У паляшуцкай інтэрпрэтацыі

№ 30 (898) 25.07.2009 - 31.07.2009 г

Знаёмства з бягучым рэпертуарам Палескага драматычнага тэатра, што ў Пінску, надзвычай уразіла мяне, падштурхнуўшы да таго, каб падзяліцца пра пастаноўкі, якія давялося паглядзець на сцэне гэтага самага маладога з прафесійных беларускіх тэатраў.

Як зрабіць так, каб чалавек навучыўся любіць чалавека, літаральна ва ўсім "быць, а не здавацца"? Думаецца, пра гэта - спектакль "Фабрычныя дзяўчаты" А.Валодзіна ў рэжысуры Зінаіды Пасюцінай. На сцэне - часіны франтальнага шэсця па краіне марксісцка-камуністычнай ідэалогіі ды маралі, калі "ўвесь свет насілля" насіллем жа і разбураўся. І як жа эмацыйна, пачуццёва выказвае свой пратэст супраць штучнасці і хлусні маладая душа!.. Прырода Жэнькі Шульжэнка ў выкананні Алены Андрэевай- эпатажная і палкая. Гераіня - свабодная і палётная, на фальш рэагуе дзёрзкасцю і не жадае верыць у прыдуманыя ідэі і пустыя дэкларацыі. Не хоча прыпадабняцца "правільных" камсамольцаў кшталту Юры (Андрэй Дзмітрычэнка), які спачатку нясмела і трапятліва прызнаецца ў каханні да Лёлі (Вольга Ермалаева) і марыць аб стварэнні з ёй сям'і, але калі чуе ад дзяўчыны пра пазашлюбнае дзіця, бы хамелеон, змяняе "афарбоўку", абвінавачваючы яе ажно ў падкопах пад светлую будучыню грамадства. У спектаклі ўдала перададзены дух часу. Яркія, пераканаўчыя, цэласныя вобразы стварылі Юлія Брылёва (Надзюша), Антаніна Рокало (Ірына), Наталля Гусак (Ганна Пятроўна), як майстар эпізоду паказаў сябе ветэран сцэны Аляксандр Белавус. Разважаючы над спектаклем "Навальніца" А.Астроўскага ў рэжысуры Івана Базана, магу без перабольшвання сказаць, што сам твор гэты ва ўсе часы актуальны на тэатральнай сцэне роўна настолькі, наколькі актуальны, непаўторны і непрадказальны сам чалавек, бо менавіта ў ім - галоўны інтарэс і крыніца натхнення для мастака. І тут у цэнтры спектакля - унікальная асоба Кацярыны, чыйго з'яўлення на сцэне проста чакаеш. Вось яна выходзіць з паўзмроку сцэны, і мяккае святло дабрыні рассцілаецца навокал. Адразу ж прыгадваюцца радкі: "Есть женщины, похожие на пламя - на чуть заметный огонек свечи. Они по жизни ходят рядом с нами, небрежным словом их не погаси". Ролю Кацярыны выконвае актрыса Вольга Ермалаева, дзякуючы якой перад намі паўстае простая, бескарыслівая, добрая, чыстая і спакойная маладая жанчына без прэтэнзіі на вядучае месца ў сям'і Кабанавых. І як жа няпроста ёй несці свой крыж пакорлівасці пад спапяляючым цяжарамсамадурства Кабаніхі, якая ў сваім самым нізкім выглядзе ўвасабляе дамастроеўскі лад! Вобраз яе моцна, буйна, да агіды негатыўна стварыла цудоўная актрыса Наталля Гусак. І, магчыма, нават з гэтым самадурствам магла б змірыцца Кацярына, калі б не каханне, што запаліла яе сэрца яркім святлом да слабага духам Барыса. Але ж ці сапраўды гэта было каханне, а не адзін з відаў дамастроеўскага флірту? Хочацца пажадаць актрысе не спыняцца на спасціжэнні ўсёй глыбіні характару сваёй гераіні, каб гледачоў уражвала не яе жахлівая смерць у віры Волгі, а- прыгажосць унутранага свету, яе гармонія і вогненнасць, смеласць і моц душы, здольнай да сапраўднага кахання і самаахвярнасці. Хочацца адзначыць у спектаклі цікавыя акцёрскія работы. Дакладнымі і ярка абмаляванымі штрыхамі стварае вобраз Ціхана Сяргей Серада. Мягкацелым і бесхарактарным заложнікам абставін паўстае Барыс у выкананні Паўла Рыжова. Шчыры і абаяльны хлопец, здольны падтрымаць свайго сябра, - Кудраш (Андрэй Дзмітрычэнка), а побач з ім - узнёслы летуценнік, мудры вясковы інтэлігент Кулібін (Аляксандр Белавус), які і пакідае нам веру ў светлы розум чалавецтва. Спектакль "Царэўна-лягушка" ў пастаноўцы маладога акцёра і рэжысёра Паўла Марыніча атрымаўся на дзіва ансамблевым. Кожны акцёрскі вобраз стаўся яркім, самабытным і, у той жа час, арганічна ўпісаным у агульную канву сцэнічнай дзеі. Асабліва каларытнай атрымалася Папоўна ў выкананні Юліі Брылёвай. Дынамізм спектакля і рэжысёрская вынаходлівасць захапляюць настолькі, што яго з задавальненнем, затаіўшы дыханне, глядзяць дзеці і падлеткі. Увогуле, рэпертуарная афіша Палескага драматычнага тэатра падобраму ўражвае сваёй разнапланавасцю і глыбінёй: тут можна ўбачыць такія спектаклі, як "Гаральд і Мод", "Кармэн", і шмат іншых назваў. І гэта сведчыць пра высокі густ яго кіраўніцтва і глыбіню тых праблем, да якіх звяртаюцца акцёры і рэжысёры, а разам з імі - і звычайныя гледачы.

Святлана ЯФРЭМАВА, рэжысёр дзіцяча-юначага ўзорнага тэатра "Маяк" Дзяржынск