Паміж “народнай гераіняй” і... Клеменцінай

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Актрыса Паліна СЫРКІНА ўварвалася ў свет беларускага кіно з імклівасцю касмічнага аб’екта. Яе роля ў гучнай стужцы “Беларусьфільма” “Кадэт” Віталя Дудзіна была заўважана не толькі ў краіне, але і на некалькіх замежных фестывалях. Гэтымі днямі Паліна працуе на здымках камедыі Аляксандра Канановіча “Дрэва”. А ёсць жа яшчэ і ролі ў телесерыялах, тэатры. Разнастайнасці Паліны Сыркінай даводзіцца толькі здзіўляцца. Здаецца, што гэтая ўсмешлівая, вельмі абаяльная дзяўчына спрабуе адразу выканаць нейкую асабістую праграму-“максімум”. І, трэба прызнаць, гэта ў яе цяпер атрымліваецца.

Лягчэй іграць, калі хвалююся

- Паліна, як вы трапілі на сцэну? Хто быў вашым настаўнікам?

- Сям'я ў мяне зусім не тэатральная: бацькі маюць інжынерную адукацыю, брат таксама скончыў тэхнічны вуз. Таму ў дзяцінстве я нават не марыла стаць актрысай і доўгі час выбірала будучую прафесію. Але адразу зразумела: фізіка з матэматыкай - "не маё". Таму са школай з адпаведным ухілам давялося развітацца, бо вучоба там была мне не ў радасць. Калі давучылася да 10 класа, зразумела, што нешта трэба змяняць. І - пайшла ў школу з тэатральным ухілам. Але і тады я не верыла, што тэатр стане маім лёсам. Тым не менш, два гады ў 136-й былі вельмі важнымі. А Валянціна Мароз - мой школьны майстар - да гэтай пары вельмі моцна дапамагае мне. Ведаеце, маім планам вучыцца ў тэатральным вузе школа ў нейкім сэнсе нават перашкаджала. Бо да абітурыентаў пасля школы з тэатральным ухілам ставяцца неяк насцярожана: маўляў, яны ўжо склаліся як асобы, і працаваць з імі будзе не проста.

- Такім чынам, паступіць у Акадэмію вам было не лёгка?

- Так. Бо да таго, як трапіць туды, спрабавала "штурмаваць" усе маскоўскія вузы. Прычым яшчэ ў дзесятым класе, без атэстата аб сярэдняй адукацыі. Паехала разам з аднакласнікамі на канікулах, прыпісала сабе год, усюды правалілася... На наступны ж - паехала ўжо "па-сапраўднаму". У Шчукінскім вучылішчы дайшла да трэцяга тура. І... вярнулася дахаты: паступіла ў Беларускую акадэмію мастацтваў на курс Уладзіміра Мішчанчука, з якім маю гонар выступаць цяпер на адной сцэне. Паступала цяжка, бо надта ж была няўпэўнена ў сваіх сілах. Апынулася ў "платніцах", але цяпер я нават дзякую лёсу за тое, што ўсё так адбылося. Так што ў пэўным сэнсе на сцэну трапіла я выпадкова. І дасюль шукаю пацвярджэнне таму, што нездарма апынулася на сваім месцы. Заўсёды хвалююся перад выхадам на сцэну, кожным разам - калі ўваходжу ў кадр. Дарэчы, аб'ектыў выклікае ў мяне глыбокае хваляванне - на сцэне ж адчуваю сябе больш упэўнена.

- А як вы пераадольваеце хваляванне?

- Ніяк. Я нават не спрабую гэтага рабіць: калі хвалюешся, то адносішся да працы больш уважліва. Так мне іграецца лягчэй!

Чэхаў і чалавек з суседняга двара

- Уладзімір Мішчанчук - выдатны камічны акцёр. На свае вочы бачыў спектаклі, дзе ягонае з'яўленне на сцэне выклікала сапраўдны выбух смеху ў глядзельнай зале. Ці значыць гэта, што і сваіх вучняў ён скіроўваў у бок камедыі?

- Уладзімір Андрэевіч - цудоўны чалавек і вельмі рознабаковы артыст. Ён і ягоная жонка Людміла Кучарэнка заклікалі нас працаваць над сабой. Хоць у асноўным майстэрствам акцёра з намі займалася менавіта Людміла Пятроўна, яна скіроўвала нас у бок сур'ёзнай, можна сказаць "цяжкой", драматургіі, а Уладзімір Андрэевіч пры гэтым выконваў ролю своеасаблівага "цэнзара": выпраўляў хібы і адточваў нюансы. Ён і ў сваіх ролях вельмі пільны да дробязей, увесь час нешта выдумляе, "насычае" вобраз нечаканымі дэталямі. Мне вельмі пашанцавала, што цяпер мы яшчэ і партнёры ў спектаклі "Забыць Герастрата". За гады вучобы давялося перайграць шмат кавалкаў з сусветна вядомых твораў. Але сваёй галоўнай удачай пачатковага перыяду вучобы лічу Аманду са "Шклянога звярынца" Тэнесі Уільямса. Потым была Ірына з "Трох сёстраў" Антона Чэхава. Дасюль памятаю, як спачатку не хацела браць гэтую ролю: мне вельмі карцела сыграць Машу з яе трагедыяй кахання, з унутраным стрыжнем!

- А каго яшчэ хацелася сыграць у студэнцкія гады?

- Афелію! Вядома, жаданне для юнай актрысы неарыгінальнае: у гэтым узросце вельмі хочацца апынуцца ў вобразе нейкай дзіўнай эфемернай асобы, абавязкова - рамантычна-ўзнёслай. З вопытам, наадварот, цягне сыграць чалавека з "суседняга двара", простага, без знешняга трагізму, але вельмі цікавага і багатага на эмоцыі. На жаль, акрамя кіно, я не паспела папрацаваць над вобразамі сучасніц. Многія сцвярджаюць, што тыпаж у мяне - "несучасны", таму ўвесь час прапануюць ролі ў стужках пра мінулае, пра вайну. Пляцоўка для гульняў

- Дарэчы, пра вобраз. Існуюць дзве асноўныя акцёрскія стратэгіі. Тыя, хто прытрымліваецца першай, пільна сочаць за сваім вобразам, які і на экране, і ў СМІ павінен заставацца пазнавальным і прадказальным для гледача. Іншыя не баяцца змен, выбіраюць вельмі розныя ролі, не баяцца, што глядач іх не пазнае. Асабіста вы схіляецеся да якой стратэгіі паводзін? Вам хочацца змяняцца ці "несці ў масы" да дробязей прадуманывобраз Паліны Сыркінай?

- Апошняга дакладна не хочацца. І кардынальна змяняцца ад ролі да ролі мне пакуль таксама не даводзіцца. Імкнуся знайсці сябе сапраўдную.

- Але ці магчыма такое ў прынцыпе? Акцёр па сваёй прафесіі павінен мець нейкае амплуа...

- Павінна існаваць нейкая "пляцоўка" дзесьці глыбока ўнутры, ад якой можна адштурхнуцца ў сваёй працы. Я знаходжуся толькі на самым пачатку шляху да акцёрскай дасканаласці, і наперадзе мяне чакае вялікая праца над сабой, пасля якой, напэўна, здолею гутарыць на такія тэмы больш абазнана. Яшчэ ў Акадэміі я змагалася з тым, каб на мяне не навешвалі нейкія "цэтлікі", амплуа і гэтак далей. Пад час вучобы гэта былі "цэтлікі" "дзяўчынак-званочкаў", і таму я намагалася браць узроставыя ролі, нейкіх суровых гераінь, "мамаш", як тая ж Аманда са "Шклянога звярынца". Вельмі дапамагла роля Анны Балейн з дыпломных "Каралеўскіх гульняў" - гэткай сцярвознай, вельмі моцнай асобы-авантурысткі. Мне самой хацелася гэтай роляй нешта давесці. Пасля "Кадэта" я змагаюся з амплуа так званай "народнай гераіні". Мне ўвесь час прапануюць ролі вясковых дзяўчат, мне ж цяпер хочацца быць куды больш разнабаковай.

- Пасля Тэатра Беларускай Арміі вы трапілі ў Тэатр-студыю кінаакцёра, і вельмі ўдала, бо амаль адразу ж былі ўведзены ў некалькі спектакляў. Якія работы любіце больш за астатнія?

- Пэўна, найперш - гэта Клеменціна са спектакля "Забіць Герастрата" Рыгора Горына. Мая гераіня зусім не падобна на мяне, таму і вельмі цікавая. А наогул, я пакуль чакаю "сваёй" ролі ў нашым тэатры, бо ўсе мае работы на сённяшні дзень - гэта, як мы кажам, "уводы". Мне вельмі пашанцавала, што я іх атрымала, але вельмі ж хочацца папрацаваць над спектаклем з самага пачатку.

Метык ці Дзяніс?

- Звычайна не задаю такое пытанне, але вам давядзецца задаць... Для вашага ўзросту ў вас вялікі вопыт працы ў кіно, прычым жадаючых вас здымаць становіцца ўсё больш...

- Маім першым сур'ёзным вопытам у кіно была галоўная роля ў расійскім тэлесерыяле, дзе здымалася адразу пасля трэцяга курса. А самае першае маё з'яўленне на вялікім экране адбылося ў "Стылягах" Валерыя Тадароўскага, якіх, як вядома, здымалі ў Мінску. У мяне была невялічкая роля, нават са словамі, але пры мантажы яе выразалі, таму заўважыць мяне ў стужцы няпроста.

- Вы працавалі на некалькіх тэлефільмах, якія здымалі ў Мінску расійскія прадзюсеры, таму, пэўна, можаце параўнаць працу і атмасферу на такіх камерцыйных праектах і пляцоўцы цалкам беларускага "Кадэта"?

- Розніца - вялікая. На серыялах персанал, як правіла, не зацікаўлены ў канчатковым выніку, але кожны цэх, кожная служба функцыянуюць, як гадзіннік, бо за дзень трэба зрабіць вялікі кавалак працы. А "Кадэт" - зусім іншая справа, бо гэтая стужка стваралася ў разліку на вялікі экран. Калі працуеш над серыялам, нават няма часу на рэпетыцыі: раніцай атрымліваеш тэкст і - усё, твая роля залежыць толькі ад цябе. Серыял - гэта сапраўдны канвеер. На "Кадэце" толькі падрыхтоўка да кінапроб заняла цэлы месяц! Калі пачаліся пробныя здымкі, я так стамілася, што ўжо ніякага кіно не хацела. А калі сур'ёзна, Ганна з "Кадэта" - вельмі складаны вобраз, і я лічу, што да канца ён мне не ўдаўся. Бо, па сцэнарыі, мая гераіня, нягледзячы на ўзрост, пабачыла вельмі шмат - перажыла вайну, - а я не мела дастатковага вопыту зносін з непасрэднымі сведкамі падзей, што адбываліся ў той час на Беларусі. А вось "вясковасць" сыграць было не так цяжка, можа, таму, што з дзяцінства бываю ў вёсцы і вельмі люблю прыроду.

- Трагедыя вашай гераіні ў тым, што яна павінна выбіраць паміж двума каханымі людзьмі: вясковым хлопцам Метыкам і сувораўцам Дзянісам. Каго вы выбралі б у сапраўдным жыцці?

- Думаю, паўтарыла б выбар сваёй гераіні.

- А якім павінен быць ваш выбраннік? Якім вы бачыце свой ідэал мужчыны?

 - Ён павінен быць трошкі... неідэальным! Трошкі... гарэзам...

- А ў вашым характары ёсць нешта падобнае?

- Думаю, што ёсць!..

Антон СІДАРЭНКА

Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА