Шнуроўка на кітовым вусе

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Як жа выглядаў кітлік? Якія існавалі разнавіднасці нажутак? Расповед пра мяшчанскі касцюм з калекцыі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея працягваем у гэтым нумары “К”.

(Заканчэнне. Пачатак у № 29 за 2009 г.) Звернемся да М.Нікіфароўскага: "Китлик" плотно облегал спину и грудь и внешним видом несколько напоминал корсет без роговин". Для азначэння старажытных тэрмінаў звернемся да слоўніка У.Даля: "Корсет - женская кофточка в обтяжку; местами цветные корсетики, корсетцы носятся при юбке, как верхняя одежда; безрукавная поддевка для стягивания стана, со шнуровкою на китовом усу". У XVIII ст. асноўным сродкам для надання формы і падгонкі па фігуры жаночай сукенкі былі гарсэты, неабходнай прыналежнасцю якіх з'яўляўся кітовы вус (палоскі рознай таўшчыні і даўжыні ўтрымліваліся на месцы з дапамогай выкананага ўручную шва "за іголку"). Зразумела, такія гарсэты з'яўляліся прывілеяй багатых жанчын: гэта былі прадстаўніцы вярхушкі гарадскіх жыхароў, багатыя шляхцянкі і жанчыны з магнацкіх сем'яў. Мяшчанка наўрад ці магла дазволіць яго сабе. Трэба сказаць, што назва "кітлік" сустракаецца ў вопісах гардэроба шляхцянкі - жонкі пана Войцеха Піўка з Ваўкавыскага павета, сярэдзіны XVII ст.: "Китлик сукняный, баранки подшитый". Верагодна, маецца на ўвазе ўцепленае адзенне жанчыны. Тэрміны "ліф" і "карсаж" маюць непасрэднае дачыненне да плячнога адзення жанчын: "Корсаж - верхняя часть женского платья, лиф, талия"; "Лиф - останье, охвать, перехвать, верхняя половина плотной одежды, прилегающая вкруг, до пояса". Безрукаўка пад назвай "кітлік" прыкрывала і сцягвала верхнюю частку цела, служыла адначасова і гарсэтам, і ліфам. Кітлік ідэальна падкрэсліваў формы. "Подобно корсету, "китлик" зашнуровывался сзади, на груди лежал ровною беспрорезною гладью, внизу же, вокруг талии, имел пришивную опояску, по толщине не уступавшую средней колбасе. Эта опояска из домашней ткани как-то странно сочеталась с парчой или с цветным ситцем "китлика". Што за "опояска" з хатняй тканіны, якую так жыва апісаў Нікіфароўскі, і навошта яна была патрэбна? "Пришивную опояску", або "кишечную обладку", можна ўбачыць на адной з безрукавак з калекцыі музея. Круглы палатняны валік быў неабходны для падтрымкі спадніцы. Шыць яго з дарагой тканіны не мелася патрэбы: на валік апраналі пышную спадніцу. Вядома, што ў ХІХ ст. у Латвіі (рэгіён Земгале) спадніцы апраналі на ніжні край безрукаўкі з сукна, аксаміту, зверху завязвалі пояс. Прыстасаванне для падтрымкі спадніцы выкарыстоўвалася і ў іншым прадмеце касцюма. Яўрэйкі, да прыкладу, зверху кашулі апраналі шаўковы пояс: "Пояс был окантован тремя хлопчатобумажными валиками, на которых покоилась юбка. <...> Она вела себя беспокойно".

Жаночы... мундзір

Вернемся да музейнай калекцыі. У фондах захоўваюцца 8 безрукавак. Усе яны розныя: з каўнярамі і без; з двухбортнай засцежкай на гузікі ("гафтыки"); аднабортныя з засцежкай на гаплікі ("гаплюки"). У канструкцыі некаторых безрукавак прысутнічаюць элементы крою свецкага касцюма XVIII ст. - мундзірных жаночых сукенак (камзолаў). Безрукаўкі надта прыгожыя, абшытыя галуном і карункамі. Пашыты яны па-майстэрску. "Тамошние нарядницы" маглі выбраць сабе ўбор, зыходзячы з уласнага густу, і з задавальненнем насіць. У фондах музея знаходзяцца дзве шырокія спадніцы. Каля пояса яны сабраны ў складкі, спераду ў верхняй частцы ўстаўлена іншая, таннейшая, мануфактурная тканіна або даматканае фарбаванае палатно. Гэты элемент, відаць, закрываўся фартухом, а дарагую тканіну эканомілі. Дзякуючы грубай устаўцы, можна сцвярджаць: у камплекце мяшчанскага касцюма спадніца насілася абавязкова з фартухом. Спадніцы, паводле архіўных апісанняў, былі пашыты "из коричневого шелка с цветами, вышитыми зелеными шелками", "зеленого штофа с крупными цветами и бабочками". Тканіны- шыкоўныя, са свабодным размяшчэннем грацыёзных элементаў па фоне (букеты, галінкі, квітнеючая трава, матылькі).

Барочны "фігара"

 У музейных матэрыялах сустракаюцца розныя назвы безрукавак. Безрукаўкі з калекцыі К.К. Бергнера - "женский лифчик", які быў пашыты "из шелковой материи персикового цвета с золотыми цветами на холстинковой подкладке", і "парчевый лифчик" "с вышитыми шелками букетами". Безрукаўкі з калекцыі В.П. Федаровіча атрымалі назвы "лифчик" і "лифчик-фигаро" - нашытыя на кардон для захоўвання, з часоў Федаровіча, яны маюць форму трапецыі. Сярод іх - "лифчик на шлейках", "фигаро из серебристой парчи с красными цветами", "из белого шелка и с нанизанными блестками". Увогуле, па азначэнні "фигаро - короткая безрукавная курточка". Багатая тканіна безрукавак - з малюнкамі ў выглядзе невялікіх статычных элементаў, букетаў кветак, буйных суквеццяў, масіўнага барочнага ўзору. У спісе экспанатаў яўрэйскага аддзела Віцебскага беларускага дзяржаўнага культурна-гістарычнага музея значыцца "нажутка-безрукаўка" са слуцкай тканіны - "сярэбраная залачоная парча з узорам у выглядзе рыбнай лускі". Яна і яшчэ адна безрукаўка, дзе "па баках каўняра і па швах спінкі нашыты аграманты з сярэбраных і пазалочаных лусачак", вызначаны як "гарнітуры яўрэйскіх жанчын XVIII ст.". Жанчыны ў ХІХ ст. фарсілі ў жакетах з тканіны "карпо-волюск" ("рыбная луска"). "Название было подходящим, ибо шерстяную ткань так плотно покрывали позолоченные серебряные чешуйки, что она почти не была видна". Бліскаўкамі ў выглядзе лускавінак упрыгожаны шоўк безрукаўкі з валікам і паўпарча кароны. Назва безрукаўкі ў гутарковай прамове "нажутка" ў перакладзе з польскай мовы азначае назву адзення - "накідка" (pelerynka, narzutka).

Да ХХ стагоддзя

 У архіўных дакументах аб калекцыях К.К. Бергнера і В.П. Федаровіча таксама існуе апісанне кофтачак: "Синего шелка с золотыми узорами ... по краям обшита позументом", "красная с букетиками в медальонах из блесток" з парчы яркіх расфарбовак, з адкладным каўняром, рукавамі, валікамі для падтрымкі спадніцы. У спісе экспанатаў яўрэйскага аддзела апісана кофта-наржутка з калекцыі А.Р. Брадоўскага. Да яго калекцыі адносіцца "яўрэйская жаночая нажутка з рукавамі і шырокім каўняром з парчы, густа затканай сярэбрана-залачонымі лістамі па чырвоным шаўковым полі з 13 гузікамі з гэтай жа парчы. Падкладка - паркалёвая на ваце. У нізе спінкі - падтрымліваючы валік". На жаль, самі прадметы не захаваліся. У апісанні яўрэйскага адзення ёсць яшчэ адзін незвычайны прадмет: пры яўрэйскай кофце-нажутцы "...маецца нагруднік, цалкам пакрыты аграмантавым узорам па чырвоным полі. Падкладка - шаўковая на ваце". "Napersnik" (нагруднік) завязваўся на шыі і замацоваўся поясам на таліі - ён з'яўляўся сімвалам сціпласці нявесты. Мяшчанскія ўборы змяняліся вельмі марудна. Кофты, спадніцы,безрукаўкі, юбкі з шаўковых і аксамітных тканін перадаваліся ў спадчыну, што садзейнічала захаванню ў плячным адзенні мяшчан старадаўняга крою да канца ХІХ - пачатку ХХ ст. Многія формы гэтага адзення былі пераняты вясковым насельніцтвам. Разглядаючы старажытныя прадметы, мы захапляемся багаццем фарбаў і матэрыялаў, тонкім мастацтвам вышывальшчыка і ткача, фантазіяй і майстэрствам краўца. Дзіўны свет носьбітак "кітліка", прыадкрыты нам краязнаўцамі М.Нікіфароўскім, П.Шэйнам, А.Сапуновым, асабліва поўна раскрывае значэнне самых звычайных прадметаў, рэчаў і з'яў. * * * Вывучэнне традыцыйнага адзення рэгіёна мае вялізнае значэнне. Багацце аўтэнтычнага матэрыялу, наяўнасць архіўных дакументаў, літаратурна-этнаграфічных прац ствараюць умовы для ўважлівага і глыбокага вывучэння і рэканструкцыі традыцыйнага касцюма. Музейныя прадметы паслужылі асновай для стварэння калекцыі віцебскага жаночага местачковага касцюма майстрамі Цэнтра народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне" г. Віцебска, якую прадставілі ў Палацы Рэспублікі ў дзень творчай справаздачы Віцебскай вобласці ў Мінску, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Святлана САЛАЎЁВА, навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

Фота Валерыя ШЫШАНАВА