, узнавіў па словах жыхароў вёскі і паведамленнях Жыткавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Апоўначы ў сельскім Доме культуры, пабудаваным яшчэ ў 1953 годзе, скончылася святочная дыскатэка. Выконваючая абавязкі дырэктара СДК Жанна Санюк зачыніла дзверы клуба ў пачатку першай гадзіны. А ў 2 гадзіны 4 хвіліны ў Цэнтр аператыўнага ўпраўлення Жыткавіцкага раённагааддзела па надзвычайных сітуацыях ад дзяжурнага па РАУС паступіла паведамленне аб пажары ў гэтым будынку. Па трывозе ў Марохарава былі накіраваны падраздзяленні пажарных з вёскі Бялёў, пасёлка Чырвоны Бор і саміх Жыткавічаў. Ужо праз 5 хвілін пасля трывожнага сігналу першая аўтацыстэрна прыбыла ў вёску і пачала тушыць пажар. Але да гэтага часу дах будынка быў ахоплены агнём і абваліўся, а плошча пажару склала больш за 300 квадратных метраў. Пажар удалося лакалізаваць у 2 гадзіны 43 хвіліны. Поўная ж яго ліквідацыя адбылася толькі праз гадзіну пасля прыбыцця першага падраздзялення. Агнём знішчаны дах, столевыя перакрыцці, пашкоджаны сцены і маёмасць у глядзельнай і танцавальнай залах, кабінетах загадчыка і мастацкага кіраўніка, холе, кацельнай. Агульныя ж страты, па папярэдніх разліках, ацэньваюцца больш чым у 20 млн. рублёў. Па першых звестках, прычынай пажару сталіся аварыйныя рэжымы ў рабоце электрасеткі і электраабсталявання. Цяпер частка праводкі перададзена для экспертызы ў Гомельскае абласное ўпраўленне МНС. Толькі пасля заключэння спецыялістаў можна будзе з упэўненасцю казаць пра прычыны пажару ў Марохараўскім СДК.

Postфакты

Тым не менш, здарэнне ў сельскім Доме культуры адразу задало напрамак журналісцкаму даследаванню: стан аховы працы, тэхніка бяспекі і, у прыватнасці, пажарная бяспека ва ўстановах культуры раёна. Мяркую, многія з узнятых мясцовымі спецыялістамі пытанняў актуальныя і для іншых рэгіёнаў Беларусі. Па першы каментарый карэспандэнт "К" звярнуўся да інжынера па ахове працы і тэхніцы бяспекі аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама Мікалая Рая: - Рэгулярна ладзім інструктажы, раённыя семінары па тэхніцы бяспекі, кожны год робім абследаванні будынкаў, - акрэсліў кола мерапрыемстваў Мікалай Мікалаевіч. Летась аддзелам культуры былі таксама закуплены 73 вогнетушыцелі і 64 медыцынскія аптэчкі на агульную суму ў 4 мільёны рублёў, а сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях на базе Жыткавіцкага РДК праведзена практычная трэніроўка па экстранай эвакуацыі людзей з будынка галоўнай установы культуры горада і адпрацаваны дзеянні ў выпадкуўзнікнення пажару. Па суботах і нядзелях Мікалай Рай разам з начальнікам аддзела культуры Сяргеем Агіевічам аб'язджае шэраг устаноў культуры раёна, СДК і ДК, дзе праводзяцца дыскатэкі, каб адсачыць стан пажарнай бяспекі і дысцыпліны на мерапрыемствах. Па словах Мікалая Рая, пасля пажару ў Марохараве ва ўсе ўстановы культуры раёна была разаслана тэлефанаграма, згодна з якой кіраўнікі павінны яшчэ раз праверыць стан тэхнічнай бяспекі будынкаў, сістэмы ацяплення, водаправода і сантэхнічнага абсталявання, цеплавыя вузлы, цеплаізаляцыю трубаправодаў, печаў, дымаходаў, вентыляцыйных прылад. Таксама пасля пажару напісана адносіна ў Жыткавіцкі райвыканкам аб дадатковым набыцці 212 вогнетушыцеляў, з разліку на сельскія, гарадскі і раённы дамы культуры, клубы, дзіцячую школу мастацтваў на агульную суму прыкладна ў 9 мільёнаў рублёў. Толькі ў выпадку іх набыцця, канстатаваў Мікалай Рай, колькасць гэтых сродкаў пажаратушэння будзе суадносіцца з патрабаваннямі, якія прад'яўляюцца для культустаноў раёна. Чаму ж раней, да пажару, гэтыя вогнетушыцелі не былі закуплены? Як кажа інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі, уся справа - у матэрыяльнай незабяспечанасці аддзела культуры. Кіраўніцтва ведала пра неабходнасць набыцця патрэбнай колькасці вогнетушыцеляў, але толькі цяпер назіраюцца пэўныя зрухі ў гэтай справе. Пакуль, як кажуць, гром не грымнуў... І яшчэ некалькі фактаў, датычных менавіта тых памяшканняў, дзе знаходзіцца аддзел культуры Жыткавіцкага райвыканкама. Нягледзячы на тое, што, па словах Мікалая Рая, яму быў выдзелены кабінет па ахове працы, у ім цяпер размяшчаецца бухгалтэрыя, а працоўнае месца інжынера па тэхніцы бяспекі знаходзіцца ў кабінеце начальніка гаспадарчай групы. Ніякіх стэндаў па пажарнай бяспецы і ахове працы ў аддзеле культуры я таксама не заўважыў. Не кажу ўжо пра буклеты і лістоўкі, якія павінны абавязкова быць у кабінеце інжынера па тэхніцы бяспекі. Як паведаміў Мікалай Рай, аддзелам культуры не праводзяцца агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму, а таксама на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы сярод устаноў культуры горада і раёна. Словам, умовы інфармавання па пытаннях аховы працы і тэхніцы пажарнай бяспекі створаны яшчэ далёкія ад ідэальных. Таму, зразумела, гэта выклікае непакой за далейшы лёс тых устаноў культуры раёна, якія могуць быць патэнцыйна пажаранебяспечнымі.

Словы ад кіраўніцтва

Ад начальніка гаспадарчай групы аддзела культуры Надзеі Звяздзілінай даведаўся, што прыкладна 60% электраправодкі ва ўстановах культуры раёна патрабуе замены. А гэта значыць, што такія СДК і ДК - патэнцыйна пажаранебяспечныя. Дык ці ж можна ў такіх умовах з упэўненасцю сцвярджаць, што пажар у Марохараве - цалкам выпадковая з'ява? Звярнуўся па тлумачэнне праблемнай сітуацыі да начальніка аддзела культуры Сяргея Агіевіча. Па яго словах, на дадзены момант сапраўды існуюць пытанні з заменай электраправодкі ва ўстановах культуры. Але, як кажа Сяргей Віктаравіч, на трэці і чацвёрты кварталы бягучага года запланаваны рамонты і замена электраправодкі, спачатку ў трох установах культуры раёна - Ленінскім СДК, Пагосцкім і Бярэжцкім СК, а пасля і ў сельскіх клубах вёсак Запясочча, Града, Хачэнь. Дарэчы будзе ўзгадаць і тое, што рамонт там быў запланаваны яшчэ ў пачатку 2009 года. Але ўсю вастрыню пытання гэтыя мерапрыемствы, зразумела, не здымуць. Па словах начальніка аддзела культуры, паступова, пры наяўнасці фінансавання, уся праводка будзе замяняцца. Таксама праблемным выглядае і пытанне з усталяваннем аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі (АСС) ва ўстановах культуры. Толькі дзве з іх у раёне - Жыткавіцкая ДШМ і СДК у Людзяневічах - маюць падобныя АСС. На цяперашні час падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на ўсталяванне пажарнай сігналізацыі яшчэ ў двух дамах культуры раёна. - Я лічу, што пытанне з усталяваннем сігналізацыі ва ўстановах культуры трэба вырашаць з дапамогай нарматыўна-прававых актаў Міністэрства культуры, якія неабходна скарэкціраваць пад патрэбы часу, - кажа Сяргей Агіевіч. - Напрыклад, часам бывае так, што кошт такой сістэмы абсалютна не суадносны з рэаліямі сельскіх дамоў культуры: туды прыходзіць мала людзей і мы часам на абслугоўваннегэтага будынка выдаткоўваем менш грошай, чым каштуе пажарная сігналізацыя. А яе цана - прыкладна 30 мільёнаў рублёў! Устаноў жа культуры ў раёне - 119, з іх клубнага тыпу - 61! Вось і палічыце, колькі патрэбна грошай, каб усталяваць такія АСС у кожным ДК і СДК. Таксама можна было б падумаць і пра тое, - працягвае начальнік аддзела культуры Жыткавіцкага райвыканкама, - каб увесці такія ж самыя нарматывы, як і ў школах: сігналізацыя ўсталёўваецца толькі там, дзе ёсць у наяўнасці 300 ды больш вучняў і настаўнікаў. Мо і ва ўстановах культуры прадугледзіць такія стандарты, калі 300 ці больш чалавек прыходзяць на дыскатэку або нейкае мерапрыемства. Бо іначай у многіх выпадках эканамічна неапраўдана ўсталёўваць сігналізацыю там, куды прыходзяць 10 - 15 чалавек... Даведаўся я і пра тое, што 40 устаноў культуры раёна атрымліваюць цяпло дзякуючы сваім кацельным, якія працуюць на торфабрыкеце. Ці не павялічвае гэта рызыку ўзнікнення пажаранебяспечных сітуацый? - Я не думаю, што ў гэтым ёсць праблема для ўстаноў культуры раёна, - кажа Сяргей Агіевіч. - Справа ў тым, што мы пераходзім на мясцовыя віды паліва, каб зэканоміць пэўную суму грошай. Гэтага патрабуюць ад нас сённяшнія фінансавыя ўмовы, а таксама Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3. А ўсе кацельныя праходзяць штосезонныя агляды пажарнай інспекцыі і толькі пасля гэтага атрымліваюць дазвол на эксплуатацыю. Таму пры правільным выкарыстанні пазаштатных сітуацый узнікаць не павінна.

Парады ад МНС

Што ж думаюць на гэты конт пажарныя? Бо, як кажуць, трэба выслухаць і другі бок, які зацікаўлены ў пажарнай бяспецы ў раёне па сваім працоўным абавязку. Як распавёў мне інспектар групы прапаганды і навучання Жыткавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аркадзь Лагун, цяпер у раёне, у параўнанні з мінулым годам, адзначаны рост пажараў: калі летась іх было 42, дык за першую палову 2009 года адбылося ўжо 37. Таму прафілактычныя мерапрыемствы па прадухіленні пажаранебяспечных выпадкаў і навучанню правілам пажарнай бяспекі вядуцца сёлета яшчэ больш разнастайна і комплексна. Сувязь з аддзелам культуры пажарнікі падтрымліваюць, у асноўным, праз аўтаклуб: раз на тыдзень з творчымі калектывамі выязджае і пажарны інспектар, праводзіць гутаркі з жыхарамі, распаўсюджвае лістоўкі, бюлетэні, выстаўляе інфармацыйныя стэнды. Па словах намесніка начальніка Жыткавіцкага РАНС, маёра ўнутранай службы Ігара Хацяновіча, аддзел культуры, на жаль, найменш прадуктыўна, у параўнанні з усімі іншымі аддзеламі райвыканкама, супрацоўнічае з пажарнікамі. І толькі ў апошнія гады сітуацыя пачала паляпшацца. - Нарэшце мы дачакаліся таго, што летась была ўсталявана пажарная сігналізацыя ў вёсцы Людзяневічы, у планах - усталяванне сігналізацыі ў яшчэ ў двух дамах культуры раёна. Гэта, канешне,добрая тэндэнцыя. Спадзяёмся, у далейшым яна будзе захавана, і гэтыя мерапрыемствы дазволяць пры няшчасных выпадках захаваць жыццё культработнікам і тым, хто наведвае ўстановы культуры. Небяспечным бачыцца для Ігара Хацяновіча і той факт, што раённы Дом культуры ў Жыткавічах з 1994 года не мае як пажарнай сігналізацыі, так і сістэмы пажаратушэння. Менавіта таму мясцовы РДК цяпер забаронены пажарнікамі да эксплуатацыі. Але там дагэтуль адбываюцца масавыя мерапрыемствы, на якіх заўсёды дзяжураць па два інспектары пажарнага нагляду і машына пажарнай службы. - Я таксама разумею і кіраўніцтва РДК, - гаворыць Ігар Хацяновіч. - Трэба спачатку адрамантаваць дах, каб з яго не цякла вада, а ўжо потым прыстасоўваць на столі сістэмы пажаратушэння і адпаведнай сігналізацыі. Таму мы цяпер не настойваем, каб тэрмінова ўсталёўвалі іх, а чакаем заканчэння капітальнага рамонту галоўнай установы культуры раёна. Пасля наведвання Жыткавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях яшчэ раз пераканаўся, што праца аддзела культуры па прадухіленні пажаранебяспечных выпадкаў магла б быць больш дасканалая. І справа тут - за адчуваннем безумоўнай запатрабаванасці прафілактычных мерапрыемстваў па пажарнай бяспецы і ахове працы культработнікаў. Патрэбных, а часам - і неабходных, крокаў, якія маглі б павысіць бяспеку культработнікаў, можна зрабіць яшчэ нямала.

РДК без вады і голасу

Каб паспрабаваць разабрацца з праблемнай сітуацыяй у Жыткавіцкім РДК, наведаў галоўную ўстанову культуры горада. Звонку будынак выглядае сапраўды шыкоўна: адрамантаваны фасад, заменены вокны. А вось унутры ў некаторых памяшканнях ідзе рамонт. Ужо добра адрамантавана Малая глядзельная зала, а ў яшчэ адной, дзе таксама завяршыліся рамонтныя работы і сёння адбываюцца шлюбныя цырымоніі, бачны чамусьці плямы на столі. Аказваецца, пасля дажджу адтуль пачала ліцца вада. Зразумела, што пры якаснай працы тых, хто вядзе рамонтныя работы, такога быць не павінна. А што ж з сістэмай пажаратушэння, якая ёсць у наяўнасці, але чамусьці не працуе? Як распавяла мне дырэктар РДК Таццяна Еўлаш, якая займае гэтую пасаду з 1983 года, будынак установы культуры быў здадзены ў красавіку 1978 года таксама без дзейнай сістэмы пажаратушэння. Таму першай жа справай Таццяны Аляксандраўны на пасадзе дырэктара стала праца менавіта з гэтай праблемай. На працягу года былі зроблены ўсе неабходныя работы, і ў 1984 годзе сістэма пажаратушэння пачала выконваць сваю функцыю. Але 15 гадоў таму, у 1994 годзе, сістэма ручных супрацьвагаў, чым і прыводзілася ў дзеянне сістэма пажаратушэння, перастала працаваць. Менавіта з гэтага часу РДК застаўся фактычна без аўтаматычных сродкаў пажарнай бяспекі. Спробы кіраўніцтва аднавіць працу сістэмы ў 1995-м скончыліся безвынікова. І толькі ў 2007-м, калі ў РДК распачаўся капітальны рамонт, нарэшце з'явілася надзея, што і сістэма пажаратушэння, і сістэма пажарнай сігналізацыі тут нарэшце з'явяцца. Цяпер у межах капітальнага рамонту "асобным радком" выдаткаваны грошы і на іх. Акрамя ўжо даведзеных да ладу фасада будынка, даху, замены вокнаў, у Доме культуры, плануецца галоўны рамонт, які пройдзе ў глядзельнай зале на амаль 600 месцаў, дзе будуць заменены крэслы, тэхнічная апаратура і "адзенне" сцэны, а таксама ўсталююць сістэмы пажаратушэння і сігналізацыі. Аднак, па словах адміністрацыі, вогнетушыцеляў на сённяшні дзень не хапае ў дастатковай колькасці. Калі ж хацеў паглядзець на свае вочы на тую, цяпер нядзейную, сістэму пажаратушэння, дык пачуў гісторыю аб прарабу з Мазыра, які пакінуў у пакоі, дзе знаходзіцца тая сістэма, свае інструменты, а сам забраў ключы ад дзвярэй ды з'ехаў. Кіраўніцтва, маўляў, неаднаразова ўжо прасіла яго прыехаць і забраць рэчы, але прараб не спяшаецца. Пагадзіцеся, дзіўная сітуацыя, калі да дзвярэй з сістэмай пажаратушэння няма запасных камплектаў ключоў, а вогнетушыцеляў, да таго ж, не хапае. І, дарэчы, не варта пры згадванні аб пажаранебяспечнай сітуацыі ў раённым Доме культуры наракаць на эканамічны крызіс. Жыццёва важныя пытанні аб прывядзенні ў належны стан сістэмы пажаратушэння паўсталі перад кіраўніцтвам яшчэ ў сярэдзіне 90-х. А значыць, набыць патрэбную колькасць вогнетушыцеляў, якія каштуюць не так ужо і дорага, можна было даўно. *** Напрыканцы камандзіроўкі завітаў у цэнтральнуюі дзіцячую бібліятэкі горада, якія месцяцца ў адным старым будынку 1940-х гадоў. Дарэчы, гэты будынак сёння знаходзіцца ў аварыйным стане. Бібліятэкары чакаюць пераезду ў памяшканні першага паверху новай гасцініцы, якая цяпер будуецца. Але пярэбары плануюцца толькі яшчэ праз тры гады. Мала месца для кніг, а месца для двух вогнетушыцеляў на вялікі двухпавярховы будынак, - толькі адно. Ды яшчэ - некалькі лістовак пажарнай службы, якія пабачыў у памяшканнях абедзвюх бібліятэк. Зразумела, што і тут, як і ў іншых установах культуры, не хапае сродкаў барацьбы з агнём. Гэта яшчэ адзін прыклад таго, што становішча з пажарнай бяспекай і аховай жыцця людзей у шэрагу ўстаноў культуры Жыткавічаў сапраўды патрабуе увагі з боку адказных органаў. І згарэлы Марохараўскі СДК - гэта і трывожны знак і, можна сказаць, вядомы напамін: агонь жартаваць не любіць.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Жыткавічы - Мінск

Фота аўтара  

 

Лічбы і факты

Згодна з інфармацыяй галіновага інтэграванага банка даных устаноў культуры Рэспублікі Беларусь, якую "К" прадаставіў начальнік аддзела інфарматыкі і сістэмнага аналізу БДУКіМ Уладзімір Бастракоў, па стане на 30 чэрвеня 2009 года з 8771 установы культуры, якія размешчаны ў 9005 будынках, цэнтральнае ацяпленне маюць 3943, ацяпляюцца ад асабістых кацельных 2669, пячное ацяпленне маюць 2085, электрычнае - 107, а ўвогуле без ацяплення працуюць 99 устаноў культуры. Сярод відаў паліва, якое выкарыстоўваецца для ацяплення будынкаў устаноў культуры, найбольшую вагу маюць дровы і торф - 3860 і 3625 устаноў культуры адпаведна, на нафтапрадуктах працуюць 450 культустаноў, а на вугалі - 237.   

 

Каментарый з нагоды  

Колькі мільёнаў патрабуе АСС?

Па каментарый аб стане пажарнай бяспекі ва ўстановах культуры Гомельскай вобласці карэспандэнт "К" звярнуўся да галоўнага спецыяліста па ахове працы і тэхніцы бяспекі ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Алены АРУНАВАЙ. Яна, у прыватнасці, зазначыла наступнае:

- Сапраўды, сітуацыя па тэхніцы пажарнай бяспекі, якая акрэслена ў артыкуле, прысвечаным Жыткавіцкаму раёну, характэрна і для іншых рэгіёнаў Гомельскай вобласці. У нашай вобласці дзейнічае "Галіновая праграма па ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацыяй у арганізацыях культуры Рэспублікі Беларусь". Згодна з ёй паступова вырашаюцца пытанні забеспячэння аб'ектаў устаноў культуры пажарнай аўтаматыкай. Выконваюцца работы па прывядзенні пячнога ацяплення ў арганізацыях культуры ў адпаведнасць з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўнаправавых актаў сістэмы супрацьпажарнага нармавання і стандартызацыі, а таксама праводзіцца праца па забеспячэнні першаснымі сродкамі пажаратушэння ўсіх устаноў культуры. Таму пытанні, узнятыя ў артыкуле, вырашаюцца ў рабочым парадку. У дастатковай колькасці ва ўстановах культуры вобласці ёсць вогнетушыцелі, адбываецца паступовая замена састарэлай электраправодкі, усталёўваюцца аўтаматычныя супрацьпажарныя сістэмы (АСС). Толькі згодна з заяўкай Жыткавіцкага аддзела культуры на 2009 год патрэбна ўстанавіць 4 АСС ва ўстановах культуры раёна. А на гэта патрэбна 114 мільёнаў рублёў, бо АСС (сюды ўваходзіць праектна-каштарысная дакументацыя плюс сама ўстаноўка) каштуе ад 25 да 30 мільёнаў рублёў. Напрыклад, у Брагінскім раёне трэба ўстанавіць, згодна з заяўкай, у 2009 годзе 17 АСС! Зразумела, што гэта будзе рабіцца пры наяўнасці адпаведных фінансавых магчымасцей упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама. У мінулым годзе на гэтыя мэты пайшло прыкладна 2 мільярды рублёў, было ўсталявана каля 80 АСС. Ніводны раён вобласці не быў пакінуты па-за ўвагай упраўлення. Сёлета на гэтыя мэты плануецца выдаткаваць суму ў 838 мільёнаў. Таму мы і далей будзем рабіць усё магчымае, што патрабуецца па тэхніцы пажарнай бяспекі ва ўстановах культуры Гомельскай вобласці.

1311 аб'ектаў

Вось што адказаў нам па тэме артыкула прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Віталь НАВІЦКІ:

- Паводле інфармацыі па стане на канец чэрвеня 2009 года, усяго ў Рэспубліцы Беларусь існуе 1311 аб'ектаў культуры, звязаных з масавым (або круглагадовым) знаходжаннем людзей. Аўтаматычная супрацьпажарная сігналізацыя адсутнічае (або з'яўляецца нядзейнай) у 200 з гэтых аб'ектаў культуры (15,3% ад агульнай колькасці); адсутнічае (або няспраўнае) вонкавае супрацьпажарнае водазабеспячэнне на 6 аб'ектах (0,5%), а ўнутранае - на 65 (5%). Не забяспечаны першачарговымі сродкамі пажаратушэння 78 аб'ектаў (5,9%), а пячное абсталяванне няспраўнае (або не суадносіцца з нормамі правілаў пажарнай бяспекі) на 16 аб'ектах (0,2%). Электраправодка патрабуе рамонтных работ або не суадносіцца з нормамі правілаў пажарнай бяспекі на 40 аб'ектах (3,1%), маланкавая ахова адсутнічае (або няспраўная) на 95 аб'ектах (7,2%).